Памёр Уладзімер Крукоўскі- беларускі мастак-плякатыст, які з залатым мелалём скончыў школу ў Ружанах

Памёр Уладзімер Крукоўскі- беларускі мастак-плякатыст, які з залатым мелалём скончыў школу ў Ружанах

Уладзі́мер Я́каўлевіч Круко́ўскі  (6 сакавіка 1937, Асіповічы — 3 красавіка 2022) — беларускі мастак-плякатыст, журналіст. Адзін з аўтараў дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь «Пагоня», стваральнік больш як двухсот плякатаў разнастайнай тэматыкі.

Жыцьцяпіс

Нарадзіўся ў Магілёўскай вобласьці ў сям’і вайсковага будаўніка. Па працы сям’я пераяжджала ў Бабруйск, Вязьму, Урэчча, на станцыю Нурэц, нямецкую акупацыю перажылі ў Залесьсі (цяпер на тэрыторыі Польшчы).

Дзяцінства правёў у мястэчку Ружаны Берасьцейскай вобласьці, дзе навучаўся ў сярэдняй школе. Скончыўшы яе ў 1954 року з залатым мэдалём, паступіў на архітэктурна-будаўнічы факультэт Беларускага політэхнічнага інстытуту. Адслужыўшы ў войску, вярнуўся ў Ружаны і працаваў мастаком-афармляльнікам.

У 1970 пераехаў у Менск, працаваў у «Агітплякаце Саюзу мастакоў БССР». У 1972 року скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага пэдагагічнага інстытуту.

Працаваў мастацкім рэдактарам часопісаў «Маладосьць» (з 1979), «Мастацтва Беларусі» (1982—1984), «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», «Спадчына» (1989—1998). Публікаваўся ў часопісах «Спадчына», «Наша вера», тыднёвіках «ЛіМ», «Наша Ніва», газэтах «Голас Радзімы», «Рунь», «Народная воля» і інш.

Сябра Беларускага саюзу мастакоў (1975) і суполкі «Пагоня». З 1976 року — намесьнік старшыні сэкцыі плякату БСМ, сябра праўленьня, пасьля 10 рокаў кіраўнік плякатнай сэкцыі. У 1970-80-я быў актыўным удзельнікам творчага асяродку «На Паддашку». Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў (1998) і Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Адзін з кіраўнікоў «Мартыралёгу Беларусі», сябра Беларускага народнага фронту з моманту заснаваньня, сябра Сойму БНФ. У 1993 року адышоў ад актыўнай дзейнасьці ў структурах БНФ.

У 1990 року кіраваў кампаніяй Зянона Пазьняка на выбарах у Вярхоўны Савет БССР.

З 1998 року на пэнсіі. Жыве ў Бараўлянах.

Творчасьць

Асноўная тэматыка плякатаў — мінуўшчына, культура, экалёгія, антываенныя і юбілейныя тэмы, афішы. Аўтар плякатаў «Помнікі архітэктуры — нацыянальны скарб» (1973), «Назаўсёды ў памяці народа» (1974), «У бітвах за волю, у бітвах за долю!..» (1980), трыпціху «Дзень X» (1996), «Што ж мы за людзі?» (1998), «Білінгвізм», «Свабоду палітвязьням!», «БНР — 90»; шэрагу плякатаў, прысьвечаных славутым дзеячам Беларусі: Францішку Скарыну, Міколе Гусоўскаму, Васілю Цяпінскаму, Кастусю Каліноўскаму, Цётцы (Алаізе Пашкевіч), Максіму Багдановічу, Янку Купалу, Якубу Коласу, Івану Луцкевічу, Язэпу Драздовічу і іншых, агульнай колькасьцю больш за 200.

Удзельнічае ў шматлікіх усесаюзных, рэспубліканскіх, замежных выставах плякату ад 1972 року. Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі, Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі, Дзяржаўным літаратурным музэі імя Максіма Багдановіча, Дзяржаўным літаратурна-мэмарыяльным музэі імя Якуба Коласа, музэях Летувы, Польшчы й Расеі.

Аўтар (разам зь Яўгенам Куліком) эталёну дзяржаўнага гербу «Пагоня», а таксама сьцягу і малой эмблемы БНФ.

Аўтар кніг на тэму беларускай шляхецкай геральдыкі: «Срэбная страла ў чырвоным полі» (2010) і «Сьмеласьць. Годнасьць. Гонар» (2013).

Прэміі і ўзнагароды

  • Мэдаль «За заслугі ў выяўленчым мастацтве»

Крыніца: https://be-tarask.wikipedia.org/wiki/%D0%A3%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D0%B7%D1%96%D0%BC%D0%B5%D1%80_%D0%9A%D1%80%D1%83%D0%BA%D0%BE%D1%9E%D1%81%D0%BA%D1%96

Новости из этой категории