40 гадоў таму, 21 снежня 1981г., памёр славуты ўраджэнец Пружаншчыны Міхаіл Забэйда-Суміцкі

40 гадоў таму, 21 снежня 1981г., памёр славуты ўраджэнец Пружаншчыны Міхаіл Забэйда-Суміцкі
Нядаўняя публікацыя ў часопісе "Полымя" (№ 11 2021 г.):
БЕЛАРУСКІ САЛАВЕЙ
У думках ізноў я спяшу пакланіцца
У край запаветны, ў куточак святы.
Што тут нарадзіўся Забэйда-Суміцкі,
Ля вёсачкі камень гаворыць аб тым.*
Тут пела яму калыханку матуля,
Тут па-беларуску пяюць салаўі.
Дзіцячае сэрца было вельмі чулым, –
Міхаська спяваць навучыўся і ў іх.
Калі дагарэла юнацтва заранка
І сонца вялікае мары ўзышло,
Ад гэтых палеткаў, ад рэчкі Зэльвянка,
Ад Стасі каханай
У свет ён пайшоў.
Там мову сваю беларускую песціў,
Нарoдную песню да неба узнёс.
У песен, што пеў, разнамоўным букеце
Яна прыгажэйшаю краскаю ёсць.
“Зялёны дубок”, “Калыханку матулі”,
“Сватка” і “Лявоніху” ўчуў цэлы свет.
Багата людзей нашы песні кранулі,
І ў памяці добры пакінулі след.
І Шырма, – збіраў нам фальклор, як суніцы, –
Удзячны быў сябру за клопат такі…
Як гожа спявае Забэйда-Суміцкі
Заслухвацца будуць вякі.
*Памятны камень ля вёскі Шэйпічы.
* * *
Замаўкаюць добрыя паэты,
Што маўчаць нядаўна не маглі.
І згараюць, быццам знічкі летам,
Што сябе зусім не бераглі.
Замаўкаюць добрыя паэты.
Ля магілаў іх маўчыць трава.
Хіба можа хто на свеце гэтым
Іх маўчанне золатам назваць?
Замаўкаюць добрыя паэты.
Ды не раз памогуць нам яшчэ
Іх перасцярогі-запаветы,
Словы, што за золата важчэй...
ПА ХЛЕБ
І я чаргу па хлеб успомніў.
Сямідзесятыя гады.
Ля магазіна
ў панскім доме
Былым
Стары і малады
Машыну хлебную чакалі.
І я з авоськай сярод іх
Стаяў малы.
– Вязуць! – гукалі.
І быў шчаслівы гэты міг.
Было ж не соладка аднак мне
Ў чарзе з дарослымі тады.
Вось дзе з вяскоўцамі “яднанне”
Спазнаў, –
Цяпер займае дых!
Казала гучна прадаўшчыца:
– Па дзве баханкі сёння ўсім! –
І тут, хітрун, як не лаўчыся, –
Не купіш больш – і не прасі!
Калі з палёгкай уздыхнуўшы,
Хутчэй дахаты шыбаваў
Я, ад баханкі адшчыпнуўшы,
Нібы прысмакі, хлеб жаваў...
І зараз я пад родным небам
Шмат прыгадаць чаго магу,
А як стаяў калісь па хлеб я,
Успомню ў першую чаргу.
С. Валодзька
 
 
 

Новости из этой категории