«Я хай сабе крыху і прыдурак, але ж не зусім дурны…» Цытаты зь няскончанай размовы з Васілём Сёмухам

«Я хай сабе крыху і прыдурак, але ж не зусім дурны…» Цытаты зь няскончанай размовы з Васілём Сёмухам

Крыніца: Радыё Свабода

Было гэта пад канец 2011 году. Мне пашанцавала намовіць перакладчыка Васіля Сёмуху на доўгае пісьмовае інтэрвію, у якім ён пагадзіўся адказаць на мае пытаньні і расказаць пра сваё жыцьцё. На жаль, наша перапіска, зь якой мелася атрымацца нешта накшталт кніжкі, абарвалася на паўслове.

Пры маім 20-м пытаньні Дзядзька Васіль заявіў, што, маўляў, цяпер трэба было б расказаць горкую праўду пра тое, хто яму рабіў подласьці ў жыцьці, а ён ня мае ні сьмеласьці, ні не адчувае патрэбы гэтую праўду агучваць.

Год таму я прадставіў некаторыя цытаты з той нашай размовы. Цяпер, у гадавіну сьмерці славутага майстра беларускага слова, я прапаную яшчэ некалькі калярытных цытатаў, якія захоўваюцца ў маёй кампутарнай кладоўцы.

Разьвітаньне з Васілём Сёмухам, Менск, 6 лютага 2019
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Чаму памяць мая маўчала ўсе гэтыя дзесяцігодзьдзі». Цытаты зь няскончанай кнігі Васіля Сёмухі

Веданьне моваў

«Так, перакладаю зь нямецкай, польскай і латыскай. Наколькі свабодна пачуваюся ў іх? На самым пачатку перакладчыцкай практыкі пачуваўся абсалютна свабодна, нават ганарыўся, калі мог нешта перакласьці бяз слоўніка, пасьля адпадала слова „абсалютна“, пасьля да свабоды дадавалася нейкая няўтульнасьць, пасьля няўтульнасьць ператваралася ў мулкасьць, — цяпер настала пара, калі правяраю сябе па самых, здавалася б, элемэнтарных словах чужой мовы, калі закрадваюцца нейкія сумненьні. І нарэшце прыходзіць разуменьне таго, што нават у роднай мове немагчыма (мне, прынамсі) пачувацца свабодна. Любая мова, яе космас бясконцы — да канца нязьведаны. Вось так і пачуваюся.

Калісьці спрабаваў перакладаць на нямецкую (нават адзін вершык напісаў) — і зарокся, больш ні-ні… Ні на польскую, ні тым больш на латыскую (пасыўнае валоданьне). Ні на рускую. Быў пераклад на рускую з Караткевіча — „Ладзьдзя Роспачы“ (апублікавана) і „Леаніды ня вернуцца да зямлі“ (дзякуй Богу, не публікавалася). Перакладаў толькі на просьбу самаго Караткевіча, зь ягонай аўтарызацыяй, зь ягонымі падказкамі і з маімі згрызотамі, бо ня мог адмовіць сябру, які верыў, што я змагу.

Ці магу думаць па-нямецку? Магу, але вельмі рэдка, калі працую зь нямецкім тэкстам. А вось у снах, бывала, я цэлыя прамовы казаў па-нямецку, прычым правільна, без памылак. Гэта нейкая не зразумелая мне асаблівасьць чалавечага мозгу ў сьне падсоўваць на язык тое, што правільна закладзена, але кепска, бяз розуму выкарыстоўваецца на яве, калі поўныя збоі здараюцца на кожным кроку, — не пасьпееш нешта сказаць, як адразу шкадуеш, што здуру, не падумаўшы, ляпнуў. Для гладкасьці ж патрэбная практыка маўленьня».

Васіль Сёмуха з дачкой Алесяй
Васіль Сёмуха з дачкой Алесяй

Родны хутар Ясенец (на якім нацысты забілі ягоных бацькоў)

«Пакуль цётка Ганна была жывая, на хутары я ня быў. Цётка заўсёды прасіла мяне не хадзіць і ня езьдзіць туды, не вярэдзіць успаміны. Яна заўсёды любіла і шкадавала мяне. Відаць, добра памятала, колькі ёй давялося намучыцца, пакуль адхадзіла дзіця ад таго „пэрэляку“, і як магла асланяла мяне. І пакуль яна жыла, я ні разу не ўсупрацівіў яе просьбам.

Пасьля цётчынай сьмерці двойчы пабываў у Ясенцы. Першы раз абышоў поле па ўзьлесьсі, нават успалошыў на лаўжы вужоў, якія грэліся на сонцы, на тым самым месцы, дзе яны і да вайны вадзіліся. Пасядзеў на зарослым грудку, дзе стаяла печ, на якой любіў спаць з бабай Рыпінай. Саджанец сыбірскай лістоўніцы (невядомая ў нашых краях экзотыка!), прывезены аднекуль бацькам і пасаджаны каля дарогі на подзіў мясцоваму люду, разросься неўвабхват, лес падступіў да самай хаты, а поле нехта ўрабляў з тамтэйшага лясьніцтва, у якім служыў бацька, — і гэта ўсё, што засталося. Гэтае маё наведванне адбылося праз 35 гадоў.

Яшчэ раз быў у Ясенцы праз 10 гадоў, усё застаў, як і папярэдне, апрача вужоў, якіх зьвяла зь белага сьвету мэліярацыя, што прайшлася па абшараў балот уздоўж рэчак Ясельды і Тэмры. Высушылі балоты, і зьвяліся вужы, І гэта ўжо другая сьмерць Ясенца і нашых тамтэйшых балотаў, і гэта другое злачынства — цяпер супроць прыроды. Вельмі хочацца пабываць на хутарышчы, але хто ж мяне завязе туды?»

Васіль Сёмуха, 2008
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кнігі пра авантурнікаў, забойцаў і курдупляў, або Васіль Сёмуха і за што мы яго любім

Першыя кніжкі

«Першыя кніжкі! Самыя-самыя першыя? Пра самую найпяршэйшую я ўжо напісаў раней, гэта быў Буквар, падораны мне пры тых Саветах у 1939 годзе. Далей была вулічная навука грамаце ў Смаляніцы, калі мы, дзеці, гулялі ў адгадванкі літараў і слоў і неяк само сабою ўведалі ўвесь альфабэт кірылічны, а зь нямецкіх і старых польскіх надпісаў яшчэ і лацінскі. Ну не памятаю, каб нехта з дарослых спэцыяльна вучыў нас гэтаму, прынамсі, у першым класе я ўжо ўмеў чытаць. Вучыўся толькі пісаць прапіснымі літарамі, што было для мяне вялікім дзівам і навіною.

А кніжкі прыйшлі толькі ўжо ў Пружане. Былі гэта маленькія кніжкі-буклецікі. Помню дзьве такія; адна руская, і ў ёй вершык:

Молока осталось в крынке.
чуть побольше половинки,
мне за Васькин апетит.
теперь от бабушки влетит.

і намаляваны каток Васька, які хлебча тое малако.

Другая такая кніжка — польская, зь якое памятаю толькі два радкі:

Zamiast drogiej czekolady
Sprzedać mogę marmelady…

і адпаведна малюнак — «чэколяда» і «мармэляда».

Загадкавае слова зь дзяцінства

«Але, пане Яне, калі пан Ян такі разумны, што аж-аж, растлумачце мне, што азначала ў Польшчы слова Geope? Яно было высмаленае на рагу сьцяны кожнага пружанскага дома. Побач з нумарам. Колькі я ні пытаўся, ніхто ня ведаў, гэта нешта ўлікова-камунальнае ў даваеннай Польшчы, і гэта адзінае, чаго я ня ведаю з пальшчызны нават пасьля ўнівэрсытэцкага навучаньня, і нават з часу, калі я ня ведаў, што такое „чэколяда“ і „мармэляда“, але ж слова гэтае нават і сёньня ў Пружане чытаецца на старых даваенных неперафарбаваных дамах».

[Мой адказ на гэтую загадку: Geope — GEOdezyjny Punkt Ewidencyjny, ich glaube… Была такая навука, геадэзія, якая некалі займалася такімі Пружанамі як вашы і ставіла свае пячаткі на будынках… Брала на ўлік ўсё і ўсіх. Сёньня геадэзійныя коды ў Польшчы памяняліся, і вы ўжо не сустрэнеце Geope, але затое напладзілі кучу іншых. Для вашай эстэтычна-настальгічнай асалоды даю спасылку: http://www.geoforum.geodezja.pl/file.php?1,file=334]

Вільгельм Гаўф, якога мы абодва чыталі ў маладосьці

«Der junge Engländer Вільгельма Гаўфа „для карыстаньня на ўроках нямецкай мовы ў ліцэях“? Мая баба Рыпіна тут сказала б: „Ой віэду я віэду того твого Колоса!“ Быў ён і ў мяне, хоць у ліцэях я не вучыўся, але Гаўфа чытаў, адаптаванага. Неадаптаванага — толькі пазьней, пасьля ўнівэрсэтэту. Нават пяцітомнік маю. Харошы быў дзядзька, хвайно пісаў, нэ тое, шчо браты Грымы, якія шмат беларускага фальклёру панакрадалі і прысабечылі для сваіх нібыта ўжо нямецкіх кніжак».

Васіль Сёмуха
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Васіль Сёмуха на Свабодзе. 10 выказваньняў пра мовы, немцаў і Біблію

Як навучыцца гаварыць па-ангельску

«Філялагічны факультэт [Маскоўскага ўнівэрсытэту] у той мой час складаўся з аддзяленьняў філялогій: рускай (у яе чамусьці ўваходзіла і асецінскае аддзяленьне); клясычнай (лаціна і старажытнагрэцкая): кітайская; польская; чэская; баўгарская; сэрбская; рамана-германская (з падзелам на ангельскую, нямецкую, францускую і гішпанскую) — усе са сваімі кадрамі.

Васіль Сёмуха з дачкой Алесяй
Васіль Сёмуха з дачкой Алесяй


У немцаў другою мовай была ангельская, якую і тады і цяпер „люблю“ ўсімі фібрамі, падзяляючы думку дачкі Алесі пра яе, якая справядліва сказала: англійская мова — лёгкая, навучыцца гаварыць па-англійску прасьцей простага: трэба ўзяць у рот жабу і гаварыць па-любому, будзь тое па-пружанску, будзь тое па-падляску, у любым разе на выхадзе зь языка прагучыць чысьцюткая англійская. Лёс вырашыў для яе інакш — цяпер яна нават калі гаворыць па-беларуску, дык для нейкага форсу падпускае англійска-амэрыканскага акцэнту, гэта яўна, каб бацька хвігай носа не дастаў. А мяне і цяпер ад іхняга ангельскага „R“ на ваніты цягне. Вучыў я англійскую — як мокрае гарыць, абы з рук збыць».

Польская мова

«Затое наведваў факультатывы галяндзкай і польскай (разумеючы, што мая пружанская пальшчызна — гэта гаўно сабачае, ці як пісаў той Рудніцкі — говновое коровое). А пані Палонская — ого, шляхецкага замесу была пані, выкладала што нада, адкрыла шмат чаго, пра што я ў Пружане і слыхам ня чуў — nic nie wiedziałem, nic nie słуszałem, więc nic i nie powiem! Век не забуду паню Палонскую. Гэта ж ужо зь яе навукі я змог летам папрацаваць панэм пшэводнікем з польскімі студэнтамі-турыстамі зь Ягелонскага ўнівэрсытэту, сярод якіх быў і асьпірант Кшыштаф Занусьсі, які спадобіў мяне на чытаньне і пераклад кнігі Анджэеўскага [„Цемра зямлю ахінае“], якая па сутнасьці адкрыла мне вочы ня так на інквізыцыю Тарквэмады, як на сталінізм. Зрэшты, гэты свой шматпакутны (бо праляжаў у стале больш за 30 гадоў — цэнзура, баценька мой!) пераклад я паслаў Вам — можа, калі і выставіце на сайце [Litaratura.org]».

Чаму пайшоў вучыцца ў Маскву, а ня ў Менск

«Я плянаваў сабе паступаць у Менскі інстытут замежных моваў, але пружанская суседка падбіла на дурное, даказваючы, што я, хай сабе крыху і прыдурак, але ж не зусім дурны, а нават і не дурнейшы за многіх-многіх, што лічацца разумнымі. А як што я яшчэ і сірата, дык, напэўна ж і ў Маскве пашкадуюць. І такі, мабыць, пашкадавалі. Уступных экзамэнаў не здаваў, бо меў срэбнага мэдаля (матэматыка падвяла, на золата ня выцягнуў), затое меў так званае „собеседованіе“. Дзіва-дзіўнае: сёлета на пачатку году з Пружаны прыслала мне мая дваюрадная пляменіца Нэля раскапаныя недзе ў школьных архівах некалькі дакумэнтаў і сярод іх пытаньні з таго маскоўскага „сабеседаваньня“. Мяне прынялі, і пачаліся гады студэнцтва, гады самыя халодныя і галодныя з майго пасьляваеннага жыцьця. Але пра гэта лепш памаўчу».

Васіль Сёмуха
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларус, які пераклаў Біблію і вершы Карла Маркса

Пра веру ў камунізм

«Верыў і я, верыў абсалютна. А паступленьне ў МДУ толькі ўмацавала тую веру. Але ж, як у Вас, так і ў мяне тыя „чарвячкі сумненьня“ завяліся менавіта ў студэнцкія гады. Але каля мяне не было тых „больш кемных палякаў“, былі больш кемныя добрыя дзядзькі, якія пачалі тлумачыць мне, каму і за што я, сірата абяздоленая, павінен быць удзячны за гонар бясплатна вучыцца ў такім унівэрсытэце, за тое, што абагрэты, абуты, адзеты і накормлены, тым часам як іншым гэтага мала, дык трэба ж і прыгледзець за гэтымі іншымі, каб дапамагчы ім выправіцца…. А гэтымі ж іншымі былі мае аднакурсьнікі, сябры, камілітоны…

Былі і кары за адмову ад такой службы. Першая зь іх — адмена бясплатнага вучэньня з прычыны таго, што бацькі мае хоць і былі забітыя немцамі, але яны не былі ні ў арміі, ні ў партызанах. Гэта азначала плаціць па 200 рублёў за кожны сэмэстар. Пры стыпэндыі ў 25 рублёў далейшае навучаньне было немагчымае. Дапамагла мне толькі даведка:

СПРАВКА

Дана настоящая детям САМУХА Сергея Савича, Евгению Сергеевичу САМУХА и Василию Сергеевичу Самуха, в том, что их отец Самуха Сергей Савич с 1941 года держал связь с партизанами и всемерно помогал партизанам. За связь и работу в пользу партизан, хозяйство Самухи Сергея всё до основания было уничтожено т. е. сожжено, а сам Самуха Сергей Савич и жена его Самуха Мария были расстреляны немецкими захватчиками в 1942 году.

Комиссар бригады им. Пономаренко Брестского соединения /КРИШТАФОВИЧ/
(Круглая печать)

Было і высяленьне з інтэрната, і тым разам дапамаглі якраз „мае аднакурснікі, сябры, камілітоны…“ Але пра ўсё гэта — ніякіх камэнтароў даваць ня буду… Надта няўтульна было начаваць у мэтро».

Дзе вывучыў беларускую літаратурную мову

«А ніколі ж я яе нідзе і не вывучаў. Родная мова была мне праз бацькоў і цётку Ганну ад Бога дадзена, а яна, мова, сама ўжо вучыла мяне, як мне зь ёю абыходзіцца далей і зь якімі мовамі вадзіцца. І як бы блізка я з тымі іншымі ні абнюхваўся пасьля, яны ўсё роўна заставаліся чужымі, як тады, так і зараз, як бы я іх ні любіў, як бы да іх ні прымазваўся.

У рускай школе я карыстаўся прадметнымі падручнікамі толькі беларускімі, яны ў той час дубляваліся з рускімі, але былі таньнейшыя, ды і іх мне часьцей за ўсё аддавалі сябры, якія ішлі класам вышэй, а тое і школа. Беларуская мова давалася лягчэй за рускую, прынамсі, па беларускай былі „пяцёркі“ , а па рускай „чацвёркі“. Ня ведаю чаму, але, скажам, рускія дыктоўкі палешукі заўсёды пісалі лепш за рускіх ці ліцьвіноў. Як бы там настаўніца ні „акала-вякала-какала“ мы, палешукі, заўсёды пісалі „корова, золотая, зеленоватая“, і ў выніку набіралі ачкі і мелі адпаведную адзнаку».

Васіль Сёмуха
Васіль Сёмуха

Чаму не пасьпеў наведаць ГДР

«Не, наведаць атлянтыду да таго, як яна пайшла на дно, не давялося, не пускалі нашыя дбальцы пра мараль і палітычную ўстойлівасьць. Не пускалі ні ў ГДР, ні ў Аўстрыю, куды мяне запрашалі дзеля нейкай узнагароды за пераклады з Рыльке, я толькі „езьдзіў у Пуольшч, у город Сувалкі, туды й назад, туды й назад“, бо быў маладзейшы, мог і любіў ездзіць, і вельмі зайздросціў тым, якія ездзілі ўЭгіпет, бо, як пісаў адзін мудры расейскі паэт:

Под пирамидою Хеопса
Священный бык с коровой ёбса —
Представляешь, какой вид
Открывался с пирамид?!

Не, не представляю! А Вы, пане Яне, представляете?».

Вяртаньне з Масквы ў Беларусь

«У Ясенцы і ў Смаляніцы я быў палешуком. Пружана зрабіла зь мяне паўбеларуса і русафіла. Масква зрабіла зь мяне беларуса. Дзесьці на палавіне 5-га курсу я прасіў высокія менскія ўстановы дапамагчы мне вярнуцца з вучобы на працу ў Беларусь. Такое хадайніцтва ва ўнівэрсытэт прыйшло, але тым ня меней мяне разьмеркавалі на працу ў Пензу. Я самаволкай вярнуўся ў Беларусь. Узялі на працу ў выдавецтва.

Натуральна, ні ў якую партыю я не ўступаў. Толькі на фінішы жыцьця ўступіў у БНФ.

Сябрамі маімі былі Караткевіч, Дамашэвіч, а таксама хлопцы (пазьней рэпрэсаваныя) з інстытуту мовы і літаратуры пры Акадэміі навук. А найбольш любімымі пісьменнікамі былі Брыль, Скрыган, Быкаў, Янкоўскі, Ул. Калесьнік, Адамовіч, Пташнікаў і многія мае аднагодкі. З маладых мне прыемна стасункавацца з Баршчэўскім, Хадановічам, З. Коласам. Іншых, ня будучы асабіста знаёмым, чытаю, іншых на дух не выношу, спадзяюся, што яны мяне — таксама».

Чаму звольнілі зь Беларускага дзяржаўнага выдавецтва

Васіль Сёмуха
Васіль Сёмуха


«Тое, што я ў Маскве адмовіўся ад службы Святому Прастолу, рэдагаваньне кніжкі Наўроцкага і няўдача з выданьнем кнігі Караткевіча „Леаніды ня вернуцца да зямлі“, набор якое, ужо падпісаны да друку, рассыпалі ў друкарні, і няўдалая спроба ўжо ў Менску новым заходам схіліць мяне да службы Св. Прастолу, гэтым разам мелі для мяне горкія наступствы. Звальненне з выдавецтва, натуральна без выхаднога пасобія і з адпаведнай атэстацыяй.

Працаваў, дзе толькі можна было ўладкавацца. Працаваў няштатным настаўнікам у розных менскіх школах, нават на вячэрнім аддзяленьні унівэрсытэцкага філфаку. Пазьней пашкадаваў мяне Нічыпар Пашкевіч і ўзяў на працу ў ЛіМ, а яшчэ пазьней Мікола Ткачоў у выдавецтва „Мастацкая літаратура“, дзе я працаваў ужо да канца, аж пакуль мяне адтуль падсрачнікам не турнуў нейкі прыхвасьцень Лукашэнкі за нацыяналізм.

Мінск цяпер зрабіў зь мяне зноў палешука. Усё вярнулася на кругі свая! „І разьлятаецца зоркамі прах…“ (Ю. Славацкі), „И всюду страсти роковые, И от судеб защиты нет…“ (А.Пушкин) — эпіграфы да „Польскіх кветак“ Ю. Тувіма».

[На чарговую порцыю маіх пытаньняў Васіль Сёмуха адмовіўся адказваць, як я згадаў на пачатку. Сярод гэтых пытаньняў былі: Чаму вы не запісаліся ў партыю — самі не хацелі ці вас не запрашалі? Раскажыце пра рэдагаваньне кніжкі Наўроцкага — у чым там была фішка? А чаму не ўдалося выдаць кніжкі Караткевіча «Леаніды не вернуцца да зямлі»?]

Для ілюстрацыі тэксту выкарыстаныя фатаграфіі зь сямейнага архіву Алесі Сёмухі-Грынбэрг.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Новости из этой категории