З'явіўся твор «Тайная вячэра» пра падпісанне Белавежскіх пагадненняў у Віскулях Пружанскага раёна

З'явіўся твор «Тайная вячэра» пра падпісанне Белавежскіх пагадненняў у Віскулях Пружанскага раёна
Менскі мастак Аляксей Панцюк-Жукоўскі напісаў дыптых, прысьвечаны пераломнаму моманту беларускай гісторыі — падпісаньню Белавескіх пагадненьняў, якія прывялі да незалежнасьці былых савецкіх рэспублік.

Першая праца — «Тайная вячэра» — факталягічная: 8 сьнежня 1991 году ў рэзыдэнцыі Віскулі першыя асобы і кіраўнікі ўрадаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны дамаўляюцца пра стварэньне Садружнасьці незалежных дзяржаў, тым самым ставячы крыж на існаваньні Савецкага Саюзу.

 

Другая — «Шлях да адраджэньня» — сымбалічная: Станіслаў Шушкевіч, Барыс Ельцын і Леанід Краўчук «рассоўваюць» жалезную заслону СССР і рушаць у вольную будучыню. На абедзьвюх карцінах лідэры з нацыянальнай сымболікай: бел-чырвона-белы сьцяг беларусаў, расейскі трыкалёр і жоўта-блакітны ўкраінцаў.

«Каб Гарбачоў быў сьмялейшы, з Віскулёў усе паехалі б на Калыму»

Аляксей Панцюк-Жукоўскі расказаў Свабодзе, што задума адлюстраваць падзею нарадзілася падчас 25-гадовага юбілею Белавескіх пагадненьняў. Але творчы працэс аказаўся больш працяглым, чым ён меркаваў.

 Аляксей Панцюк-Жукоўскі

«Як адлюстраваць пераход ад савецкага ладу да незалежнасьці рэспублік? Відавочна, праз тры гістарычныя постаці. Пачаў думаць над кампазыцыяй, падняў тагачасныя здымкі. За белым сталом — Ельцын, Шушкевіч, Краўчук з прэм’ерамі, падпісваюць дакумэнты.

Ведаеце, я па-новаму ўразіўся! Калі ў 1991-м успрымалася збольшага як фармальная хроніка, з вышыні дня сёньняшняга выглядае зусім інакш. Бо, каб у Гарбачова было крыху больш сілы волі і сьмеласьці, ён мог бы кінуць у Віскулі сваіх кадэбістаў, і падпісантаў адправілі б на Калыму».

Суразмоўца паўжартам наракае, што ў Віскулі не запрасілі мастакоў, каб зафіксаваць важнасьць моманту. А таму даводзіцца карыстацца фатафактамі з той падзеі. Ягоная карціна стала творчым пераасэнсаваньнем дзясяткаў здымкаў. Апрача асноўных фігурантаў Белавескіх пагадненьняў на карціне можна пазнаць Пятра Краўчанку, Міхаіла Мясьніковіча, Ягора Гайдара.

«Шлях да адраджэньня»: вырвацца з абдымкаў Савецкага Саюзу

«Пішацца ня проста «здымак», трэба стварыць псыхалягічны вобраз галоўных асобаў: як Ельцын вызначаецца ў свой момант ісьціны; пра што думае Шушкевіч падчас падпісаньня; чым занятая галава Краўчука.

Адказнасьць жа велізарная! Пастаў подпіс — і ўсё памяняецца, дарогі назад няма. Як суіснаваць далей, калі пачнуць дзейнічаць свае законы, наноў наладжваць эканамічныя, палітычныя стасункі. Процьма пытаньняў! Гэта як дзіця ўпершыню без бацькоў ступае за парог хаты. Поўная нявызначанасьць!», — кажа мастак.

Лідэры, якія зьмянілі ход гісторыі, адышлі ад палітычных спраў, а Барыс Ельцын — і з жыцьця, нагадвае Аляксей Панцюк-Жукоўскі. Расея пасьпела разьвязаць вайну ва Ўкраіне, Беларусь балянсуе паміж усходам і захадам. Хіба ў Кіеве ня ставіцца пад сумнеў важнасьць Белавескіх пагадненьняў: у Менску настальгуюць па «часах савецкага парадку», у Маскве ўсё больш навязьлівая ідэя вярнуць «спакон рускія землі».

 

Момант падпісаньня Белавескіх пагадненьняў

«Калі разглядаць з палітычнага гледзішча, развал СССР адбыўся ня з нашага боку і не з украінскага, — кажа мастак. — Ініцыятыва зыходзіла ад Масквы. Але парадокс: хто сёньня Ельцын для Расеі — герой або не? Па-сутнасьці, ён разбурыў тое, што зьбіралася да кучы царамі.

Тая ж Кацярына далучыла да імпэрыі землі Беларусі і Ўкраіны, Крым. Немка стала „зьбіральніцай зямель рускіх“. Ленін таксама па-свойму вырашыў нацыянальнае пытаньне: утварыў рэспублікі, якія сталі асобнымі адзінкамі пад кантролем Расеі. А Ельцын? Зрабіў дэмакратычны ход — усё раздаў».

«Учорашнія камуністы паўсталі супраць партыйных устояў»

Чаму адну з карцін дыптыху пра Белавескія пагадненьні мастак назваў «Тайная вячэра»? І як зь вядомым біблейскім сюжэтам стасуюцца камуністычныя лёзунгі наверсе — «Слава КПСС!», «Слава працы!»

Аляксей Панцюк-Жукоўскі зь «ліквідатарамі» СССР

«Пагадненьне падпісвалася таемна ад дзевяці астатніх рэспублік (Прыбалтыка вызвалілася раней), — гаворыць аўтар. — Тры палітыкі, па сутнасьці, уступілі ў змову. Але ціснула нават ня гэта.

Усе яны — учорашнія камуністы. Вырасьлі ў той сыстэме, сталі палітыкамі, узначалілі рэспублікі. І вось гэтыя людзі, узгадаваныя ў СССР, дзе чалавек чалавеку „друг, товарищ и брат“, а лёзунгі ўслаўлялі „мир, труд, май“ і КПСС, паўсталі супраць асноў! Палічылі, што надышоў час будаваць незалежныя дзяржавы. Зрабілі прынцыпова новую гісторыю».

Як будуць сумяшчацца дзьве працы, розныя жанрам? Папраўдзе, паставіць іх побач у майстэрні так і не атрымалася — не дазваляюць памеры.

«Добра будуць сумяшчацца, — усьміхаецца мастак. — Ня будуць адна адну ні шчыміць, ні засланяць. Спадзяюся, глядач таксама ўбачыць менавіта „Тайную вячэру“, падчас якой падпісваюцца дакумэнты аб канцы дзяржавы СССР.

Ну а другая — ужо вынік дамовы: Ельцын, Шушкевіч і Краўчук выходзяць праз жалезныя дзьверы СССР у новы сьвет. Безумоўна, у гэтым выпадку іншае вырашэньне, але сутнасна яны пра адно. Цяпер працую над „вячэрай“, у другую час ад часу ўношу карэктывы. Ясна, зручней, гледзячы на адну, выхапіць хібы на іншай. Але як ёсьць».

«За 25 гадоў сувэрэнітэту ўсё зьмянілася ў лепшы бок»

Якім бачыць аўтар выставачнае жыцьцё свайго дыптыху? Як паказвае практыка, дзяржаўныя музэйныя ўстановы і нават прыватныя галерэі досыць насьцярожана ставяцца да спробы палітызацыі сюжэту — і калі ёсьць нацыянальная сымболіка, і калі фігуруюць дзяржаўныя асобы.

«Асьцерагаюцца, бо кіраўнікі музэяў працуюць за грошы дзяржавы. Але як толькі ўлада дасьць дабро, усё зробяць. Калі скончу да лета — плюс тры незавершаныя партрэты і некалькі пэйзажаў — буду прасіць дырэкцыю Нацыянальнага мастацкага музэю, каб далі дазвол паказаць мае творы.

Сёньня народ бачыць толькі абстрактнае мастацтва, якое не нясе ні тэмы, ні вобразу — папросту адвыклі ад фігуратыўных кампазыцый. Таму глядач будзе. Спадзяюся, улады са мной пагодзяцца і дапамогуць. Трэба толькі зрабіць на ўзроўні, каб годна прэзэнтаваць. Над чым сёньня і працую».

Партрэты Максіма Багдановіча і Васіля Быкава, аўтар Аляксей Панцюк-Жукоўскі

«Каталёнцы, шатляндцы, палестынцы, курды — усе прагнуць свабоды, — кажа аўтар.— А што мы? Саюз даў нам рэспубліку, палічылі, што ўжо някепска. Можа, пакрыўджу, але па сутнасьці мы не барацьбіты. За вякі каляніяльнага прыгнёту беларус зрабіўся памяркоўным рабом, забыў гісторыю, мову. Працаваць — і ня болей.

Але, насуперак усяму, з развалам СССР у нас адбылася незалежная краіна. Добра гэта? Калі зірнуць навокал і параўнаць — мабыць, нядрэнна. Больш чым за 25 гадоў сувэрэнітэту ўсё зьмянілася ў лепшы бок! Крутыя машыны, поўныя крамы, адкрытыя межы — усё для людзей».

«Лукашэнкі» пакуль не прадаюцца, чакаю свайго мэцэната»

Аляксей Панцюк-Жукоўскі — мастак рознапрофільны. У ягоным здабытку партрэты Максіма Багдановіча, Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, Уладзімера Мулявіна, іншых знаных дзеячоў. Летась з працай «Яны стварылі Беларусь» браў удзел у выставе да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР: пад бел-чырвона-белым сьцягам і «Пагоняй» — усе айцы-заснавальнікі.

Аўтар і заснавальнікі БНР

Году малой радзімы і землякам-палешукам прысьвяціў трыптых «Беларуская калыханка», дзе сумясьціў вобразы продкаў-ваяроў пад нацыянальнымі сымбалямі і народнага павадыра — «Ноя»-гусьляра. Простыя беларусы ў творчасьці мастака займаюць асаблівае месца.

Бакавыя часткі трыптыху «Беларуская калыханка»

Крыху раней апынуўся ў прыцэле ўвагі з карцінай «Мая Беларусь. На скрыжаваньні стагодзьдзяў». Шлях беларускай дзяржаўнасьці ён паказаў праз асобаў, якія, на яго погляд, зрабілі найбольшы ўнёсак на розных гістарычных этапах: першы кіраўнік ВКЛ Міндоўг, партыйны дзеяч Пётра Машэраў і цяперашні кіраўнік Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем.

Камісія ў складзе кіраўнікоў сэкцый Беларускага саюзу мастакоў не дала дабро на публічны паказ твора, спаслаўшыся на адсутнасьць афіцыйнага дазволу на адлюстраваньне вобразу Лукашэнкі. Таксама былі прэтэнзіі на неадпаведнасьць свайму часу латаў Міндоўга і сьцяга ў партызанаў Машэрава. У канцы мінулага году ягоную майстэрню сябры камісіі наведалі самі — шукалі, што можна купіць. Цікаўлюся, на Лукашэнкаў не «замахваліся»?

Трыптых «Беларусь. На скрыжаваньні стагодзьдзяў»

«Не, карціна ў мяне, удасканальваю: шкада казённых грошай, баюся, яшчэ збанкрутуе дзяржава ад маіх твораў, — сьмяецца Панцюк-Жукоўскі. — Чакаю мэцэната, якому мае працы былі б цікавыя, каб ён захацеў іх купіць і распараджацца на ўласнае бачаньне: ці падарыць музэю, ці стварыць культурны цэнтар свайго імя.

Ёсьць такія людзі і ў наш час, проста яшчэ не напалі на мой сьлед. Я сам не багаты чалавек, каб зрабіць нешта падобнае: у мяне няма сродкаў арганізаваць культурна-мастацкі цэнтар. А ў некага такіх рэсурсаў дастаткова».

Аляксей Панцюк-Жукоўскі

 

нарадзіўся ў 1953 годзе ў вёсцы Бабунічы Петрыкаўскага раёну Гомельшчыны. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, ад 1988 году — сябра Саюзу мастакоў Беларусі. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу: натурморт, пэйзаж, партрэт, станковая фігуратыўная карціна. Больш за 30 гадоў выкладае малюнак, жывапіс і кампазыцыю ў гімназіі-каледжы імя Ахрэмчыка.

Крыніца: Радыё Свабода

Новости из этой категории