Гісторыя і сучаснасць сядзібы Трамбіцкіх "Лінова, пас. Інтэрнацыянальны, Пружанскі раён

Гісторыя і сучаснасць сядзібы Трамбіцкіх "Лінова, пас. Інтэрнацыянальны, Пружанскі раён

СЯДЗІБА ТРАМБІЦКІХ "ЛІНОВА"
пас. Інтэрнацыянальны, Брэсцкая вобласць
#архітэктура_Брэстчыны #сядзібы #старыя_выявы

Сядзіба "Лінова" была закладзена на мяжы XVIII-XIX стагоддзяў Вінцэнтам Трамбіцкім, кіраўніком судоў Пружанскага павета і галоўным лоўчым кобрынскіх лясоў. Да падзелу Рэчы Паспалітай ён быў шамбелянам у караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, а пасля набыў маёнтак Лінова, які вырашыў ператварыць у сваё радавое гняздо. Вінцэнт Трамбіцкі пабудаваў сціплы аднапавярховы дом з цэглы, які ў пачатку XX стагоддзя быў значна пашыраны і перабудаваны яго ўнукам Уладзіславам Трамбіцкім.

Пасля рэканструкцыі па праекце архітэктара Луба цэнтрам маёнтка стаў вялікі двухпавярховы дом, агульная даўжыня якога разам з бакавымі крыламі склала 110 метраў! За домам раскінуўся вялізны прыгожы парк, праз які была пракладзена маляўнічая ліпавая алея. Аднак завяршыць усё задуманае Трамбіцкія не паспелі, таму што пачалася Першая Сусветная вайна. Будаўніцтва палаца прыпынілася і ў далейшым ужо не аднаўлялася. Падчас вайны ў вёсцы стаялі немцы; яны вывезлі большасць каштоўных папераў і рукапісаў, а таксама частку шыкоўнай бібліятэкі, сабранай дзядзькам Уладзіслава Трамбіцкага, яго цёзкай, знакамітым калекцыянерам і бібліёграфам.

Трамбіцкія жылі ў Лінова ўвесь час да прыходу бальшавікоў. Апошнім уладальнікам Лінова быў Казімір Трамбіцкі. Пры ім у доме яшчэ захаваўся шляхецкі характар, былі раскошныя інтэр'еры, мармуровыя скульптуры, партрэты родаў Трамбіцкіх і Ажэшкаў. У 1939 годзе з прыходам бальшавікоў усё было разрабавана, а сам маёнтак Лінова быў перайменаваны ў пасёлак Інтэрнацыянальны.

З таго часу ў сядзібе размяшчаліся разнастайныя савецкія ўстановы, аб чым у нашы дні нагадвае ўсталяваны на самым бачным месцы бюст Леніна. Зараз сядзібны дом знаходзіцца ў аварыйным стане і цалкам закінуты. Ужо некалькі разоў сядзібу выстаўлялі на аўкцыён і праз час канфіскоўвалі ў гаспадароў за адсутнасцю дастатковых сродкаў на яе рэстаўрацыю...

Крыніца: https://vk.com/wall-45090143_4653

Новости из этой категории