Звольніўся работнік Міністэрства фінансаў: На працу не вярнуся, пакуль Лукашэнка не сыдзе ў адстаўку

Звольніўся работнік Міністэрства фінансаў: На працу не вярнуся, пакуль Лукашэнка не сыдзе ў адстаўку

Дзяніс Каляда працаваў кансультантам юрыдычнага ўпраўлення ў Міністэрстве фінансаў 8 гадоў. 17 жніўня ён падаў заяву кіраўніцтву аб далучэнні да страйку. 18 жніўня Дзяніс быў звольнены з ведамства. 

«Першапачаткова мяне збіраліся звольніць за парушэнне абавязкаў дзяржслужачага, бо мы падпісваем абавязкі аб тым, што не будзем удзельнічаць у забастоўках, — расказаў «Нашай Ніве» Дзяніс. — Я пагадзіўся на гэта. Але літаральна праз гадзіну, калі я прыехаў на працу забіраць рэчы, мне сказалі, што Савет міністраў раптам даручыў не звальняць работнікаў, якія далучыліся да страйку.

Я адмовіўся ў любым выпадку працягваць працу. Калі беларускія ўлады дазваляюць сабе не выконваць законы, то і я магу лічыць сябе свабодным ад выканання абавязкаў перад гэтай уладай.

Звольнены я з 18 жніўня. Кіраўніцтва ўгаварыла звольніцца па пагадненні бакоў. Адразу звяртаю ўвагу, што нічога кепскага пра сваё кіраўніцтва (начальніка і намесніка юрыдычнага ўпраўлення Мінфіна) я сказаць не магу. Дарэчы, мне ўжо неаднаразова прапаноўвалі вярнуцца на працу».

Але Дзяніс кажа, што пакуль патрабаванні страйкуючых — у прыватнасці, адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, — не будуць выкананыя, на працу ён не вернецца.

«На жаль, масавасці ў забастоўцы Мінфіна няма, - кажа Дзяніс. - Словы падтрымкі чую ад вельмі многіх, але з прыкладаў рэальнай забастоўкі мала што магу прывесці.

Ёсць, напрыклад, мой калега па юрыдычным упраўленні, які звольніўся на наступны дзень пасля мяне, пасля чаго пабываў у турме ў Жодзіна пасля аднаго з пратэстаў. Я ж пакуль раблю, што магу — практычна кожны дзень ўдзельнічаю ў шэсцях і мітынгах».

Ксенія Вядзмедзь
Крыніца: Наша Ніва

Новости из этой категории