Публікуем інвентар Ружанаў: у Ружанах ужо ў 1687 г. былі звярынец, Стары і Новы рынак, млыны, масты

Публікуем інвентар Ружанаў: у Ружанах ужо ў 1687 г. былі звярынец, Стары і Новы рынак, млыны, масты

Памятаеце, мы пісалі, што былы супрацоўнік музею Ружанскага Палацу збірае грошы на тое, каб старажытныя дакументы пра Ружаны адсканаваць і прапанаваць у электронным варыянце для ўсіх ахвочых?

Дык вось: ужо ёсць першыя дакументы, якія на гэтыя грошы былі алічбаваныя. Вось што піша сёння аўтар ідэі:

Кампанія “Крыніцы ў масы!” па збору сродкаў на сканы ружанскіх інвентароў XVII-XVIII стст.
Справаздача (13.03.2021)
Добры дзень, спадарства!
Хачу пачаць з самай прыемнай навіны. Прапаную вашай увазе першы ў спісе інвентар ружанскага маёнтка (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску зрабіў і ўжо даслаў якасныя сканы). Цяпер кожны можа ласавацца гэтай крыніцай) Бясплатна пампуючы колькі заўгодна разоў) Пакуль што запампаваў на свой воблачны дыск (спасылка: https://disk.yandex.by/d/ug4sNbOaHEMPHA?w=1), але пазней змяшчу на нешта больш трывалае. І гэта ўсё, хачу заўважыць, усё дзякуючы Вам, мае даражэнькія – вядомыя і інкогніта Дзякую чарговы раз Усім Вам! Без Вас нічога гэтага наўпрост не было б!
Некалькі словаў пасля азнаямлення з крыніцай (першым інвентаром).
Дзялюся сваімі павярхоўнымі заўвагамі.
Дадзены інвентар 1687 г. выступае як:
1. крыніца па тапаніміі: гарадской Ружанскай (узгадваюцца назвы вуліц), так і навакольнай (назвы навакольных вёсак, урочышчаў, гаёў і г.д.), а таксама па сацыятапаграфіі. Так, напрыклад, увагу можа звярнуць ўзгадка мураванага крыжу ля дарогі з Ружан да Косава (арк. 10 адв.) Ужо ў тыя часы існаваў ружанскі звярынец (арк. 11), а самі Ружаны мелі старую і новую гандлёвыя плошчы (Стары і Новы рынак), некалькі млыноў, мастоў. Асаблівай увагі заслуговае спіс павіннасцяў жыхароў Ружан (арк.36 адв.). Распісваць не буду, але ён варты асобнай увагі 
2. крыніца па генеалогіі. Згадваюцца імёны і прозвішчы жыхароў Ружан (па вуліцам) і навакольных вёсак (Загалічы, Ласасін, Клепачэ, Далкі і інш.) + адлюстраваны маёмасны стан людзей, а дзе і прафесія.
3. крыніца па структуры адміністрацыі. Узгадваецца Ружанская воласць, межы якой можна акрэсліць па дакументу. Існавалі Ласасінскі і Блізенскі фальваркі з аднаназоўнымі вёскамі.
Але, канечне, сам дакумент варта вывучаць падрабязна. Займеўшы гэтую цікавую крыніцу краязнаўцы, настаўнікі, музеі, бібліятэкі і школы Пружанскага раёну будуць мець назвычай важную крыніцу на сваім кампутары, для пра працы якой спатрэбіцца ўсяго толькі ўключыць прыладу. Нават з дому выходзіць ня трэба) Распаўсюджваем і дзелімся інвентаром, спадарства! Навука для ўсіх, а гісторыя побач!
А цяпер уласна справаздача. За 4-ы тыдзень збораў прыйшоў адзін грашовы перавод: 10 сакавіка (63,56 бел. руб.) Такім чынам агулам ад пачатку кампаніі было сабрана 754,76 бел. руб., што складае 74,7 % ад патрэбнай сумы на скавананне ўсіх ружанскіх інвентароў. Пасля замовы першага інвентара ў скарбонцы засталося 569,01 бел. руб. Сума дазваляе зрабіць цыфравыя копіі другога ружанскага інвентара за 1728 г. (195 бел. руб.) На наступным тыдні ў архіў будзе адпраўлена адпаведная заява, па якой будуць зроблены цыфравы копіі новага інвентара.
Ну і, як заўсёды, дэмакратычная празрыстасць Копіі заявы і квітка аб аплаце будуць змешчаны ў чарговай справаздачы)
Усім дабра, цяпла і цярпення!
А пакуль раю у вольны час пачаць вывучаць першы режанскі інвентар 1687 г.  Адначасна пракачаеце распазнанне мудрагелістай каліграфіі тых часоў. Спачатку будзе цяжка, але потым будзеце словы і цэлыя сказы чытаць 
P.S. Рэквізіты для ахвяравання сродкаў на сканаванне ружанскіх інвентароў, якія будуць у агульным доступе:
Картка Беларусбанка (6711 7700 1909 3033; тэрмін дзеяння 01/23).

 

Новости из этой категории