Сёння паэт з Пружаншчыны Мікола Папека стаў пераможцам прэміі імя Францішка Аляхновіча

Сёння паэт з Пружаншчыны Мікола Папека стаў пераможцам прэміі імя Францішка Аляхновіча
15 лістапада – Міжнародны дзень пісьменніка ў зняволенні. Штогод нацыянальныя ПЭН-цэнтры і іх сябры па ўсім свеце адзначаюць гэты дзень, каб падвысіць інфармаванасць насельніцтва аб несправядлівым зняволенні і іншых формах агрэсіі ў дачыненні да пісьменнікаў з розных краін, узгадваючы тых, хто быў забіты, і выказваючы салідарнасьць са зняволенымі.
 
З моманту пачатку выбараў-2020 года праз СІЗА і калоніі праходзяць тысячы беларусаў, на сённяшні дзень за кратамі ўтрымліваецца больш за 860 прызнаныя праваабаронцамі палітзняволенымі. Некаторыя з іх - пісьменнікі, мастакі, музыкі, а некаторыя толькі за кратамі адкрылі ў сабе талент напісання вершаў, казак ды апавяданняў.
 
Сёння былі абвешчаныя сем пераможцаў прэміі імя Францішка Аляхновіча за творы, якія грунтуюцца на асабістым аўтарскім турэмным досведзе.
 
У 2021 годзе прэмію атрымалі:
 
Андрэй Аляксандраў. Вершы з-за кратаў.
 
Аляксандр Васілевіч.“Папа и пингвин”. Казкі пра ўнутраную свабоду, напісаныя ў Мінскім СІЗА.
 
Максім Знак. Цыкл турэмных вершаў. 
 
Вольга Калацкая. Турэмны дзённік(змешчаны ў фэйсбуку).
 
Святлана Купрэева. Цыкл турэмных вершаў.
 
Мікола Папека(Пружанскі раён). Цыкл турэмных вершаў.
 
Андрэй Скурко. Казкі і вершы для сына.
 
Журы таксама адзначыла творчасць паэтаў Эдуарда Акуліна, Ганны Комар, Дзмітрыя Строцава, Андрэя Такінданга, якая таленавіта інтэрпрэтуе тэмы зла, свабоды, няволі і асабістага выбару.
 
Новыя творы ў розных жанрах, ад літаратуразнаўства да мемуарыстыкі і прыпавесцей за кратамі ўжо стварылі і працягваюць працаваць Алесь Бяляцкі, Павел Севярынец, Аляксандр Фядута, якія ўжо з’яўляюцца лаўрэатамі прэміі імя Аляхновіча.
 
Арганізатары прэміі віншуюць лаўрэатаў, жадаюць найхутчэйшага вызвалення і плануюць правесці ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання ў Беларусі адразу, калі гэта стане магчыма. 

Новости из этой категории