Ружанскі Ляс-Вэгас запрашае

Ружанскі Ляс-Вэгас запрашае

У палацава-паркавым комплексе Сапегаў у мястэчку Ружаны Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці зладзяць сярэднявечнае вясельле ў стылі Ляс-Вэгасу, паведаміў карэспандэнту БелТА дырэктар музэйнага комплексу Раман Жыткоўскі.

Цырымонія адбудзецца 21 траўня ў часе міжнароднае акцыі «Ноч у музэі». Усім ахвотным надасца магчымасьць учыніць шлюб у жартаўлівай форме ў стылі XVIII стагодзьдзя. У суправаджэньні фрэйлінаў госьці падымуцца ў гасьцёўню канцлера, дзе іх сустрэнуць хлебам-сольлю. Абрад пройдзе пад гукі сярэднявечнай музыкі. Як і мае быць, малады з маладой прамовяць абяцаньні любові і адданасьці, вып’юць на шчасьце віна з родавага келіху, станчаць першы танец. Новасьпечанай «сям’і» выдадуць пасьведчаньне пра шлюб, замацаванае пячаткаю роду Сапегаў. Сваёй прысутнасьцю сьвята ўшануюць вялікі канцлер літоўскі Леў Сапега з жонкаю.

«Усе ведаюць, як адбываюцца сучасныя шлюбы. Шмат хто цікавіцца, як вясельлі ладзіліся колькі стагодзьдзяў таму. У „ноч музэяў“ мы зладзім для нашых наведнікаў самабытную шляхетную цырымонію», — распавёў Раман Жыткоўскі.

Мерапрыемствы мастацкага праекту пройдуць у кожнай залі музэйнага комплексу. У адной зь іх, як у былыя часы, наведнікі змогуць атрымаць асалоду ад тэатральных выставаў. Будуць арганізаваныя майстар-клясы па сярэднявечных танцах, вырабе выцінанак, знаёмства з тэхнікай аквагрыму. У мурох музэю абсталююць своеасаблівую кіназалю, у якой будуць паказваць дакумэнтальныя фільмы пра Ружаны й іхні славуты замак. Гасьцей музэю чакае жывая клясычная музыка ў выкананьні камэрнага ансамблю «Веронія» са Слоніму. Пры падрыхтоўцы да «Начы музэяў» арганізатары ўлічылі паваблівасьці моладзі і вырашылі прыстасаваць залю палацавага пэрыяду для аматараў сэлфі.

Праграма, разьлічаная на тры гадзіны, пачнецца а 17:00. Кошт уваходнага квітка для дарослых — 50 тысячаў рублёў, для дзяцей — 30 тысячаў рублёў.


 

Старажытную рэзыдэнцыю Сапегаў пачалі рэстаўраваць у 2008 року. Адмыслоўцы да цяперашняга дню ўзнавілі ўезную браму, бакавыя флігелі. Цяпер працы адбываюцца ва ўсходнім корпусе замку, дзе з 1765 па 1791 рокі дзейнічаў адзін з найлепшых тэатраў Эўропы. Сёлета на рэканструкцыю тэатральнага флігелю накіруюць каля 600 млн руб.

Аляўціна Чарнаволава, БелТА

Новости из этой категории

0 Комментариев