Сёння - 98 гадоў з дня нараджэння Серафіна Корчака-Міхалеўскага: "Я Пружаны люблю больш, чым ..."

Сёння - 98 гадоў з дня нараджэння Серафіна Корчака-Міхалеўскага: "Я Пружаны люблю больш, чым ..."

Сэрафі́н (Ко́рчак-)Міхале́ўскі (18 траўня 1923, Брэст-над-Бугам — 15 студзеня 2006, Варшава) — беларускі і польскі філёзаф, філёляг, паэт.

Жыцьцяпіс

Нарадзіўся ў сям’і прадстаўнікоў старога шляхецкага роду. Дзяцінства правёў у вёсцы Росахі (цяпер у Пружанскім раёне). Скончыў польскую гімназію імя Адама Міцкевіча (1939), беларускую сярэднюю школу №1 (1941) у Пружане.

У 1941 сям’я вывезеная ў Сыбір, дзе Сэрафін паступіў у Новасыбірскі пэдагагічны інстытут, займаўся германскімі мовамі. З 1943 — на службе ў Войску Польскім, скончыў афіцэрскую артылярыйскую школу ў Кастраме. Камандаваў батарэяй у складзе 3-га Бэрлінскага палку(pl) I дывізіі пяхоты імя Тадэвуша Касьцюшкі. Удзельнічаў у вызваленьні Варшавы, баях пад Бэрлінам. Тройчы быў паранены, стаў інвалідам. Узнагароджаны ордэнам Віртуці Мілітары, мэдалямі.

Па вайне навучаўся ва ўнівэрсытэтах Лодзі, Уроцлава, Варшавы. Атрымаў дыплёмы магістра па філязофіі і ангельскай філялёгіі. Працаваў навуковым супрацоўнікам у Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве, у Інстытуце матэматычных лічбавых машын, у бібліятэцы Акадэміі навук, у рэдакцыі футуралёгіі.

Рукапакладзены ў дыяканы, парафіянін варшаўскае праваслаўнае царквы сьв. Яна Клімака.

Дзейнасьць

Займаўся навукова-дасьледчай дзейнасьцю ў галіне філязофіі, рэлігіі, філялёгіі.

Напісаў тэарэтычную працу «Ўводзіны да трансцэндэнтальнай мэдытацыі» і каля дзесяці навуковых рэфэратаў, прысьвечаных рэлігійна-філязофскаму вучэньню старажытнай Індыі — ёзе. У Варшаўскім унівэрсытэце наладзіў дзьве першыя ў Эўропе выставы, прысьвечаныя вучэньню ёгі.

Яму належыць тлумачэньне дагмату пра Сьвятую Тройцу і тэадыцэю, устанаўленьне сапраўднага аблічча Багародзіцы і Збавіцеля. Сэрафін Міхалеўскі пераклаў на польскую мову праваслаўную імшу сьвятога Яна Златавуснага.

Аўтар шматлікіх працаў па лінгвістыцы. Склаў два санскрыцка-польскія слоўнікі, сэлектыўную біяграфію па 900 мовах (слоўнікі і граматыкі), бібліяграфію караімскіх кніг. Распрацаваў праект рэформы кітайскага герагліфічнага пісьма. Афіцыйна засьведчанае ягонае валоданьне 17 мовамі.

Выдаў некалькі зборнікаў уласных афарызмаў на польскай мове. Болей, аднак, вядомы ў Польшчы як паэт. Уваходзіў у Міжнароднае таварыства паэтаў (анг. International Society of Poets). Паэтычныя творы друкаваліся на ангельскай, беларускай, польскай мовах у пэрыядычных выданьнях Варшавы, штотыднёвіку беларусаў Польшчы «Ніва», самвыдаце («Бельскі гостінэць», «Białowieżanin») і на радзіме паэта, у пружанскай газэце «Раённыя будні». У Музэі славутых паэтаў (анг. The International Poetry Hall of Fame) адна з экспазыцыяў прысьвечаная Сэрафіну Міхалеўскаму.

Сям’я

Меў брата Ежы (? — 1989, Польшча) і сястру Варвару (жыла і памерла ў Пружанах).

Цытаты Сэрафіна Корчак-Міхалеўскага:

10.01.1994

Жыццёвая парада для тых, каго спасцігла няўдача: неадкладна сядзь, вазьмі запісную кніжку і пералічы шчаслівыя моманты, якія з’явіліся на тваім шляху ў апошнія два гады…

Сакавік 1994

Як ніхто не выбірае сабе бацькоў, так ніхто не выбірае сабе гісторыю. Нават пры розных інтэрпрэтацыях, тлумачэннях трэба ведаць яе факты.

Красавік 1994

Чаму пружанцы не ходзяць у царкву? Прычын шмат. Адны кажуць, што хадзілі б, калі б там добра спявалі. Але раз хор пад кіраўніцтвам Таццяны Матусевіч заваяваў у Гайнаўцы другое месца, то, значыць, спяваюць добра… Іншыя кажуць, што царкоўнаславянскай мовы не разумеюць. Але калі б падалі прашэнне святару, то не толькі пропаведзі, але і «Апостал», і «Евангелле» былі б на беларускай мове… Ёсць такія, хто сцвярджае, што Бога няма, але тады дакажыце мне гэта. Да гэтага часу ні аднаго доказу Яго адсутнасці не паказалі.

Красавік 1994

Адзін ксёндз надрукаваў, што ў праваслаўных іконы нікуды не вартыя. Відаць, ён не бачыў пружанскай «Галгофы»… Я, грэшны, быў сведкам таго цуду, які адбыўся ў храме 9 красавіка 1934 года, і нават дакранаўся да слязы Багародзіцы… Падумаць толькі: з часоў Уладзіміра Вялікага і да нашых дзён па ўсёй зямлі рускай нідзе больш Маці Божая не плакала. Будзь гэта ў каталікоў, на свята прыехаў бы першаіерарх цэлай краіны з усімі епіскапамі і сярод натоўпу адслужыў бы набажэнства… А наш Патрыярх пра пружанскую «Галгофу», відаць, і не чуў… У Пружанах павінна быць лаўра! Нават у Супраслі каля Беластока маецца лаўра, а 10-мільённы беларускі народ лаўры не мае. Я прапанаваў мітрапаліту Філарэту пабудаваць лаўру ў Пружанах, адказу не атрымаў…

02.05.1994

Што тычыцца іерэя, які павесіўся (заўв. аўтара — мае на ўвазе святара Іуліяна Германовіча, які 5 гадоў служыў у Сухопальскім храме), то па тэорыі злучаных сасудаў віна ляжыць на ўсіх. Хвароба духоўная можа здарыцца ў кожнага…

02.05.1994

Ваша газета «Раённыя будні» з’яўляецца махавым колам Пружаншчыны і павінна мець касмічны светапогляд.

09.07.2000

Я Пружаны люблю больш, чым большасць пружанцаў, якія не ведаюць пра іх «залаты россып» — знакамітых на ўвесь свет пружанцаў, таму яны горшыя за язычнікаў… Я патрыёт, перажываю душой за мой любімы горад, а найперш — за яго праваслаўе.

09.04.2001

Я трапіў у лік 30 самых лепшых англамоўных паэтаў свету і ўжо ў думках арганізаваў у Пружанскім палацыку свой паэтычны вечар. Сцэнарый гатовы ў галаве. Пружанец у перадавым атрадзе паэтаў свету — нагода відавочная!

01.10.01

Нешта падобнае на цыліндрычныя слупы для аб’яў можна было б усталяваць і ў Пружанах: каля аўтавакзала, на плошчы, каля касцёла, на скрыжаванні Чырвонаармейскай і Свабоды, Леніна і Савецкай… На ўсіх уездах у Пружаны трэба павесіць план з турыстычнымі славутасцямі горада і раёна… У кіёсках можна прадаваць карцінкі з партрэтамі знакамітых пружанцаў, рэпрадукцыі цудатворных пружанскіх абразоў. У парку ўсталяваць бюсты прадстаўнікоў «залатога россыпу Пружаншчыны».

01.09.2002

Калісьці па тэлебачанні я пачуў, што пружанская агратэхнічная школа самая лепшая ў СССР. Дык чаму ж пружанскаму музею не стаць лепшым у Беларусі? Трэба проста выканаць некалькі ўмоў. Праяўляць незвычайную для глыбінкі ініцыятыву. Прымаць парады ад усяго свету, не казаць: мы і самі з вусамі. Не грэбаваць звышнатуральнымі сіламі: айцец Іосіф (заўв. аўт. — Балюк, памёр у 2007) не адмовіць адслужыць малебен…

09.02.2003

Пружаншчына павінна ўключацца адважней у экуменічны рух (заўв. аўт. — рух за збліжэнне і аб’яднанне розных хрысціянскіх канфесій)… Надышоў час для глабалізацыі і адкрытасці ўсяму свету: культуры не адымаюць, а складаюць.

11.08.2003

«Залаты россып» складаюць і пружанскія святары. Абавязкова трэба збіраць матэрыялы пра іх. Васкрасенскі, Пілінкевіч, Імшэннік, у якога я прыслужваў у Прачысценскім храме, Уладзімір Кудраўцаў (пасля — архімандрыт Жыровіцкага манастыра Серафім, які памёр у 1943 г.)… У ідэале ў Пружанах павінна быць два музеі: уласна гістарычны і выставачная галерэя. А ў будучыні ўсю інфармацыю аб рабоце музея трэба выкладваць у інтэрнэт…

09.12.2003

Я напісаў ліст у выканкам пад уплывам бедства ў Францыі, калі ў выніку падпалу згарэла незлічонае мноства гектараў лесу. Давайце на выпадак стыхіі думаць пра Белавежскую пушчу. Для гэтага трэба пабудаваць вузкакалейную лінію Аранчыцы-Пружаны-Белавежа, на якой на запасных шляхах будуць стаяць цыстэрны з вадой. На рацэ Ясельда ля Харавы трэба зрабіць вадасховішча, з якога пажарныя верталёты змогуць браць ваду. У Польшчы вузкакалейкі разабралі, а цяпер шкадуюць пра гэта, бо імі захапляліся і дзеці, і турысты. А будучыня Пружан менавіта ў турызме і ў рамястве, бо цяжкай прамысловасці там няма. Трэба арганізоўваць курсы ганчароў, печнікоў, кавалёў, гадзіннікавых спраў майстроў, фатографаў, дырыжораў і журналістаў…

09.01.2004

Тэма пружанскіх яўрэяў «вісіць» у паветры і чакае рашэння. Можна зрабіць выставу, на якой паказаць план горада з абазначэннем месцаў пражывання яўрэяў і размяшчэння іх могілак, план гета, факсіміле «шапак» яўрэйскіх газет, якія выдаваліся ў Пружанах, і многае іншае.

09.01.2004

Ад лішніцы сэрца вусны кажуць! Без рэлігіі і музыкі немагчыма знайсці сэнс жыцця… Да вайны настаўніцкая ўстанова ў Пружанах мела ансамбль скрыпачоў — яго трэба ўзнавіць. Трэба стварыць і вялікі аркестр, які будзе іграць на самых урачыстых мерапрыемствах і хадзіць па ўсім горадзе з узмацненнем высокіх тонаў і барабанаў… Перад вайной пры касцёле каля варот стаяла званіца, але яе знеслі. З гэтай званіцы калісьці ў маі месяцы трубач выконваў гімн Багародзіцы, які разносіўся па ўсёй акрузе. А гукі званоў упрыгожвалі «дрымотны» горад.

05.01.2005

Дзеля развіцця горада варта зрабіць шмат чаго. Не трэба забываць сваю культуру, якая можа знайсці ўвасабленне і ў назвах вуліц. Павінна быць у горадзе і вуліца Крашэўскага. Яго маёнтак у Доўгім занядбаны і забыты… Трэба зрабіць канферэнцыю для настаўнікаў і выкладчыкаў раёна і прывіць ім любоў і павагу да гістарычных месцаў. Любоў да малой радзімы тым большая, чым лепш мы ведаем здабытак «залатога россыпу».

Крыніцы: be-tarask.wikipedia.org

www.budni.by

Новости из этой категории