Сёння 113 гадоў з дня нараджэння Міколы Засіма

Сёння 113 гадоў з дня нараджэння Міколы Засіма
104 гады з дня нараджэння Міколы Засіма



Мікала́й Арцё́мавіч За́сім (19 лістапада [ст. ст. 6 лістапада] 1908, в. Шані, цяпер у Пружанскім раёне — 19 ліпеня 1957) — беларускі паэт, крытык.

Біяграфія

Нарадзіўся ў вёсцы Шані Пружанскага павету Расейскай імпэрыі ў сялянскай сям’і. У 1915 сям’я эвакуявалася ў вёску Сасноўка Саратаўскае губэрні. Тут Мікола скончыў пачатковую школу. У 1922 вяртаюцца ў родную вёску.

Працаваў у памешчыкаў, на Пружанскім тартаку (лесапільным заводзе), лесьніком пад Лыскавам. У 1924 годзе ўступіў у падпольную камсамольскую арганізацыю, потым у кампартыю Заходняй Беларусі. Быў старшынём Шаняўскага гуртку сялянска-рабочай грамады, бібліятэкарам Таварыства беларускай школы (1925—1939). За ўдзел у рэвалюцыйным руху польскія ўлады неаднаразова арыштоўвалі Міколу Засіма, саджалі ў турму.

Моладзь з Таварыства беларускай школы, куды ўваходзіў і Мікола, ладзіла ў Шанях і вакольных вёсках спэктаклі, на якія, паводле рапарту павятовага камэнданту паліцыі, прыходзілі рабочыя з Пружанаў. Яны ж дапамагалі ладзіць выязныя спэктаклі ў Пружанах, прывабліваючы на іх патрыятычна настроеную моладзь. 20 сакавіка 1933 году пружанскі павятовы стараста наогул забараніў праводзіць ня толькі таварыскія сходкі, але і сямейныя вечары без дазволу паліцыі. Усяго з 1930 па 1932 гады было пастаўлена 10 спэктакляў.

Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР Мікалай Арцёмавіч Засім быў абраны старшынём Шанёўскага сельсавету. У Вялікую Айчынную вайну партызан у атрадзе імя Чкалава брыгады «Савецкая Беларусь», інструктар Берасьцейскага абласнога антыфашысцкага камітэту. Друкаваўся ў падпольных газэтах «Заря», «За Родину». У 1943 быў прызначаны інструктарам Берасьцейскага абласнога антыфашысцкага камітэту.

Пасьля вайны працаваў загадчыкам аддзелу ў Пружанскім райвыканкаме (1944—46), у берасьцейскай абласной газэце «Заря» (1948—1951), раённай газэце «Зара над Бугам», у 1950—я быў навуковым супрацоўнікам абласнога краязнаўчага музэю. Кіраваў абласным літаб’яднаньнем (1948—1957).

Чалец Саюзу пісьменьнікаў БССР з 1945, чалец КПСС з 1946 году. У 1948 скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, трыма мэдалямі.

Пахаваны на Трышынскіх могілках у Берасьці.

Творчасьць

Літаратурны дэбют Міколы Засіма адбыўся ў 1926 годзе на старонках віленскага сатырычнага часопіса «Маланка» вершам «Ні кароўкі ні мандата», у якім высьмейваўся пан-хітрэц, які хацеў падкупіць выбаршчыкаў, каб трапіць у польскі сейм. Друкаваўся таксама ў часопісах «Літаратурная старонка», «Асва», газэтах «Наша воля», «Наша праца».

Першыя вершы ён падпісваў псэўданімамі «Хлопец», «Агонь», «Асот», «М. Асот», «Міз». У 1933 годзе ў «Родным краі» паэт ужо пад сваім прозьвішчам друкаваў творы побытавай сатыры.

Аўтар зборнікаў паэзіі «Ад шчырага сэрца» (1947), «Вершы» (1954), «Выбранае» (1960), «Вершы» (1973), «А за намі Белавежа» (вершы і паэма, 1984).

У вершах выяўляў сацыяльныя канфлікты ў заходнебеларускай вёсцы, паказваў цяжкое жыцьцё сялянства, выкрываў палітыку польскіх улад. У ваенных і паваенных вершах пісаў пра веліч і цяжар партызанскай вайны ў варожым тыле, радасьць мірнай працы, рост культуры і грамадзкай сьвядомасьці народных масаў у заходніх абласьцёх рэспублікі.

На расейскую мову яго творы перакладаў Аляксандар Твардоўскі.

Ушанаваньне памяці

У Шанях дзейнічае музэй Міколы Засіма.

19 лістапада 2008 году да 100-годзьдзя Міколы Засіма на будынку Пружанскай раённай бібліятэкі ўсталяваная мэмарыяльная дошка.

104 гады з дня нараджэння Міколы Засіма

 

Стэнд, прысвечаны сям'і Засім, у Шаняўской сярэдняй школе



Крыніца: Вікіпэдыя

Новости из этой категории