Як жывуць апошнія жыхары вёскі Манцы Пружанскага раёна

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Манцы Пружанскага раёна

I шанцуе ж мне апошнi час на ардэнаносцаў! Як нi заеду ў маленькую вёсачку, што застаецца на карце жылых населеных пунктаў з-за двух цi трох сталых жыхароў, дык будучы герой тут жа прыносiць з шафы запаветную скрыначку з узнагародамi. Глядзi, маўляў, якi працаўнiк я быў, як вызначыўся ў сваiм калгасе, раёне! Вось i на гэты раз толькi завiталi да Вольгi Максiмаўны Грыцук, а яна дастае з шуфлядкi ордэн «Знак Пашаны» ды iншыя ўзнагароды, а потым агаломшвае заявай: «Вой, як я працавала некалi, i зараз, здаецца, пайшла б на работу, але ўжо не бяруць».

Дачка свайго бацькi

Гэтай жанчыне нiзавошта не дасi яе 88 гадоў: энергiчная, рухавая, працавiтая, усмешлiвая. Ранiцай села на веласiпед i паехала ў Шарашэва па справах. Зяць ёй не раз прапаноўваў пад'ехаць на машыне ды адвезцi на нядзельную службу ў храм, яна адмаўляецца: «Хiба зiмой, як замяце. А цяпер я сама дабяруся, там i пагаварыць са знаёмымi трэба потым, у магазiн зайсцi, каб не спяшаючыся».

Вольга Грыцук паказвае нам свой прыгожы падворак. Апошнiм часам захапiлася развядзеннем вяргiнь, яны, розных колераў i розных гатункаў, зараз радуюць вока дружным цвiценнем. Яе знаёмыя скардзяцца, што ў iх не растуць кветкi, а ў яе дык ажно буяюць. Гаспадыня дзелiцца сакрэтам: i ў яе не вельмi раслi на адным месцы, дык яна вясной пасадзiла iх на другiм участку, там зямля аказалася больш прыдатная для гэтых кветак, яны разраслiся. А ў яе ўсё так — калi бярэцца, то робiць як найлепш. Кажа, раней, калi свiней трымала, тыя раслi самымi вялiкiмi ў акрузе. Ну i на рабоце такая ж увiшная была, не ўсiм, зразумела, ордэны ў калгасе давалi.

Вырасла Вольга ў суседнiх Пацынiчах. Памятае, як у вайну ў лесе сядзелi з бабуляй. Бо лясы кругом, балоты. Партызаны былi, таму немцы з насельнiцтвам не цырымонiлiся. Вось людзi i баялiся. Ну а пасля вайны сталi арганiзоўваць калгасы. «Бацька пайшоў на сход, доўга не было, — расказвае Вольга Максiмаўна. — А калi вярнуўся дадому, сказаў, што сход праходзiў цяжка, людзi не хацелi запiсвацца, тады ён падышоў i запiсаўся першы. Мацi, вядома, у слёзы. Нiхто ж не ведаў, як гэта будзе ў калгасе. Але ж нiчога, прызвычаiлiся».

Старэйшына сям'i

У канцы 50-х Вольга выйшла замуж i пераехала да мужа ў Манцы. Тады хата была меншая, а жылi ў ёй дзевяць чалавек. Бо сям'я старэйшага сына гаспадароў таксама перасялiлася да бацькоў, у iх згарэў дом ад удару маланкi. Але паступова старэйшы брат адбудаваўся, а яны з мужам сталi добраўпарадкоўваць гэтую хату, дабудавалi памяшканне для кухнi, веранду. «Драўнiна ў нас пушчанская, на стагоддзi разлiчаная, раней не на адно пакаленне хату ставiлi», — разважае гаспадыня. Вось тут яны пражылi з гаспадаром паўстагоддзя, дзвюх дачок выгадавалi. Зараз ужо шэсць гадоў жыве адна. Але ж бабуля багатая — мае пяць унукаў, 12 праўнукаў, яны не забываюць. Старэйшы праўнук у аграрна-тэхнiчным унiверсiтэце вучыцца, неўзабаве 21 год. «Пытаю, цi хутка ты, Дзянiс, жанiцца будзеш? Я ж не з цiкаўнасцi, мне ведаць трэба, каб грошай сабраць на вяселле», — смяецца Вольга Максiмаўна. А ён мне: «Не спяшайся, бабуля, трэба вучобу скончыць». У праўнука на вяселлi пагуляць — ганаровая мiсiя, не кожнаму ўдаецца». За сям'ю сваю мацi i бабуля сямейства спакойная, усе выраслi годнымi людзьмi, працуюць, вучацца. Толькi пра здароўе старэйшай дачкi непакоiцца, бо стала яно падводзiць.

Стакан малака ў «Парыжскай камуне»

Але зноў вяртаемся да яе высокiх узнагарод. Былая калгаснiца расказвае, за што атрымала ордэн. Працавала раней i звеннявой ў паляводстве. Лён сушылi дома, прыносiла яго з пылам, брудам i закiдвала на печ. Потым церлi яго рукамi. «Колькi льну перацерлi, да гэтай пары рукi памятаюць». А яшчэ ездзiла па хатах i збiрала попел у людзей. Для лёну гэта добрае ўгнаенне. Таму каня запрагала i ездзiла ад хаты да хаты. Вось так вырошчвалi той лён. А буракоў як звеннявая брала сабе гектар, iншым жанчынам выдзялялi па палове гектара. Трэба было два разы апалоць, а потым вырваць, пагрузiць у машыну.

— Калi вызвалiлася месца на ферме, пайшла даяркай, — працягвае аповед былая калгаснiца. — Тады не так працавалi, як зараз, трэба было кармы разгрузiць, каровам раздаць, насiлi той цяжкi сiлас у такiх, як мы называлi, калысках. А ў мяне сястра побач працавала, яна кульгавая была. Дык яе каровам я таксама корму нацягвала. Бывала, муж прыходзiў, дапамагаў, але яму не заўсёды выпадала, сваёй работы на пiлараме хапала.

Згадала былая працаўнiца калгаса «Парыжская камуна» цiкавы выпадак з праверкай якасцi работы. Было гэта, калi толькi-толькi сталi пераходзiць з ручной дойкi на механiчную. Пасля таго як выдойвалi карову апаратам, старанная даярка астаткi выдойвала рукамi, а iншая i так пакiдала. Дык вось аднойчы на ферму завiтала камiсiя — акурат пасля вячэрняй дойкi. Пажадалi праверыць, цi добра падоеныя каровы. Вольга Грыцук прапанавала iм шклянку ў якасцi посуду. Яны ўзялi сасуд з недаверам, толькi з яе 12 кароў тыя iнспектары не надаiлi i шклянкi. А ў групах некаторых iншых даярак атрымалi амаль па вядры малака. Вось тады, мусiць, да яе i сталi прыглядацца як да патэнцыйнага перадавiка. У вынiку ў 1986 годзе даярку ўзнагародзiлi ордэнам «Знак Пашаны».

Дуб ад прадзеда

Цяпер Вольга Максiмаўна даглядае агарод, сваю няхiтрую гаспадарку. Ёсць некалькi курачак ды кошка з кацянятамi. Кажа, што на газавай плiце амаль не гатуе, толькi падагравае. Распальвае кожны дзень плiту каля печы: па-першае, для цяпла ў хаце, а па-другое, там i прыгатуецца смачнейшае. Газету выпiсвае, тэлевiзар глядзiць, каб ведаць, што ў свеце робiцца. Са сталых жыхароў у вёсцы засталося дзве жанчыны — яна i Валянцiна Манцэвiч. На радасць пенсiя-неркам аблюбавалi гэты куток i дачнiкi. Найблiжэйшы сусед Вольгi Грыцук — Барыс Габец. Барыс Васiлевiч працуе ў Шарашэўскiм ляснiцтве Нацыянальнага парку, тут купiў хату, побач узвёў дачны дом. Ён жа стараецца падтрымлiваць парадак у вёсцы, напрыклад устанавiў крыж. I цяпер крыж побач са старымi дрэвамi, якiя ўтвараюць арку, ажыўляе гэты ўезд. А дрэвы тут асаблiвыя. Па ўсёй вёсцы растуць векавыя дубы. Дарэчы, Барыс Габец прызнаўся, што яго i прывабiлi гэтыя дубы як сiмвал нейкай спрадвечнасцi, пастаянства.

У двары Вольгi Грыцук таксама расце дуб, якому гадоў дзвесце. Паводле сямейнага падання, яго пасадзiў прадзед мужа. Ну а цяперашняя гаспадыня не так даўно задумала спiлаваць дрэва, бо яно ўяўляе пэўную пагрозу для дома. Ужо i спецыялiсты было прыехалi. Але ўсе сталi адгаворваць Вольгу Максiмаўну, i найперш яе новы сусед. Тады сышлiся на тым, што зрэзалi адну галiну. Ну i мы са старшынёй сельскага Савета Святланай Амельянец падтрымалi меркаванне абаронцаў дрэва. Вiдаць, што i гаспадыня вагаецца: «Ну то няхай пастаiць, паграбу яшчэ гэтыя жалуды». Iх кожны дзень пад ногi падае столькi — утвараецца амаль што жалудовы дыван, на якiм можна паехаць i паслiзнуцца, таму кожны дзень iх трэба зграбаць. Але ж стары дуб таго варты…

Святлана Амельянец сказала, што для яе гэта вёска асаблiвая. Калi дрэнны настрой, калi на рабоце праблемы, калi цяжка на душы, стараецца прыехаць сюды, пагаварыць з жыхарамi, пахадзiць тут. Нават паўгадзiны бывае дастаткова, каб вярнуць душэўны спакой. «Тут цiшыня асаблiвая, як цяпер кажуць, энергетыка станоўчая, можа, гэтыя векавыя дубы яе падтрымлiваюць, можа, што iншае, — гаворыць Святлана Анатолеўна. — I вiдаць, не толькi я гэта заўважыла. Вось i з Брэста нядаўна чалавек купiў старую хату, будзе ўладкоўваць. А Брэст жа не блiзка. Добра, хоць дачнiкi не даюць згаснуць жыццю ў Манцах».

Святлана ЯСКЕВIЧ

Крыніца: zviazda.by

Новости из этой категории