Рэпартаж Радыё Рацыя: У Юндзілах Пружанскага раёна за Лукашэнку галасаваць не будуць

Рэпартаж Радыё Рацыя: У Юндзілах Пружанскага раёна за Лукашэнку галасаваць не будуць

У Юндзілах за Лукашэнку галасаваць не будуць

Вёска Юндзілы Пружанскага раёна памірае, як і ўсе астатнія вёскі Беларусі. Цэнтральная вуліца імя Кірава даволі доўгая, але на ёй шмат пустых хат, якія нагадваюць, што тут некалі жылі людзі, а цяпер пустыя хаты нікому не патрэбныя. Калі ў 1999 годзе ў Юндзілах пражывалі амаль 400 вяскоўцаў, то сёлета з дзвюх вёсак – Кавалі і Юндзілы – на выбарчы ўчастак па спіску павінны прыйсці галасаваць 260 чалавек. Кавалі і Юндзілі – вёскі-суседкі, паміж імі знаходзіцца вясковая крама “Каласок”, куды прыязджаюць вяскоўцы па хлеб, віно, цыгарэты…

 

Недалёка ад “Каласка” пашанцавала пагутарыць з вяскоўцамі. З незнаёмымі людзьмі яны гутараць з прыемнасцю, шчыра распавядаюць пра сваё жыццё-быццё ў вёсцы. Па словах вяскоўцаў, усё што было гадоў дваццаць таму, знішчана, калгас амаль не існуе, працы няма. Таму многія вяскоўцы ездзяць на працу ў Ружаны, а гэта 16 кіламетраў ад Юндзілаў. “Як паедзем у сем раніцы, дык вяртаемся дамоў у 19. Ды і там заробкі толькі па 500-600 рублёў”, – кажуць мясцовыя мужыкі. Калі б не трымалі дома хатнюю жыўнасць, то не пражылі б.

Некалі ў Юндзілах быў добры клуб, нядаўна яго закапалі ў яму, як і закопваюць пустыя, нікому не патрэбныя хаты. “Сумна ў Юндзілах”, – кажуць вяскоўцы. “Чаму сумна? – пытаюся. – Хутка выбары. Цікава, а за каго жыхары Юндзілаў і Кавалёў будуць галасаваць?”. Калі раней вяскоўцы дружна адказвалі, што будуць галасаваць за Лукашэнку, то цяпер мужчыны і жанчыны, з кім удалося пагутарыць, толькі ўсміхнуліся. Адны сказалі, што за Лукашэнку ўжо галасаваць не будуць, іншыя прызналіся, што пакуль гэта тайна і яны не вызначыліся са сваім кандыдатам. Але па тварах гэтых людзей, якія яшчэ не вызначыліся, было бачна, што Лукашэнка ў той спіс не ўваходзіць. Жыхар вёскі Юндзілы 55-гадовы Аляксандр сказаў, што ён уваходзіць у камісію на сваім выбарчым участку і паабяцаў, што падлік галасоў будзе адбывацца шчыра.

За вуліцай Кірава бачна здалёк царква са званіцай. А яшчэ Юндзілы ганарацца тым, што ў вёсцы захоўваецца каменьследавік, які цікавіць многіх археолагаў і гісторыкаў.

Ужо цяпер жыхары Юндзілаў рыхтуюцца да зімы. Яны нарыхтоўваюць дровы. Іх шмат насечаных ляжыць каля хат. Калі едзеш ці ідзеш па Юндзілах, то горы такіх дроў прыцягваюць вочы здалёк. Лета хутка праляціць і дровы падрыхтаваныя загадзя, будуць дарэчы. У палітыцы сёння неразбярыха, ды калі ў людзей сёння сумна і холадна на душы ад розных праблем, то гэтыя дровы хутка затрашчаць у печах жыхароў Юндзілаў, і нагрэюць іх хаты цяплом, і падораць надзею на лепшы заўтрашні дзень.

Крыніца і шмат фота тут: https://www.racyja.com/hramadstva/u-yundzilakh-za-lukashenku-galasavats-ne/

 

Новости из этой категории