Памёр краязнаўца, грамадскі дзеяч, былы дырэктар школы ў Пружанах Іван Юльянавіч Здановіч

Памёр краязнаўца, грамадскі дзеяч, былы дырэктар школы ў Пружанах Іван Юльянавіч Здановіч

Івану Юльянавічу Здановічу было 95 гадоў, і ён шмат зрабіў для захавання гістарычнай памяці на Пружаншчыне.

Іван Юльянавіч Здановіч нарадзіўся 4 ліпеня 1926 года ў вёсцы Доўгая на Шчучыншчыне. Пасля заканчэння Лідскага педвучылішча і філфака Гродзенскага педінстытута працаваў у розных школах на Гродзеншчыне і Брэстчыне, выкладаў беларускую мову і літаратуру.

Асноўная частка працоўнай біяграфіі Здановіча звязаная з Пружанамі і Пружанскім раёнам.  У 1964—1966 гадах працаваў у Белаляскоўскай, Шарашоваскай, Хараўской школах. Узначальваў пружанскую школу рабочай моладзі (1966—1974), школу-інтэрнат (1974—1986, з 1986 сярэдняя школа № 4). Падрыхтаваў «Зборнік практыкаванняў па беларускай мове для 4-6 класаў», які тройчы перавыдаваўся (1965, 1969, 1979).

Таксама публікаваў у перыядычным друку артыкулы па беларускай літаратуры, гісторыі, краязнаўстве. У 2004 годзе выдаў кнігу «Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны», а ў 2008 годзе — другую яе частку.

Узначальваў грамадска-культурнае аб’яднанне «Спадчына» (1986—1989). Быў заснавальнікам і першым кіраўніком Пружанскай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны», сябрам БНФ «Адраджэнне».

Разам з іншымі арганізаваў і ўдзельнічаў у пабудове помніка паўстанцам Кастуся Каліноўскага ў Ружанскай пушчы ў 1989 годзе. Арганізаваў аднаўленне помніку ў 2000 годзе і ўрачыстае асвячэнне помніка святарамі праваслаўнай і каталіцкай канфесіяў.

Новости из этой категории