Слова арцыбіскупа Кандрусевіча на Божае Нараджэнне

Слова арцыбіскупа Кандрусевіча на Божае Нараджэнне

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

БОЖАЕ НАРАДЖЭННЕ Ў СВЯТЛЕ ДЫЯЛОГУ ДОБРАЙ ВОЛІ БОГА І ЧАЛАВЕКА

Слова на Божае Нараджэнне 2021

«Слова сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14).

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, людзі добрай волі!

1. Сардэчна вітаю вас гэтымі словамі Евангелля, калі чарговы раз мы святкуем урачыстасць Божага Нараджэння і перажываем таямніцу Богаўцелаўлення. Дзякуючы гэтаму на зямлю прыйшоў Бог з чалавечым сэрцам і тварам, каб быць Эмануэлем — гэта азначае Богам з намі. Бэтлеемскі цуд змяніў гісторыю свету, бо ў яго ў чалавечым вобразе ўвайшоў Бог, каб вызначыць яму новы, пазначаны Евангеллем, кірунак.

У ціхую і святую ноч Божага Нараджэння мы выказваем сваю ўдзячнасць Богу за тое, што Ён прышоў да нас і запаліў нязгаснае святло, якім ёсць Езус Хрыстус. Аб гэтым сведчаць словы Евангелля: «Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную» (Ян 1, 14).

2. Гэтая звышнатуральная і поўная здзіўлення падзея заклікае да разважанняў над словамі анёла да бэтлеемскіх пастухоў: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус» (Лк 2, 10). Яны паказваюць Божую ініцыятыву, з якой Бог першы выходзіць насустрач грэшнаму чалавеку. Яны таксама патрабуюць адказу з боку чалавека і такім чынам заклікаюць засяродзіцца на дыялогу Бога з чалавекам.

Усведамленне таго, што Бог паслаў у свет свайго Адзінароднага Сына, каб крыжовай смерцю збавіць яго, вельмі патрэбна падчас цяжкіх дасведчанняў, якія перажывае сучасны чалавек.

Гэты акт добрай волі Бога дапамагае нам перажываць складанасці і наступствы пандэміі каранавірусу, грамадска-палітычнага, маральнага і іншых крызісаў. Мы не адны з нашымі праблемамі: з намі Бог, а калі Ён з намі, то хто супраць нас (пар. Рым 8, 31), як кажа святы апостал Павел.

Словы песні анёльскіх хораў пры Нараджэнні Езуса: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі» (Лк 2, 14) заклікаюць нас даць адказ на стаўленне чалавека да Бога і Яго закону. Мы з’яўлемся людзьмі добрай волі ці не?

Першародны грэх дэфармаваў чалавечую прыроду. Чалавек лёгка паддаецца ўплывам свету і забываецца пра Бога. Аб гэтай духоўнай трагедыі вельмі добра нагадвае святы апостал Павел, які кажа: «Дабро, якое хачу, не раблю, а зло, якога не хачу, раблю» (Рым 7, 19).

Мы жывем у час духоўнай барацьбы, калі эгаізм, пыха, выконванне выключна сваёй волі, якая шукае выгоды, задавальнення і карысці, вядзе да выбару зла.

У гэтай барацьбе Бог, які добра ведае нашыя дрэнныя схільнасці і слабасці, працягвае нам руку дапамогі і чакае адказу, бо толькі тады Ён зможа ўвайсці ў нашае жыццё, ачысціць яго ад зла і напоўніць дабром. Толькі тады нашае сэрца стане Бэтлеемам нашага часу. У ім сваёй ласкай народзіцца Езус і адорыць такім патрэбным супакоем. Вельмі прыгожа аб гэтым кажа св. Аўгустын: «Неспакойна сэрца чалавека, пакуль не спачне ў Пану».

3. Свята Божага Нараджэння з’яўляецца добрай нагодай слабой волі чалавека звярнуцца да акіяну бязмежнай Божай любові і Яго міласэрнасці. Таму мы павінны аднавіць збаўчы дыялог з Езусам, які прывядзе да духоўнага адраджэння чалавека і грамадства.

Гэта вельмі важна і актуальна ў сучаснай сітуацыі нашай Айчыны, якая шукае супакою, бо па прычыне адыходу ад Божага закону і маральных прынцыпаў яна падзелена рознымі непаразуменнямі, узаемнымі абвінавачваннямі, адсутнасцю духа пакаяння і ўзаемнага прабачэння, а таксама культуры пашаны ў міжчалавечых адносінах і неадпаведным разуменнем свабоды, што вядзе да ігнаравання маральных каштоўнасцяў. У выніку гэтага памяркоўная і мірная Беларусь перажывае час небачных дасюль у нашай гісторыі шматлікіх крызісаў.

Як у асабістым, так у сямейным і грамадскім жыцці мы патрабуем людзей добрай волі, якія разумеюць складанасць праблем, шукаюць згоды, гатовыя да шчырага дыялогу ў праўдзе.

Мы не можам чакаць пакуль іншыя стануць добрымі. Трэба распачынаць ад сябе, ад свайго навяртання, ад адхілення зла і выбару дабра. Зло неабходна перамагаць дабром. Нельга таксама забывацца і аб тым, што ўзаемнае праяўленне добрай волі павінна адбывацца ў клімаце пошуку праўды, якая, паводле слоў Езуса Хрыста, чыніць нас свабоднымі (пар. Ян 8, 32).

Мы, хрысціяне, адчуваем жаль і чынім пакаянне за нашыя асабістыя грахі і грахі народа, прабачаем правіны нашым вінаватым і з любоўю адносімся да бліжняга.

Адначасова мы маем права на абарону праўдаў веры і звязанага з ёй светапогляду, а таксама ўшанавання традыцый нашага народа. Гэта перадусім адносіцца да захавання цноты справядлівасці ў асабістым і грамадскім жыцці; да права на абарону жыцця ад зачацця да натуральнай смерці; да захавання сям’і як Богам створанага адзінага і непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця, дапамогі адзін аднаму, нараджэння і выхавання патомства; да выхавання дзяцей у нашай хрысціянскай традыці без навязвання сучасных згубных амральных тэндэнцый, якія, па словах папы Францішка, з’яўляюцца ідэалагічнай каланізацыяй.

4. Які ж дзіўны парадос перажываў свет у святую ноч Божага Нараджэння! Толькі пастухі і мудрацы з Усходу пачулі плач Бэтлеемскага Немаўляці і паспяшаліся прывітаць Яго. Пастухі, якія ведалі, што нічога не ведаюць, і мудрацы, якія ведалі, што не ўсё ведаюць. Тады, дзякуючы таямніцы ўцелаўлення Бога, «аб’явілася дабрыня і любоў Бога» (Ціт 3, 4). Спрадвечны «сэнс» свету стаўся даступным для чалавека.

Дзейнасць Езуса пацвярджае, што наступілі новыя шчаслівыя часы: «сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна» (Лк 7, 22). Аздараўленне ад пэўных фізічных хваробаў прадказвала ацаленне ад духоўнай слепаты, глухаты, праказы і смерці. Бо калі б мы былі добрымі, то не было б патрэбы Божаму Сыну прыходзіць у гэты свет, каб учыніць яго лепшым.

Між тым Ён прыйшоў, каб вярнуць стварэнню першапачатковую прыгажосць і годнасць чалавека. У грэшным свеце засвяціла боскае святло, а неба і зямля нанава аб’ядналіся. Нездарма паэты кажуць, што Божае Нараджэнне — гэта пацалунак неба з зямлёй. Дзякуючы гэтаму чалавек, які паверыў у Езуса Месію, з’яднаўся з Богам, а Божае Нараджэнне стала святам адраджэння ўсяго стварэння.

Таямніца ўцелаўлення Бога, якая змяніла ход гісторыі, заклікае нас з удзячнасцю прыняць гэты нябесны дар Божай любові і дзяліцца ім з іншымі.

Гэты заклік асабліва актуальны ў наш час адыходу ад Бога. У імя паліткарэктнасці і фальшыва зразуметай талерантнасці ўсё часцей гучаць заклікі да забароны хрыціянскіх знакаў і традыцый у публічнай прасторы. Так, зусім нядаўна, Еўракаміся выказалася супраць публічнанга святкавання Божага Нараджэння і нават выкарыстання хрысціянскіх імёнаў. І гэта адбываецца ў Еўропе, якая вырасла з хрысціянства і мае хрысціянскія караіні!

5. Дарагія браты і сёстры!

У змроку маральных, грамадска-палітычных, эканамічных, міграцыйных і іншых праблем з Бэтлеема прабіваецца святло Хрыста, які прыходзіць асвятліць кожнага чалавека і адарыць яго новай надзеяй, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18). Мы не можам быць народам без маральнага хрыбетніка, на якім павінна трымацца канструкцыя нашага грамадства. На падмурку вечных і нязменных маральных прынцыпаў мы павінны будаваць нашае жыццё, бо іх даў нам Хрыстус, Нараджэнне якога мы сёння святкуем.

Таму трэба бачыць і прыняць святло Хрыста, каб яно зазяла ў нашых сэрцах і стала суцяшэннем і надзяй для нашай Айчыны ў гэты складаны час яе гісторыі; для тых, хто знаходзіцца ў цемры, духоўнай галечы, зняволенні, пакутуе ад несправядлівасці і патаптання чалавечай годнасці!

Неабходна вярнуцца да этычных нормаў, якія гарантуюць дасягненне такога жаданага паяднання і супакою. Сапраўдны і трывалы мір наступіць тады, калі кожны дзень нашага жыцця стане Божым Нараджэннем. Нездарма яно з’яўляецца святам міру і супакою.

Няхай Божая воля, якая праявілася ў таямніцы ўцелаўлення Бога, паселіцца ў нашых сэрцах! Няхай пранікне ва ўсе сферы асабістага, сямейнага і грамадскага жыцця! Няхай паспяхова супрацьстаіць усім праявам зла! Няхай дапаможа ажыццявіць чаканні Бога, які знайшоў упадабанне ў людзях дорай волі! Няхай спрыяе хутчэйшаму вырашэнню шматлікіх крызісаў, якія перажывае наша Айчына! Няхай вядзе да агульнанацыянальнага паяднання і такога патрэбнага ўсім нам супакою!

Міру і дабра ўсім тым, хто з верай і надзеяй прымае праўду ўцелаўлення Бога і пакланяецца адзінаму Збаўцы свету — Езусу Хрысту!

Божае Немаўлятка, падымі сваю руку і благаславі Беларусь! Няхай дух узаемнай любові і прабачэння, міру і дабра, а таксама Божая ласка спадарожнічаюць нам на святы Божага Нараджэння і ў надыходзячым Новым Годзе.

Гэтыя свае пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, і Сына, і Святога Духа і звычаем нашых продкаў дзялюся з вамі аплаткай.

Са святам Нараджэння Хрыста і надыходзячым Новым Годам!

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня камісіі агульнага душпастырства пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 8 снежня 2021 г., Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

Крыніца: catholic.by

Новости из этой категории