Сёння — 10 гадоў, як памёр кардынал Казімер Сьвёнтак, які таксама служыў вернікам у Пружанах

Сёння — 10 гадоў, як памёр кардынал Казімер Сьвёнтак, які таксама служыў вернікам у Пружанах

Казіме́р Сьвё́нтак (21 кастрычніка 1914, Вальк — 21 ліпеня 2011, Пінск) — кардынал, арцыбіскуп-мітрапаліт Менска-Магілёўскі, апостальскі адміністратар Пінскае дыяцэзіі, старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

Біяграфія

Нарадзіўся ў польскай сям’і ў мястэчку Вальк (цяпер Валга ў Эстоніі), меншая частка якога — Валка — з 1920 году знаходзіцца ў Латвіі). У якой частцы мястэчка жыла радзіна Сьвёнткаў — выявіць не ўдалося. Меў таксама старэйшага на два гады брата Эдварда. Яго маці — Вэраніка з Крамплеўскіх — паходзіла з Браслаўшчыны, з парафіі Салокі каля Дукштаў, зь мясцовай зьбяднелай шляхты, якая ў пошуках лепшага жыцьця пакінула родныя мясьціны для працы на чыгунцы ў Вальку. Ягоны бацька Ян Сьвёнтак паходзіў зь Піньчава. Ён ня змог цешыцца з нараджэньня сына Казімера, бо з пачаткам Першай сусьветнай вайны быў мабілізаваны ў расейскае войска. Дзеля адсутнасьці на той час касьцёлу ў Вальку, родны брат маці Казімер Крамплеўскі павёз свайго пляменьніка хрысьціць у Рыгу. Там, у касьцёле Маці Божай Балеснай, Казімер Сьвёнтак быў ахрышчаны 2 лістапада 1914 году (паводле старога стылю). Пасьля захопу ўлады ў Расеі бальшавікамі, у канцы 1917 або на пачатку 1918 году, Вэроніка Сьвёнтак з малалетнімі сынамі Эдвардам і Казімерам разам з сем’ямі свайго бацькі і брата Казімера Крамплеўскіх, якія працавалі на чыгунцы, вымушаныя былі ў пошуках лепшых варункаў жыцьця выехаць спачатку на Ўкраіну, а адтуль ў Сыбір, у ваколіцы Томску. Бацька загінуў у 20 красавіка 1919 году ў баях за Вільню, ваюючы ў легіёнах Пілсудзкага супраць бальшавікоў. Быў пахаваны ў Вільні на Росах на вайсковых могілках.

Па сканчэньні вайны і пасьля падпісаньня Рыскай мірнай дамовы, з траўня 1921 году сям’я Сьвёнткаў і Крамплеўскіх пачала рабіць захады для рэпатрыяцыі з Савецкай Расеі і вяртаньня ў родныя мясьціны. Спачатку перабраліся з Сыбіру ў цэнтральную Расею, а затым, прыкладна праз год, атрымаўшы права на рэпатрыяцыю, прыехалі ў Дукшты, дзе ў Браслаўскім старастве атрымалі дакумэнты аб польскім грамадзянстве. У касьцёле сьв. Станіслава Косткі ў Дукштах Казімер і Эдвард Сьвёнткі прыступілі да Першай камуніі. Там жа, у Дукштах, Казімер Сьвёнтак распачаў навуку ў школе.

У ліпені 1926 Вераніка Сьвёнтак з сынамі і сям’ёй Крамплеўскіх у пошуках працы пераехала ў чыгуначны цэнтар Баранавічы, які тады пачаў актыўна разьвівацца, дзе будучы сьвятар Казімер Сьвёнтак у 1928 скончыў мясцовую гімназію імя Тадэвуша Рэйтана. Кожнага ранку Казімер Сьвёнтак разам з братам Эдвардам прыслугоўваў як міністрант у мясцовым касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа. Адразу пасьля здачы іспытаў у гімназіі, падаў дакумэнты на паляністыку ў Віленскім унівэрсытэце Стэфана Баторыя. Аднак летняя вандроўка з былымі сябрамі-гімнзістамі ў Пінск рэзка зьмяніла пляны Казімера Сьвёнтка, і ён вырашыў забраць дакумэнты і пайсьці ў духоўную сэмінарыю. Восеньню 1933 году ён распачаў навучаньне і фармацыю Вышэйшай духоўнай сэмінарыі ў Пінску. У сэмінарыі быў адным зь лепшых і прыкладных навучэнцаў, хоць аднойчы за дробную правіну падачс адпачынку з калегамі-сэмінарыстамі ледзь ня быў выключаны зь яе.

18 верасьня 1938 году Казімер Сьвёнтак быў высьвячаны на дыякана. У Вялікую суботу 8 красавіка 1939 году ў пінскай катэдры Казімер Сьвёнтак атрымаў сакрамэнт сьвятарства з рук біскупа Пінскага Казімера Букрабы. Пасьля заканчэньня Вышэйшай духоўнай сэмінарыі імя Тамаша Аквінскага ў Пінску з 21 красвіка 1939 году стаў вікарыем у парафіі Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах.
Казімер Сьвёнтак

Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР заставаўся ў Пружанах і служыў вернікам у сваёй парафіі. Падчас казаньняў асуджаў бязбожніцтва і атэізм. 21 красавіка 1941 году на сваёй плябаніі быў арыштаваны мясцовым НКВД і дастаўлены ў турму ў Берасьце. Пасьля вельмі цяжкага сьледзтва, пра якое ніколі не хацеў пазьней узгадваць, яго абвінавацілі па чатырох артыкулах карнага кодэксу ў антысавецкай прапаганьдзе і «шпіянажы» ды асудзілі на сьмерць. У камэры сьмяротнікаў у турме НКВД у Берасьці ён чакаў выкананьня выроку, але 22 чэрвеня 1941 году пачалася вайна і ён застаўся жывы. Пасьля акупацыі Берасьцейшчыны нямецкімі войскамі ў ходзе Другой сусьветнай 30 чэрвеня 1941 Казімер Сьвёнтак вярнуўся да сваіх парафіянаў у Пружаны й заставаўся зь імі аж да зыходу немцаў. Ізноў стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсіяў: 17 сьнежня 1944 савецкія ўлады арыштавалі яго ў другі раз і засудзілі на 10 гадоў лягераў. Адбываў тэрмін у Комі АССР і Сыбіры: 2 гады ў Марыінску, 7 гадоў у Інце каля Варкуты, рэшту — у сыбірскай тундры.

У чэрвені 1954 Сьвёнтак вярнуўся ў Беларусь, стала асеў у Пінску, служыў у францішканскім храме (цяпер катэдральны касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі). Ня быў рэабілітаваны, таму піша ў анкетах, што мае судзімасьць. Меў магчымасьць пераехаць у Польшчу, але застаўся ў Беларусі.

11 красавіка 1989 Сьвёнтак быў прызначаны генэральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі. З 13 красавіка 1991 па 14 чэрвеня 2006 служыў арцыбіскупам менска-магілёўскім, таксама з 13 красавіка 1991 да 30 чэрвеня 2011 — апостальскім адміністратарам ad nutum Sanctae Sedis Пінску. 21 траўня 1991 рукапакладзены ў арцыбіскупы, а 26 лістапада 1994 Папа Ян Павал II надаў яму годнасьць кардынала-сьвятара з тытулам царквы S. Giuseppe all’Aurelio  — першага ў Беларусі пасьля 1798.

14 чэрвеня 2006 году Папа Бэнэдыкт XVI прыняў прашэньне 91-гадовага кардынала Сьвёнтка аб вызваленьні ад пастырскага кіраўніцтва архідыяцэзіяй. У той жа дзень кардынал пакінуў і пасаду старшыні Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, застаўшыся апостальскім адміністратарам Пінскае дыяцэзіі.

19 траўня 2010 году стан здароўя моцна пагоршыўся ў выніку пералому шыйкі сьцягна. 23 траўня 2011 году арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч паведаміў, што стан Казімера Сьвёнтака моцна пагоршыўся. 21 ліпеня 2011 году а 9 гадзіне Казімер Сьвёнтак памёр.

Узнагароды

    Камандор з зоркай ордэна Адраджэньня Польшчы (1995)
    Камандор ордэна Ганаровага легіёну (2006)
    Адмысловая ўзнагарода інстытуту Паўла VI у горадзе Брэшыя (Італія) «Fidei testis» («Сьведка веры»), уручаная ўласнаручна Папам Янам Паўлам II.

Крыніца: be-tarask.wikipedia.org

 

Новости из этой категории