Як за тыдзень скласьці свой радавод да 5 калена. Расповед чалавека, які шукаў продкаў з-пад Ружанаў

Як за тыдзень скласьці свой радавод да 5 калена. Расповед чалавека, які шукаў продкаў з-пад Ружанаў

Распытаць бабулю і дзядулю пра іхных бацькоў, зьезьдзіць у архіў Горадні ці Менску, пасядзець на сайце мармонаў. Карэспандэнт Свабоды за тыдзень раскапаў свой радавод па адной лініі да пятага калена. Цяпер расказваем, як гэта зрабіць.

Свабода пісала пра бум генэалягічных пошукаў у Беларусі. Мы паспрабавалі заняцца гэтым самі. Аказалася — скласьці свой радавод ня надта цяжка.

Крок 1. Распытаць бабулю і дзядулю

1938 год. Адзіны фотаздымак з прапрадзедам Якубам (крайні справа)
1938 год. Адзіны фотаздымак з прапрадзедам Якубам (крайні справа)

 

«Дзед Ігнат нарадзіўся ў Перавалоцы. Пісаўся з 1903 году. А насамрэч быў з 1907-га. Ён быў каталіком. І ягоны бацька Якуб быў каталіком. Хадзіў да касьцёла ў Ружаны», — распавядае мне па скайпе дзед Коля пра род Трафімовічаў перад тым, як я выпраўляюся ў гарадзенскі архіў.

Пачынаць пошукі варта менавіта з такіх сямейных гісторыяў. Трэба ведаць хаця б прыкладны год нараджэньня найстарэйшага сваяка і царкву ці касьцёл, куды хадзілі продкі. Бо раней ЗАГСамі былі цэрквы, касьцёлы, сынагогі і мячэці.

Мне пашчасьціла, бо дзед ведае дакладную дату нараджэньня свайго бацькі і дзеда. І нават дату сьмерці свайго прадзеда.

«Дзед Якуб нарадзіўся ў 1869 годзе. Ён казаў, што ягоны бацька памёр, калі яму было 13 год», — з такіх сямейных гісторыяў можна вылічыць даты.

Крок 2. Зьезьдзіць на могілкі

Кальварыйскія могілкі ў Менску. Ілюстрацыйнае фота
Кальварыйскія могілкі ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

Могілкі — яшчэ адна каштоўная крыніца для пошукаў. Напрыклад, вядома імя па бацьку прадзеда і больш нічога. Калі магіла захавалася, там будзе напісанае ягонае імя па бацьку (у праваслаўных), гады жыцьця, а побач могуць быць пахаваныя іншыя сваякі, пра якіх вы, можа, нічога ня ведалі.

Крок 3. Вывучыць адміністрацыйны падзел Беларусі ХІХ стагодзьдзя і ехаць у архіў

«Дакумэнты трэба шукаць у Ружанскім касьцёле ці ў Пружанах», — кажа дзед.

Ня верце ўсім дарадцам, якія сьцьвярджаюць, што мэтрычныя кнігі засталіся ў мясцовых архівах ці цэрквах. Ужо даўно ўсе мэтрычныя кнігі і іншыя дакумэнты, выдадзеныя да 1917 году, паперадавалі ў дзяржаўныя архівы.

Вельмі важна ведаць, што падзел дакумэнтаў паміж архівамі адпавядае адміністрацыйнаму падзелу беларускіх земляў ХІХ стагодзьдзя.

У Менску ў Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусі — дакумэнты былых Менскай, Віцебскай і Магілёўскай губэрняў.

У Горадні — тамтэйшае сховішча называецца Нацыянальным гістарычным архівам Рэспублікі Беларусі у г. Горадні — дакумэнты Горадзенскай губэрні.

Частка дакумэнтаў можа быць у Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы ў Вільні, бо ў Віленскую губэрню ўваходзілі сучасныя раёны паўночна-заходняй Беларусі.

Таксама дакумэнты можна знайсьці ў Польшчы. Там могуць захоўвацца дакумэнты некаторых памежных сельсаветаў Горадзеншчыны і Берасьцейшчыны.

Архіўныя сховішчы. Фота Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі
Архіўныя сховішчы. Фота Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі

Ніякіх дазволаў на працу ў архіве ня трэба. Можна проста прыйсьці на месца з пашпартам і зарэгістравацца. У розных архівах сыстэма выдачы дакумэнтаў розная. У Горадні замоўленыя мэтрычныя кнігі выдаюць празь дзень, калі вы мясцовы жыхар, і на наступны дзень, калі вы іншагародні. У Менску попыт большы, а таму мясцовым выдаюць дакумэнты ў залежнасьці ад загрузкі, а іншагароднім — на наступны дзень. Але ў кожным разе лепш загадзя патэлефанаваць і ўдакладніць у самім архіве.

Крок 4. Быць гатовым, што дакумэнты не захаваліся

Вельмі імаверна, што патрэбных дакумэнтаў у архіве можа ня быць, таму ня варта мець вялікіх спадзеваў. Войны, пажары, эвакуацыя ці крадзеж — за стагодзьдзі з архівамі магло здарыцца што заўгодна. Таму як ужо пашчасьціць. Але нават маючы сялянскае паходжаньне, можна дакапацца да дзясятага калена, калі тыя сяляне належалі Радзівілам.

Якраз такая сытуацыя здарылася ў мяне з пошукамі па Горадзеншчыне. Дакумэнтаў па лініі прабабулі Мані і прапрабабулі Тэклі не захавалася. Яны былі праваслаўныя, а мэтрычных кніг усіх навакольных праваслаўных цэркваў у архіве няма. Як казаў дзед, у Другую ўсясьветную вайну сяляне самі спалілі мэтрычныя кнігі, каб немцы не дазналіся дакладны ўзрост маладзёнаў і не павывозілі іх на працу ў Нямеччыну.

Затое інфармацыі пра дзядоў — процьма. Яны былі каталікамі, і ў архіве захаваліся зьвесткі па Ружанскім касьцёле ад канца XVII стагодзьдзя.

Крок 5. Як працаваць са старымі мэтрычнымі кнігамі

Вы прыйшлі ў архіў і зарэгістраваліся. Што далей? Лепш за ўсё пачынаць з мэтрычных кніг, якія захоўваліся ў касьцёлах і цэрквах. Там можна знайсьці інфармацыю пра тры асноўныя рэчы:

  • народзіны дзяцей. У гэтых разьдзелах пісалі дакладную дату народзінаў і хросту, імёны бацькоў (часам пазначаючы дзявочае прозьвішча маці), імёны хросных;
  • шлюб. Пазначана дата і імёны людзей, якія бралі шлюб. Дадаткова ёсьць апісаньне, хто іхнія бацькі;
  • сьмерць. Царкоўныя і касьцельныя архівісты пазначалі дакладную дату сьмерці, яе прычыну і тое, ці засталіся ў нябожчыка жонка і дзеці.

У мэтрычных кнігах пазначаецца саслоўе людзей. Так, напрыклад, запіс пра нараджэньне дзіцяці ў графа Пуслоўскага стаіць побач з аналягічнымі запісамі пра сялян Слонімскай парафіі.

На сайце архіваў (МенскГорадня) ёсьць паказчык мэтрычных кніг, таму загадзя можна даведацца, якія дакумэнты і за якія гады можна будзе замовіць.

Крок 6. Гуляць у дэтэктыва, альбо Што рабіць, калі ў дакумэнтах няма інфармацыі

У мэтрычнай кнізе Ружанскага касьцёла я знайшоў толькі свайго прадзеда. Прычым аказалася, што ён народжаны ня ў той год, як усе лічылі раней. А вось ягонага старэйшага брата і бацькі сярод ахрышчаных у Ружанскім касьцёле няма. Ніводнага чалавека з прозьвішчам Трафімовіч там увогуле няма аж да пачатку ХХ стагодзьдзя.

У гэты момант пачынаецца самае цікавае — трэба аднаўляць гістарычную інфармацыю па ўскосных зьвестках і распрацоўваць вэрсіі, дзе б яшчэ маглі засьвяціцца вашы продкі

Трэба аднаўляць гістарычную інфармацыю па ўскосных зьвестках і распрацоўваць вэрсіі, дзе б яшчэ маглі засьвяціцца вашы продкі

.

Раз Трафімовічаў няма ў мэтрыках Ружанскага касьцёла, значыць, яны аднекуль прыйшлі. Тады я пачаў гартаць мэтрыкі ўсіх суседніх каталіцкіх парафій. І раптам Трафімовічы ўсплылі ў невядомай раней мне вёсцы Трахімовічы ў суседнім Зэльвенскім раёне. З мэтрычных кніг слонімскага парафіяльнага касьцёла выходзіць, што ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя сям’я Якуба і Ганны Трахімовічаў ледзь ня кожны другі год хрысьціць сваіх дзяцей. Вельмі верагодна, што гэтыя Трахімовічы — мае прамыя продкі. Засталося колькі мэтрычных кніг, каб пацьвердзіць гэта на сто працэнтаў.

Крок 7. Пакапацца ў «рэвіскіх сказках» — тагачасных перапісах насельніцтва

Яшчэ інфармацыю пра дзядоў і бабуляў можна знайсьці ў «рэвіскіх сказках». Гэта матэрыялы расейскіх рэвізіяў насельніцтва, якое абкладалася падаткамі. То бо перапісы памешчыцкіх і дзяржаўных сялян, якія былі пад прыгонам. Такія дакумэнты звышкаштоўныя, бо ў іх натаваліся імёны гаспадара, усіх сямейнікаў, іхны ўзрост.

Крок 8. Спраўдзіць сайт familysearch.org

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ня так даўно на сайце familysearch.org выклалі копіі многіх мэтрычных кніг зь Беларусі, Літвы, Украіны, Расеі ды іншых постсавецкіх краінаў. Там можна знайсьці многія з дакумэнтаў, якія захоўваюцца ў беларускіх архівах. Іх адсканавалі і выклалі ў сваю базу вернікі Царквы Ісуса Хрыста Сьвятых апошніх дзён, больш вядомыя як мармоны. Гадоў 30–40 таму яны прыяжджалі ў архівы Савецкага Саюзу і рабілі копіі мэтрычных кніг. Мармоны перасьледавалі сваю мэту — іхняя рэлігія дазваляе абарачаць у вернікаў сваёй царквы нават нябожчыкаў.

«Мноства людзей жылі і ня ведалі пра Ісуса Хрыста і Царкву Ісуса Хрыста сьвятых апошніх дзён, — тлумачаць мармоны. — Зьдзяйсьняючы гэты сакрамэнт за памерлых людзей, мы даем ім магчымасьць у сваім замагільным жыцьці прыняць або не прыняць нашу прапанову хросту».

Гісторыя дзіўная, але факт, што мармоны дазваляюць трапіць у беларускія архівы онлайн. І абсалютна бясплатна. Прычым па тэгах на сайце можна знайсьці зьвесткі пра беларускія парафіі, дакумэнты якіх захоўваюцца за мяжой.

Крок 9. Усё запісваць

Варта занатоўваць згадкі пра ўсіх, хто вам трапіўся ў мэтрыках і хоць збольшага адпавядае крытэрам пошуку. Нехта зь іх можа аказацца проста носьбітам таго самага прозьвішча, а нехта — сваяком. Тое самае тычыцца і хросных — часта яны былі сваякамі.

Цяпер я маю шэсьць сямей Трафімовічаў, якія жылі ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя ў вёсцы Трахімовічы. Пакуль нішто ня кажа пра іх сваяцтва. Але ў мэтрычных кнігах 1830–1840-х яны ўжо могуць аказацца роднымі ці стрыечнымі братамі і сёстрамі.

Крок 10. Быць гатовым, што справа зацягнецца

Генэалёгія зацягвае. Вы пачынаеце з вывучэньня адной галіны, а потым ужо ня можаце спыніцца і працуеце над іншымі. Калі дасьледаваныя ўсе мэтрыкі і «рэвіскія сказкі», можна паспрабаваць знайсьці дадатковую інфармацыю ў спавядальных і прызыўных сьпісах, судовых актах, дакумэнтах аб продажы зямлі. Зьвесткі таксама могуць быць у вялікіх адкрытых базах дадзеных. Напрыклад, у «Картатэцы Сталіна» — там больш за 60 тысяч біяграмаў людзей, рэпрэсаваных у Беларусі. Аналягічная база, але з большым ахопам, зьмешчаная на сайце «Адкрыты сьпіс». Ёсьць таксама «Партал памяці герояў Вялікай вайны 1914–1918 гадоў», дзе сабраная інфармацыя пра ўдзельнікаў Першай усясьветнай вайны.

Што з гэтага атрымалася

Дзед Коля быў упэўнены, што шукаць карані трэба ці ў Ружанах, ці ў Косаве. Аказалася, што ягоныя продкі паходзіць з зусім іншых мясьцінаў
Дзед Коля быў упэўнены, што шукаць карані трэба ці ў Ружанах, ці ў Косаве. Аказалася, што ягоныя продкі паходзіць з зусім іншых мясьцінаў

Мае пошукі толькі пачаліся, але гэтая справа ўжо нагадвае перадачу BBC «Ці ведаеце вы, хто вы?». За адзін тыдзень у мяне цалкам перавярнулася ўяўленьне пра сваё паходжаньне. Як і мой дзед, я быў упэўнены, што ўсе Трафімовічы паходзяць зь вёскі Перавалока, што за 10 кілямэтраў ад Ружаны. Ажно ўсё было зусім іначай.

Па-першае, у продкаў было іншае прозьвішча. За апошнія 150 год сустракаецца пяць варыянтаў яго напісаньня па-расейску і па-польску: Тарахимович, Трахимович, Трохимович, Трафимович, Трофимович.

Па-другое, існуе цэлае гняздо Трафімовічаў — за 60 кілямэтраў на паўночны ўсход ад дзедавай вёскі. Гэта маленькая вёска Трахімовічы на беразе Шчары ў сучасным Зэльвенскім раёне. Ніхто са сваякоў ня чуў пра яе ніколі. Цяпер я ведаю, куды паеду ў бліжэйшыя вольныя выходныя.

Вельмі-вельмі верагодна, што я знайшоў архіўныя згадкі пра свайго тройчы прадзеда і ягоную жонку. Гэта значыць, цяпер ведаю свой род да пятага калена. І ёсьць шанец, што ўдасца дакапацца прынамсі яшчэ да некалькіх кален.

Складаць генэалёгію можна ўсё жыцьцё

Ігар Станкевіч
Ігар Станкевіч

Ігар Станкевіч склаў свой радавод да XVI стагодзьдзя. Гэта ў яго заняло каля 20 год. Пачынаў ён з таго, што распытваў сваякоў і дасьледаваў дакумэнты, якія захаваліся ў сям’і. Дамавая кніга, старыя лісты, здымкі з подпісамі — усё гэта аказалася карысным. І толькі потым ён зьвярнуўся да архіваў. Каб іншым было прасьцей складаць генэалягічнае дрэва, ён стварыў прэзэнтацыю на падставе ўласных пошукаў.

«Я зразумеў, што трэба ўважліва чытаць дакумэнты па некалькі разоў, — кажа Ігар Свабодзе. — На другі ці трэці раз можаш заўважыць тое, на што не зьвярнуў увагу ў першы».

У выніку ён даведаўся пра сваё шляхецкае паходжаньне. І хоць ягоныя дзяды і прадзеды жылі пад Воршай, генэалягічныя пошукі прывялі яго ў Лідзкі павет.

«Там трапляліся прозьвішчы Каменскіх таго ж гербу Роля, што і мае сваякі. На ўсялякі выпадак я пачаў занатоўваць імёны ўсіх Каменскіх. Потым высьветлілася, што лідзкія Каменскія — яны мае сваякі», — кажа Ігар.

Радавод Ігара Станкевіча
Радавод Ігара Станкевіча

Сяргей Герман з Горадні раскапаў свой радавод на некалькі стагодзьдзяў. Ён таксама раіць пачынаць з вуснай гісторыі.

«Бывае, што члены адной сям’і могуць расказваць розныя гісторыі пра аднаго і таго ж чалавека», — кажа ён Свабодзе.

Па яго словах, важна акрэсьліць геаграфію пражываньня продкаў. Сяляне, як правіла, звычайна нікуды не пераяжджалі. А вось са шляхтай — ужо як пашанцуе.

«І паралельна трэба чытаць шмат гістарычнай літаратуры, каб разумець тыя працэсы, якія адбываліся на гэтых землях і ў якія былі ўцягнуты вашыя продкі».

Напрыклад, у другой палове XIX стагодзьдзя ўсе прадстаўнікі роду рэгіструюцца ў адной каталіцкай парафіі, а потым зьнікаюць. Справа ў тым, што пасьля паўстаньня шмат якія касьцёлы ў Беларусі пазачынялі, а значыць, і парафіі зьмяніліся.

Складаць свой радавод раюць з вывучэньня сямейных фотаздымкаў. Подпісы на іх могуць шмат пра што паведаміць
Складаць свой радавод раюць з вывучэньня сямейных фотаздымкаў. Подпісы на іх могуць шмат пра што паведаміць

Сяргей кажа, што ў Беларусі немагчыма абысьціся адным архівам. Зьвесткі могуць быць у Расеі, Літве, Польшчы. Часамі — ва Ўкраіне і Латвіі. Але ехаць за мяжу не заўжды трэба, таму што некаторыя архівы выкладаюць дакумэнты ў вольны доступ. У іншыя можна зрабіць запыт онлайн і атрымаць выпіскі праз электронную пошту.

«Складаць генэалёгію можна ўсё жыцьцё, — кажа Сяргей. — Тут пытаньне імпэту і жаданьня. Бо ўвесь час зьяўляецца нешта новае, калі гэтым займацца».

Колькі каштуе, каб архівісты склалі вам радавод

У абодвух нацыянальных гістарычных архівах могуць правесьці генэалягічнае дасьледаваньне. Мінімальны кошт пошукаў па адной лініі складзе 240 рублёў у Менску і 151,5 рубля ў Горадні. Максымальны кошт — 1800 рублёў у Менску і 1010 рублёў у Горадні. Вам выдадуць архіўную даведку са спасылкай на дакумэнты, дзе знайшлі зьвесткі пра вашых сваякоў.

Яшчэ даражэй гэта будзе каштаваць у агенцтвах, якія складаюць генэалягічныя дрэвы на камэрцыйнай аснове. Гэтая праца патрабуе вельмі шмат часу, таму і расцэнкі такія высокія. Да таго ж, калі дайсьці да пачатку ХІХ стагодзьдзя, у архівах зьяўляецца польская мова. А яшчэ ў ранейшыя часы была ўвогуле лаціна. І нават калі мэтрычныя кнігі захаваліся, ня кожны здолее расчытаць рукапісны тэкст.​

Новости из этой категории