Ружаны ўчора і …і пазаўчора вачыма расейскіх турыстаў

Ружаны ўчора і …і пазаўчора вачыма расейскіх турыстаў

Натыкнуўся надоечы на жывы дзёньнік (LiveJournal) аднаго расейскага блогера, які часта езьдзіць па замежжы ды выкладае фотасправаздачы зь невялічкімі камэнтарамі. Знайшлося ў яго багата і пра Беларусь, і што прыемна, даволі прыстойна — і ведае назву краіны, і сытуацыю ў ёй, і камэнтатары збольшага адэкватныя наведваюцца.

Падрабязьней можна паглядзець у ягоным блогу, а тут я вырашыў зьмясьціць некалькі вытрымак зь ягоных паездак у Ружаны — іх у яго дзьве, яшчэ да пачатку рэстаўрацыі (2008) і зь яе пачаткам (2010). Можа так стацца, што хутка ўжо нашыя нашчадкі ня будуць памятаць, як выглядаў разбураны палац Сапегаў…

Паездка №1, 3 траўня 2008 року. Калі верыць блогеру, трапілі яны ў Ружаны абсалютна выпадкова, дагэтуль пра іх ня ведаючы. Аднак не пашкадавалі.

Ружанскі палац. Брама

Яго бачна здаля зь любой дарогі, — адкуль бы не ўяжджаў у места (заўвага: Ружаны насамрэч мястэчка). Палац у Ружанах яшчэ на пад’езьдзе мусіў выклікаць у сьвядомасьці кожнага чалавека роздумы пра магутнасьць і багацьце магната, які яго збудаваў. Тут брама, празь якую ўяжджалі калёсы і пераадольвалі рэшту соцень мэтраў да самога палацу. Яны ўжо ня раз і ня два кранутыя часам: тут цагліна адвалілася, там трэшчына, тут надпісы… Цёмная і сумная гісторыя гэтай мясьціны.

Далей чалавек прыводзіць легенды пра паходжаньне назвы мястэчка, гісторыю ад часоў Вялікага Княства Літоўскага, знаёміць з родам Сапегаў…

Пачаткова палац задумляўся як зьдзяйсьненьне лёзунгу «мой дом — мая крэпасьць»: двухпавярховы каменны будынак у форме крыжа з трыма чатырохграннымі вежамі. У цэнтральнай частцы была парадная заля і вэстыбюль зь лесьвіцай, якая падымалася паабапал уваходу. У бакавых частках замку былі зьмешчаныя жылыя пакоі, кабінэты, бібліятэка. На першым паверсе скляпеньні былі аркавыя, паўкруглыя, а на другім — бэлькавыя, роўныя. У двухпавярховых лёхах захоўваліся архіўныя дакумэнты, арсэнал, далікатэсы. У 1644 року кароль польскі Ўладыслаў IV (з жонкай Цэцыліяй Рынатай і дваром) зноўку наведаў ружанскі палац. Сустракаў-частаваў уладароў сын Льва Сапегі — Казімер. Доўга яшчэ пасьля гэтага нават самыя заможныя магнаты былі пад уражаньнем ад прыёму: бяседа працягвалася дзевяць дзён, цягам якіх кожны з гасьцей атрымліваў тое, што жадаў. З гэтай нагоды ў мур аднае з заляў была ўмуравана мэмарыяльная табліца. Яшчэ адна мэмарыяльная дошка сьведчыла пра тое, што за часам «патопу» — крывавай вайны сярэдзіны XVII стагодзьдзя між Швэцыяй і Маскоўскім княствам — у Ружанскай рэзыдэнцыі Сапегаў захоўваліся мошчы сьвятога Казімера, нябеснага заступніка Беларусі; яны былі перавезеныя сюды зь Віленскай катэдры. Дарэчы, калі ў 1637 року Ружаны атрымалі магдэбурскае права, для паседжаньняў магістрату пабудавалі ратушу, а мястэчку быў нададзены герб. Ягонае срэбнае поле ўпрыгожвае вянок з чырвоных ружаў, а ў цэнтры яго — фігура сьв. Казімера з крыжам і лілеямі ў рукох. А «ружы» па-беларуску… Супадзеньне?

Ня кожны з нас зможа прыгадаць усе гэтыя факты з гісторыі роду Сапегаў і іхняе колішняе рэзыдэнцыі.

В канцы XVIII стагодзьдзя росквіт зноўку зьмяніўся на заняпад. У 1786 року ў палацы разьмешчаная… сукенная фабрыка. У 1795-ым, па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай, Ружаны адыходзяць да Расеі; Аляксандар Сапега здае палац і фабрыкі ў арэнду прадпрымальніку Мардуху Пінэсу. Новы гаспадар разам з сям’ёй стаў жыць на першым паверсе палацу, а на другім і ў лёхах зрабіў склады прадукцыі фабрык — ткацкай, сукеннай, шаўковых паясоў і габеленаў. Самі Сапегі разам з усім княскім дваром перабраліся ў суседнюю рэзыдэнцыю — у Дзярэчын. А ў замку — каторы ўжо раз! — пачаўся заняпад: ткацкая вытворчасьцьі праз 30 гадоў ператвараецца ў сьціплую пральню поўсьці. Паводле перапісу 1897 року ў мястэчку існавалі два гарбарныя заводы, палатняная і сукенная фабрыкі, пяць дробных прадпрыемстваў, народная вучэльня. У 1914 року палацавы комплекс гарэў; у трыццатым быў часткова рэстаўраваны, а ў 44-ым зноўку разрабаваны — гэтым разам адыходзячымі фашыстамі; яны ж спалілі й апошнюю невялікую ткацкую фабрыку.

Чалавеку нават пашчасьціла сустрэць мясцовых жыхароў, якія самі прычыніліся да руйнаваньня палацу ці памятаюць, як гэта рабілася даўней…

Тэатральнага корпусу няма — на ягоным месцы цяпер стаяць хацінкі. Зрэшты, тое, што тут можна ўбачыць, цалкам сыдзе за камэдыю, камэдыю абсурду. Вось з галоўнага корпусу выходзіць бабулька — яна нясе колькі цаглін і адносіць іх да свайго ровара. Жанчына з хаткі на месцы тэатральнага флігелю, што апынулася побач, кажа, што гэта іхняя суседка — цягае на сабе будматэрыял «на новы ганак». І тут жа сама прапануе мне адламаць што-небудзь зь ляпніны ці нават кавалачак драўлянага картушу з брамы (ён захаваўся ў вельмі добрым стане), аднак не на памяць, а каб здаць на экспэртызу і даведацца, "сколька жа лет этаму замку?"

Во як: людзі, чыя хата стаіць на самым замкавым двары, ня ведаюць гісторыю ружанскага палацу! Сын гэтай жанчыны — чалавек ужо гадоў трыццаці — падводзіць да брамы і паказвае на яе аркавы звод, — там ляпніна ў выглядзе кветачак. Дваццаці пупышак няма — гэта ён з сябрамі ў дзяцінстве цэглай іх адбіваў; такое вось было спаборніцтва на трапнасьць і моц удару. Увогуле, кажа, і цяпер яшчэ яны недзе ў хляве ляжаць…

Заўсёды мяне ўміляе культурны шок расейцаў, калі яны ў самай звычайнай беларускай вёсачцы спрабуюць наведацца ў краму і знаходзяць там цывілізацыю. :)

Вясковая крама. Што ўразіла да глыбіні душы — дык гэта тое, што там прымаюць карткі.

Ровар як асноўны транспартны сродак. Гэта — ня ўразіла. У Беларусі да гэтага прызвычайваесься.

А, ну і як жа без славутых беларускіх роўных дарогаў.


Дарога зь Берасьця ў Гародню палягае ўсяго за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай, мясцовыя жыхары ніводнага разу ня бачылі расейскіх нумароў і былі веельмі зьдзіўленыя, заўважыўшы маю машыну, аднак дарожнае пакрыцьцё і тут ідэальнае. І FM-радыёстанцыі працуюць, прычым вельмі добра ловяць сыгнал — відаць, рэтрансьлятары стаяць. Некалькі беларускіх і польскіх станцыяў — агулам каля пяці штук. А ў нас на Радзіме — 100 кілямэтраў ад Масквы — паша адна AM-радыёстанцыя-гаварыльня.

Дык вось, турыст (а зваць яго, дарэчы, Аляксандар Беленькі) настолькі натхніўся ўбачаным, што загадаў вярнуцца ў Ружаны абавязкова. І вось што ён убачыў праз два гады

Галоўным зьдіўленьнем была сустрэча з брыгадай будаўнікоў, якія капітальна аднаўлялі ўваходную групу. Яны ж сказалі, што прыйшлі ўсур’ёз і надоўга — будуць аднаўляць першатворны выгляд сядзібы.

Ці памятаеце вы, як усё гэта выглядала ў той час, да пачатку рэстаўрацыі?

Ажно ня верыцца, што ўсё гэта можна аднавіць…

Гэта дзясяткі, калі ня сотні мільёнаў даляраў.

А яшчэ меней верыцца, што гэта камусьці патрэбна на ўзроўні дзяржавы.

Неўзабаве сюды змогуць прыяжджаць турысты, блукаць па прыгожых інтэр’ерах палацу, аглядаць калекцыю зброі роду Сапегаў і разважаць пра тое, які ж Лукашэнка тыран і дыктатар. Калі схочуць, вядома.

Дзякуючы вось такім турыстам пачынаеш адчуваць гонар за нашую культурную спадчыну і за тое, на што мы не зьвяртаем увагі, бо ўжо больш-менш прызвычаіліся да гэтага. Ну а працягнуць чытаць запісы Аляксандра Беленькага вы можаце ў Жывым дзёньніку: магчыма, неўзабаве ён ізноў нас зьдзівіць сваімі вандроўкамі па Пружаншчыне і ў цэлым па Беларусі.

Новости из этой категории

0 Комментариев