З Днём Роднай Мовы!

З Днём Роднай Мовы!

Піша настаўнік і гулец тэлевізійнай версіі гульні "Што? Дзе? Калі?" Сяргей Дубялевіч:

Вялікая дзяржава – Вялікая ідэя.
I ўсё ж, таварыш мой,
Мазгамі шавяльні:
Каля агню братэрства
Растуць і ліхадзеі
I расьцьвітае
Вялікадзяржаўны шавінізм.

Малыя народы –
Як грошы разьменныя ў касах.
На бронзавых конях
Усюды сядзяць палкаводцы:
То пакарэньне Каўказа,
То высяленьне Каўказа,
То Беластоцкая вобласьць,
То ваяводства.

Якія б войны
У нас ні перакатваліся,
I як бы акупанты
Ні дратавалі зямлю,
Рана ці позна
Народы распраўляліся з катамі,
I зноў аралі і сеялі,
I гаварылі: «Люблю».

Пахлі нашы пожні
Мятаю і рутаю,
А цяпер
Пасьля аграхімічных праполак
Пахне глеба гербіцыдамі,
А вада атрутаю.
У рацэ – ні плотак, ні язёў,
Ні ў жыце перапёлак.

А нашы псэўдаасьветнікі,
Сабраныя на канцылярскіх сьметніках,
Магутныя бюракраты
Уласным сьцьверджаньням рады:
«Гаворыш па-руску ––
Інтэрнацыяналіст;
Гаворыш па-беларуску –
Нацыяналіст,
Вучы дзяцей французскай,
Ангельскай, эсперанта,
Але не беларускай...» –
Палохаюць піраты.
I адвучылі
Дзяцей і бацькоў,
I адлучылі
Ад родных народных слоў.

Вучоны невук
Ці дурнаваты крытык,
Якія паэзію
Не разумеюць і не адчуваюць,
То ў жанры даносу,
То пагардліва адкрыта
Мяне з году ў год
Ушчуваюць:

«Каму патрэбна
Тваіх маніфэстаў рыторыка?
Трэба пра шчасьце пісаць
I далі прасторныя».
А я журуся: Мала ў Беларусі
Разумных гісторыкаў,
Якія любяць і ведаюць
Родную гісторыю.

Закрэсьлілі б невукі
Мары усе залатыя:
«Зьнікае ўсё:
I вучэньні, і мовы, і веры.
Сёньня Рым размаўляе
Не на латыні,
А Афіны гавораць
Не на мове Гамера».

Мы спазьніліся
На сотні, напэўна, гадоў,
А можа,
На цэлае тысячагоддзе.
Мы забылі пра вольнасьць
Старажытных сваіх гарадоў.
Наш цягнік адышоў.
Зьнікла родная мова
Ў народзе.

У кожнага ёсьць
Свае рэкі –
Ці Дняпро, ці Нёман,
Ціхі Дон, ці раз'юшаны Енісей.
У сваіх парадзелых лясах
Я не чую
Ўсхвалёваны гоман,
А рака памутнелага часу
Нас нясе, і нясе, і нясе...

Пастаю я самотна
Каля полацкай белай Сафіі,
Паблукаю ў Гародні,
Пажуруся ў турава-пінскім Палесьсі,
А вочы мае ўжо не плачуць –
Сухія-сухія:
Не чутно мне з былога
Ні грому,
Ні звону,
Адны толькі казкі
Ды песьні...

Родны Янка Купала,
Вы пісалі:
«Я веру – настане...»
Дарагі мой Іван Дамінікавіч,
Не, не настане!
Гэта ўжо не сьвітаньне,
Гэта наша настала зьмярканьне,
Гэта з мовай маёй,
Гэта зь песьняй маёй
Разьвітаньне.


Аўтар — класiк беларускай лiтаратуры Пiмен Панчанка, год —1988. Пэўны час гэты верш уваходзiў у школьную праграму прынамсi для дадатковага чытання: дакладна памятаю, что знаёмы з iм менавiта дзякуючы школьнай хрэстаматыi i што мяне 16-гадовага ён вельмi ўразiў.
Разам з тым, i ў 2002, i, падазрую, у 1988 годзе рэальная сiтуацыя з беларускай мовай у грамадстве была нашмат лепш, чым зараз. Калi ня тое што большая, а пераважна большая частка школьнiкаў ня здольная свабодна размаўляць. Калi ў большасцi школ пра мову па-за ўрокамi прыгадваюць раз на год, на працягу штучнага «прадметнага тыдня». Калi ў СМI дазваляюць сабе ўжываць словазлучэнне «беларуская мова» (часцей проста «мова») ў рускiм тэксце, у iранiчна-здзеклiвым тоне. Калi мова , беларуская мова ў Беларусi можа стаць прычынай затрымання i гвалту, i павышанай «увагi» пры гвалце.

Нямодна? Непрактычна? Небяспечна? Але ж трэба. Пакуль будуць тыя, хто любiць мову, валодае ёй i ўласным прыкладам стымулюе iншых — будзе i мова. I развiтанне будзе адкладвацца.

Са святам, сябры!
 

 

Новости из этой категории