20 гадоў таму пасля растрэлу ў Пружанскім раёне актывісты аднавілі помнік паўстанцам Каліноўскага

20 гадоў таму пасля растрэлу ў Пружанскім раёне актывісты аднавілі помнік паўстанцам Каліноўскага
Гадавіна аднаўлення помніка паўстанцам Каліноўскага.

 

Гадавіна аднаўлення помніка паўстанцам Каліноўскага.


24 траўня 1863 г. непадалёк ад Ружанаў, ля вёскі Ласасіна, што на ўскрайку Ружанскай пушчы, адбылася жорсткая сутычка расейскіх карнікаў з аддзелам паўстанцаў, якімі камандаваў пружанскі шляхціц Уладзімер Шчасны. У аддзеле на той час знаходзіўся і паплечнік Кастуся Каліноўскага Валеры Ўрублеўскі. Паўстанцы панесьлі цяжкія страты, 40 чалавек загінулі ў тым баі. Урублеўскі, праўда, з часткаю атраду вырваўся з акружэньня. Больш падрабязней пра гэткю бітву чытайце тут.

Мясцовыя жыхары пахавалі палеглых на месцы бою ў брацкай магіле, паставілі крыж. Ішлі гады, крыж сатлеў, але сяляне з навакольных вёсак памяталі і пра бой, і пра загінулых. Як мясцовае паданьне. Праз 70 гадоў польскія ўлады паставілі на месцы пахаваньня сьціплы помнічак: невялікі абэліск з паліраванага чорнага граніту з выбітым надпісам: “Prochom 40 powstancow polskich poleglych w 1863 r. w walkach z najezdzca. Mieszkancy powiatu”.

Побач з гэтым месцам жылі польскія асаднікі, былыя легіянэры Пілсудзкага. Жылі бедна, зямля тут неўрадлівая, пясок. Яны і даглядалі магілу.

У 1939 годзе Чырвоная Армія вызваліла заходніх беларусаў ад польскага панаваньня, а заадно і ад польскіх помнікаў. Абэліск у гонар нашых гераічных паўстанцаў зьнік, асаднікаў у адну марозную зімовую ноч вывезьлі пад Архангельск, дактароў, настаўнікаў, ксяндзоў — у Сібір. Потым прыйшлі немцы, за імі, у 1944 годзе, так званыя “другія Саветы”. Адыходзілі ў нябыт людзі, але калектыўная памяць жыла. У 1989 годзе, калі ўжо адчуваўся слабенькі подых свабоды, а “імпэрыя зла” дажывала свае апошнія гады, успомнілі мясцовыя людзі і пра гэтае сьціплае надмагільле. Ужо дзейнічаў БНФ, утварылася ТБМ, ачунялі мясцовыя краязнаўцы і проста сумленныя людзі. Настаўнік з Клепачоў, суседняй з Ласасінам вёскі, Мікалай Пянка два дні шукаў у лесе месца пахаваньня паўстанцаў. Дапамог яму селянін з Ласасіна Якуб Заяц. Знайшлі і брацкую магілу, і абэліск, трохі пабіты, зарослы травою і мохам. Да гэтай справы далучыліся энтузіясты з Ружанаў (Аляксандар Пракапеня і Юры Малышэўскі) і з Пружанаў (Генадзь Сарока, Восіп Машкала, І.Здановіч), грамадзкае аб’яднаньне “Спадчына”, фронтаўская суполка. Знайшліся і фундатары: Пружанская ПМК і радыёзавод дапамаглі матэрыяламі, транспартам. На працягу тыдня помнік аднавілі, правялі ўрачыстае адкрыцьцё. Ды ня доўга цешыліся.

Справа ў тым, што пасьля вайны на месцы былога паселішча асаднікаў быў створаны палігон, і магіла паўстанцаў апынулася на яго тэрыторыі. І ў 1998 годзе нашыя гераічныя авіятары, спэцыялісты па зьбіваньні паветраных шароў, расстралялі помнік зь верталёта. Хоць ні памерамі, ні формай ён абсалютна не нагадваў самалёт ці танк, муляжы якіх былі расстаўленыя па палігоне.

Трэцяе нараджэньне помніка адбылося ў 2000-ым годзе, ініцыятываю, сродкамі і працаю ўсё тых жа пружанскіх энтузіястаў. У нядзелю 8-га кастрычніка адбылося адкрыцьцё. Помнік асьвяцілі ружанскі ксёндз Януш і бацюшка зь вёскі Варанілавічы айцец Уладзімер. Была моладзь з Ружанаў, Пружанаў, навакольных вёсак. Былі прамовы і ўспаміны. Цёплы восеньскі дзень. Прыгожа і ўрачыста.

 

Новости из этой категории