Верасень у Палацыку — пад знакам Скарыны

Верасень у Палацыку — пад знакам Скарыны

Сёлета мы адзначаем 500 гадоў беларускаму кнігадруку. Паўтысячагодзьдзя таму ў Празе пабачыла сьвет першая, аддрукаваная беларусам Францішкам Скарынам, усходнеславянская кніга — «Псалтыр» — мовай, набліжанай да тагачаснай беларускай. Агулам у Празе і Вільні наш першадрукар выдаў 45 кніг Бібліі.

Заснаваньне беларускага кнігадрукаваньня стала вяршыняй духоўнай дзейнасьці Францішка Скарыны. Ягоныя кнігі зрабілі вялікі ўплыў на разьвіцьцё духоўнай культуры Беларусі і Ўкраіны, стымулявалі ўзьнікненьне кнігадрукаваньня ў Маскоўскай дзяржаве, пашыраліся ў шматлікіх рукапісных копіях.

Францішак Скарына лічыцца адным з найбольш выдатных гістарычных дзеячоў Беларусі. Ягоная спадчына пачынае шырока вывучацца з XVII стагодзьдзя, але асаблівы ўсплёск скарыназнаўства атрымала ў сувязі з сьвяткаваньнем 400-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня, якое ў БССР адзначалі ў 1925 годзе. Шматлікія мерапрыемствы праводзіліся і да 500-гадовага юбілею з дня нараджэньня Скарыны ў 1990 годзе. Шырокая дасьледчая і культурніцкая праца адбываецца і дагэтуль — шмат якія эпізоды жыцьця і дзейнасьці беларускага першадрукара яшчэ ня высьветленыя.

У гонар юбілею кнігадрукаваньня Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» стартавалі кампанію пад назвай «Пяцісотгоднасць», першай падзеяй якой стала прэзэнтацыя новага беларускага перакладу Новага Запавету. У наш час існуюць 3 поўныя пераклады Бібліі беларускай мовай і каля 10 перакладаў Новага Запавету.

На выставе «Пяцісотгоднасьць» прадстаўленыя мастацкія творы розных часоў, прысьвечаныя Францішку Скарыну, значыкі, маркі, капэрты, паштоўкі, манэты, якія выдаваліся да вышэй пералічаных юбілеяў, з калекцыяў пружанскіх калекцыянэраў. Асобную выставу складаюць беларускія пераклады кніг Бібліі, «каб быў Божы чалавек дасканалы і да ўсялякай добрай справы гатовы».


Сардэчна запрашаем наведаць нашу выставу!

Музэй-сядзіба Пружанскі палацык (вул. Савецкая, 50; 225133 Пружаны)

Крыніца: https://www.facebook.com/pruzhanypalacyk/

Новости из этой категории

0 Комментариев