Да чарговай гадавіны паўстання Каліноўскага відэа, як на Пружаншчыне асвяцілі помнік паўстанцам

Да чарговай гадавіны паўстання Каліноўскага відэа, як на Пружаншчыне асвяцілі помнік паўстанцам

З нагоды чарговай гадавіны паўстання Каліноўскага прапануем вашай увазе відэа пра тое, як 3 гады таму на Пружаншчыне асвяцілі помнік паўстанцам 1863-1864 гадоў(глядзець з гукам):

Ля вёскі Ласасін Пружанскага раёну адбылося асвячэнне помніка палеглым паўстанцам 1863—1864 гадоў, паведамляе “Радыё Рацыя”.

На ўрачыстасцях прысутнічалі сябры мясцовай філіі Таварыства беларускай мовы (ТБМ), прадстаўнікі інтэлігенцыі з Берасця, Гародні, Пружанаў, а таксама святары. Свой верш зачытаў колішні галоўны рэдактар пружанскай газеты „Раённыя будні”, адзін з тых, хто аднаўляў помнік напрыканцы 80-х гадоў, Мікола Антаноўскі:

– Помніць край сасновы, верасовы,

як з “Мужыцкай праўдаю” на прызбах,

дзецюкі і хлопцы кастусёвы

зрэбнаю свабодай трызнілі.

А пасля, абняўшы сохі з жалем,

косы – з-пад застрэшкаў і – наўсторч…

Касінераў без труны хавалі,

палажыўшы пад галовы корч.

Ды не гэта страшыла іх душы.

Горш за смерць – пазбавіцца надзей.

Будуць маскалі, паны, чынушы дзерці

і далей сем шкур з людзей.

Хай палеглі тут, у вольнай пушчы,

зіпуны і світкі на зары.

Мой народ, я веру, неўміручы.

Бо нашчадкам Волю падарыў.

Помнік на магіле, у якой пахаваныя парэшткі сарака чалавек, быў усталяваны яшчэ ў міжваенныя часы другой Рэчы Паспалітай. Пазней, з прыходам Саветаў, яго зруйнавалі, і ўжо на хвалі беларускага адраджэння напрыканцы 1980-х высілкамі мясцовых ТБМ і БНФ аднавілі. Ужо ў найноўшай гісторыі, у 1998 годзе, помнік быў расстраляны падчас вучэнняў, бо знаходзіцца цяпер ён на тэрыторыі вайсковага палігону вайскова-паветраных сілаў. У 2000-м была зроблена новая пліта і адбылося яе ўсталяванне над магілай паўстанцаў. Мясцовая грамада перыядычна ладзіць сюды экскурсіі.

Новости из этой категории