Паэта-пчаляра Міколу Папеку падтрымалі ў судзе брэсцкія пісьменнікі, быў зачытаны іх адкрыты зварот

Паэта-пчаляра Міколу Папеку падтрымалі ў судзе брэсцкія пісьменнікі, быў зачытаны іх адкрыты зварот

«Роля суда не ў тым, каб, штампуючы прысуды, сеяць у грамадстве гронкі ятры, канфрантацыі, а ў тым, каб улічваць усе абставіны справы і спрыяць грамадскаму міру», — нагадалі пісьменнікі ў судзе, піша Новы Час


Папека.jpg
Мікола Папека пераглядае хадайніцтвы

 

На чарговым судовым пасяджэнні па «карагоднай справе» Брэсцкага раённага суда ў чацвер, 27 травеня, быў зачытаны іх Адкрыты зварот берасцейскіх пісьменнікаў да суда.

 

У ім Мікола Папека характарызаваўся як аўтар самабытных узораў паэзіі, дапытлівы краязнаўца. Асобна ўказвалася на яго спрыянне культуры праз заснаваную ім Мядовую прэмію, пуд мёду, якой ён «штогод адзначае лепшыя кнігі берасцейскіх і культурова блізкіх замежных літаратараў» і якая была ўручаная ўжо 19 разоў.

 

Суду была прадастаўленая і характарыстыка падсуднага паэта як чалавека. Адзначалася, што ён індывідуальны прадпрымальнік-пчаляр, руплівец, аматар парыроды. Асобна калегі адзначылі крытычны склад розуму Міколы Папекі і праўдалюбства.

 

У Звароце было пададзенае і бачанне рамачных умоў так званай «карагоднай справы». Аўтары спасылаліся на свае спробы ўвосень мінулага года схіліць мясцовыя ўлады да перамоў з тысячамі ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту. У Звароце адзначана, што для пратэстаў былі важкія падставы — масавыя парушэнні заканадаўства пад час жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў і пасля іх. У прыватнасці, «без аб’яўлення надзвычайнага становішча парушалася Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь нават у частцы, калі такое было б аб’яўлена: абмежаваныя правы грамадзян, прадугледжаныя ў артыкуле 24, трэцяй частцы артыкула 25, артыкулах 26, 31». Маецца наўвазе права на жыццё, забарона катаванняў і зневажальнага абыходжання, прэзумпцыя невінаватасці і права на суд.

 

Падпісанты асабліва адзначылі мірны характар «карагоднай справы», хоць магло б быць і па-іншаму. Яны звярнулі ўвагу суда на тое, што ён з’яўляецца не толькі інструментам пакарання. «Роля суда не ў тым, каб, штампуючы прысуды, сеяць у грамадстве гронкі ятры, канфрантацыі, а ў тым, каб улічваць усе абставіны справы і спрыяць грамадскаму міру», — гаворыцца ў Звароце.

 

Літаратары спадзяюцца на адэкватнае, узважанае рашэнне суда ў дачыненні як да Міколы Папекі, так і да іншых падсудных.

 

Адкрыты зварот падпісалі восем чалавек — пяцёра сябраў Рады Берасцейскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў і трое іхніх калег з рэгіёну. Агучваў Зварот у судзе на просьбу Міколы Папекі Яўген Бяласін. З яго словаў, паспелі падпісацца не ўсе калегі. Да некаторых не дайшла або дайшла запозна інфармацыя.

 

Дзяржаўны абвінаваўца пярэчыў, каб зварот пісьменнікаў быў далучаны да матэрыялаў суда. Але суддзя Сяргей Маручак вырашыў, што далучыць варта.

 

Мікола Папека гэтым разам быў не ў сваёй адмысловай антыковіднай масцы з мастацкім надпісам «Карагод». Надзеў белую. Тлумачыў, што гэта хірургічная, «для прэпарыравання». Падсудны паэт стараецца падтрымаць больш маладых сваіх таварышаў і парадай, і жартам.

папека 2.jpg
Абавязковы персанальны агляд перад судом.

Новости из этой категории