Прамова біскупа Велікасельца(родам з Пружаншчыны):Няхай не пагасне праўда ў нашым грамадстве

Прамова біскупа Велікасельца(родам з Пружаншчыны):Няхай не пагасне праўда ў нашым грамадстве

Няхай не пагасне праўда ў нашым грамадстве, няхай яно ідзе за Хрыстом, заклікаў каталіцкі іерарх у пасланні на Вялікдзень.

Апостальскі Адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец звярнуўся з пастырскім пасланнем на Вялікдзень, які католікі адзначаць 4 красавіка.

Вялікдзень для вернікаў — гэта гарантыя ўваскрэсення да новага жыцця ў міры, справядлівасці і бясконцай славе, адзначае іерарх:

— Уваскрэсенне Езуса адкрывае нам, што цялесная смерць — гэта яшчэ не канец. Таму адзінае, што нас павінна хваляваць, гэта каб мы не апынуліся ў стане духоўнай смерці. Смерць у такім сэнсе азначае жыццё, аддаленае ад Бога. Духоўная смерць пачынаецца з цяжкога граху — свядомага, дабравольнага і прамога парушэння Божых запаведзяў. Цялесная смерць — гэта толькі брама, за якой ідзе працяг таго, што мы абралі на зямлі. Уваскрэснуць з мёртвых азначае выбраць Божы спосаб жыцця, які пачынаецца праз жыццё ў Божай ласцы.

Радасная навіна аб уваскрэсенні Езуса заключаецца ў тым, што мы ўжо тут, на зямлі, удзельнічаем у вечным жыцці, нагадаў біскуп Велікаселец. Таксама ён падкрэсліў, што ўжо больш як год людзі свету перажываюць роспач і няўпэўненасць у сваёй будучыні:

— Пандэмія каранавіруса яшчэ раз паказала, якое крохкае існаванне чалавека нават у эпоху сучасных тэхналогій. Нябачны воку вірус уціхамірвае людскую пыху. Гэты вірус прынёс бяду ў нашыя дамы і на нашыя вуліцы. Нам можа здавацца, што Бог маўчыць, пакуль цярпяць невінаватыя. Хрыстос вучыць нас з годнасцю пераносіць цярпенне, і Ён неабыякавы да нашых жыццёвых клопатаў.

Пустая магіла, у якую паклалі цела Езуса, сімвалізуе мост, які пабудаваў Хрыстос, — мост паміж смерцю і жыццём, паміж роспаччу і надзеяй.

Там, дзе ёсць падзелы, мы можам быць творцамі гармоніі, прабачэння і паяднання. Праз гэта мы будзем сведчыць пра надзею ўваскрэсення і любоў Хрыста да кожнага чалавека не толькі на словах, але і праз учынкі, падкрэсліў іерарх.

Ён асабліва заклікаў «бескарысліва дапамагаць тым у нашай светлай Бацькаўшчыне, хто цяпер прыгнечаны жыццёвымі абставінамі і не можа або саромеецца папрасіць аб дапамозе»:

— Што б ні адбывалася вакол нас, не бойцеся чыніць дабро.

Біскуп Велікаселец адзначае, што сёлета не ў кожнай сям’і велікодная радасць будзе поўнай:

— Горача прашу Бога, каб Ён у сваёй міласэрнасці дапамог усім нам — пастырам і вернікам — супрацьстаяць выклікам нашага часу. Кожная цемра змяняецца святлом. Разам з вамі малюся аб гэтым святле. Беларуская паэтэса Ларыса Геніюш у адным са сваіх вершаў напісала: «Хрыстос уваскрос з крыві і болю, каб светач праўды не пагас». Няхай не пагасне праўда ў нашым грамадстве, няхай яно ідзе за Хрыстом, бо Ён — «дарога і праўда і жыццё».

 

Новости из этой категории