214 гады таму каля Пружанаў нарадзіўся Ле́ан Зянко́віч — паэт, публіцыст, мэмуарыст

214 гады таму каля Пружанаў нарадзіўся Ле́ан Зянко́віч — паэт, публіцыст, мэмуарыст

Ле́ан Зянко́віч (па-польску: Leon Zienkowicz; 11 красавіка 1808, маёнтак Ляхі каля Пружаны — 12 сьнежня 1870) — паэт, публіцыст, мэмуарыст. Называў сябе палешуком, аднак пісаў на польскай мове.

Жыцьцяпіс

Нарадзіўся ў сям’і дробнага шляхціча. Навучаўся ў Сьвіслацкай гімназіі, Варшаўскім унівэрсытэце, быў сябрам таемных вучнёўскіх таварыстваў.

Падчас паўстаньня 1830—1831 рокаў — ад’ютант камандзіра ганаровай аховы кіраўніка паўстаньня, пасьля паручнік 9-га ўланскага палку, удзельнік баявых дзеяньняў супраць рэгулярнага расейскага войска. Пасьля паразы паўстаньня адмовіўся прысягаць расейскаму імпэратару Мікалаю I і эміграваў у Францыю.

У 1833 стаў адным з арганізатараў паўстанцкіх атрадаў з былых інсургентаў у эміграцыі з мэтаю аднаўленьня ўзброенае барацьбы супраць Расеі за незалежнасьць Рэчы Паспалітае. Аднак спроба такім чынам вярнуцца на радзіму ня мела посьпеху. Пасьля гэтага Леан Зянковіч пасяліўся ў Кракаве і ўзяў удзел у стварэньні таемнае арганізацыі «Саюз польскага народу» (1835).

У 1837 року далучыўся да эмігранцкага Польскага дэмакратычнага таварыства ў Францыі, якое ўзначальваў адзін з былых кіраўнікоў паўстаньня Адам Чартарыйскі. Як прадстаўнік арганізацыі, Зянковіч таемна наведваў радзіму, каб наладзіць сувязі з патрыятычнымі сіламі.

Падчас рэвалюцыі 1848—1849 рокаў у Аўстрыйскай імпэрыі выправіўся на Галіччыну, каб удзельнічаць у барацьбе. Пасьля апынуўся ў Кракаве, дзе быў абраны кіраўніком Аддзелу ўнутраных справаў і паліцыі ў мясцовым нацыянальным камітэце — органе рэвалюцыйнай улады ў месьце. Пасьля разгрому рэвалюцыі, як «нядобранадзейная асоба», ня мог знаходзіцца ў Аўстрыі і выехаў у Ангельшчыну. Пасьля на стала асеў у Францыі і Швайцарыі, дзе актыўна займаўся грамадзкай дзейнасьцю.

Творчасьць

У 1830 выдаваў (1—2 нумары разам з Канстанцыям Гашынскім) «Pamiętnik dla Płci Pięknej» (бел. Часопіс для прыгожай паловы), выйшлі 4 нумары.

У 1835 у Кракаве Леан Зянковіч пачаў выдаваць на польскай мове «Powszechny Pamiętnik Nauk i Umiejętności» (бел. Усеагульны часопіс навук і рамёстваў). У 1839—1844 у Парыжы і Страсбургу рэдагаваў сатырычна-палітычны часопіс на польскай мове «Pszonka» (бел. Пшонка), які меў шырокі грамадзкі рэзананс.

Леан Зянковіч — аўтар вершаваных твораў «Узнагарода за нявернасьць», «Роздум», гісторыка-краязнаўчых і літаратурных працаў «Палітычны агляд пісьменства польскай эміграцыі» (1847), «Палітычны агляд пісьменства гісторыі Польскай дзяржавы» (1864—1865, у 4-х т.), «Палітычны агляд гісторыі польскай літаратуры» (1867, у 2-х т.). У працы «Польскі народ, ці Дакладнае апісаньне звычаяў, нораваў, адзеньня яго і да т. п.» (1842) між іншага апісаў побыт палешукоў, да якіх прылічваў і сябе.

Найбольшую вядомасьць атрымаў мэмуарны твор Леана Зянковіча «Вечары ляха зь Ляхоў, ці Гутаркі пры каміне старога польскага літаратара», дзе зьмешчаны ўспаміны пра бацькоў і дзяцінства, вучобу ў Сьвіслачы і Варшаве, разважаньні пра выхаваньне і адукацыю моладзі, пра долю прыгонных, у тым ліку ідэі распрыгонваньня і пашырэньня адукацыі сярод простага люду.

Крыніца: be-tarask.wikipedia.org

 

Новости из этой категории