Карта Р. Баравога "Хрысціянізацыя тэрыторыі Полацкай і Тураўскай епархій X—XIV ст.". Ёсць Шарашова

Карта Р. Баравога "Хрысціянізацыя тэрыторыі Полацкай і Тураўскай епархій X—XIV ст.". Ёсць Шарашова

Расціслаў Баравы. Хрысціянізацыя тэрыторыі Полацкай і Тураўскай епархій X—XIV ст. (Гістарычна–геаграфічны аспект)


Хрышчэнне Русі — адна з ключавых падзей ранняй гісторыі Ўсходняй Еўропы, зафіксаваная ў вельмі вялікім і рэпрэзентатыўным корпусе крыніц. На жаль, усе крыніцы таго перыяду, што дайшлі да нас, утрымліваюць значныя прабелы інфармацыйнага поля. Гэта абумоўлена, як правіла, надта высокім узроўнем сацыяльна–культурных рэалій, якія знахо­дзяцца ў сферы інтарэсаў іх аўтараў.

У сваёй большасці крыніцы абмяжоўваюцца лаканічнымі паведамленнямі пра вышэйшую царкоўную ерархію і структуру царквы на ўзроўні епархій, а таксама адзінкавымі фактамі, звязанымі з гісторыяй асобных (найбольш буйных) храмаў і манастыроў, практычна поўнасцю пакідаючы па–за ўвагай абставіны, метады і нават храналогію хрышчэння Русі, — г. зн. канкрэтныя складнікі працэсу хрысціянізацыі „на месцах“.

У крыніцах амаль няма звестак і пра штодзённую практыку кліра Старажытнай Русі на ўзроўні прыходаў, напрыклад, пра іх місіянерскую дзейнасць, якая ў XI—XII ст. павінна была б быць абавязковай і паўсюднай (у многіх рэгіёнах гэтая дзейнасць не спынялася яшчэ некалькі стагоддзяў).

Прыкладна такі ж, у цэлым негатыўны, вынік дае і разгляд пісьмовых крыніц у „падзейна–рэгіянальным“ аспекце. У рамках дадзенай працы мы палічылі магчымым абмежавацца наступнай, заведама спрошчанай, схемай.

1. Апісанне хрысціянізацыі ядра дзяржавы — Кіева (і, шырэй, Паўднёвай Русі) — суправаджаецца шэрагам „маляўнічых падрабязнасцяў“, відавочна, ужо таму, што менавіта адтуль ішоў асноўны імпульс гэтага працэсу.

2. Тое самае можна сказаць і пра хрысціянізацыю поўначы і паўночнага ўсходу (Ноўгарад — Растоў — Суздаль): тут „па­драбязнасці“ звязаныя, галоўным чынам, з эпізодамі су­пра­ціўлення гэтаму працэсу асобных груп мясцовага насельніцтва.

3. Для тэрыторый Полацкай і Тураўскай епархій пісьмовыя крыніцы не даюць наогул ніякіх „падрабязнасцяў“ — невядомыя нават дакладныя даты заснавання епіскапскіх кафедраў у Полацку і Тураве. Гэта, напэўна, звязана з гістарычнай адасобленасцю „Рагвалодавых унукаў“, якая вяла да ін­фармацыйнай ізаляцыі паўночна–заходніх княстваў у крыні­цах паўднёвай і ўсходняй Русі; мясцовыя ж крыніцы (Полацкія і іншыя летапісы) былі пазней страчаны.

Але, калі выключыць гэтыя ў многім „літаратурныя“ эпізоды „хрышчэння“ Кіева і Ноўгарада, мы можам канстатаваць: працэс хрысціянізацыі тэрыторый асобных княстваў адлюстраваны ў крыніцах аднолькава для ўсіх рэгіёнаў — гэта значыць у самых агульных рысах.

Літаратура па тэме настолькі вялікая, што нават просты пералік хоць бы асноўных прац у межах дадзенага артыкула немагчымы[1]. Да таго ж, гэты пералік давялося б завяршыць канстатацыяй таго, што вельмі лакальны і прыватны аспект тэмы, які цікавіць нас — прасторава–храналагічнае мадэляванне працэсу ўзнікнення і распаўсюджвання праваслаўных храмаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў першыя стагоддзі пасля „хрышчэння“ — ніяк не асветлены ў крыніцах і, адпаведна, у гістарыяграфіі[2].

Трэба адзначыць, што перспектывы і нават сама магчымасць такіх даследаванняў ацэньвалася спецыялістамі яшчэ ў канцы XIX ст. крайне песімістычна: „Нельга адшукаць ні ў летапісах, ні ў іншых крыніцах больш–менш поўных і сістэматычных звестак пра пабудову цэркваў па ўсёй Расіі і, значыць, скласці агульны лік рускіх цэркваў няма ніякай магчымасці“[3].

У нашым выпадку праблема ў тым, каб адэкватна адлюстраваць канфесійную сітуацыю на тэрыторыі Беларусі ў XI—XIV і XV—XVI ст. Яе спецыфіка ў тым, што кола крыніц, якія адлюстроўваюць гісторыю існавання на землях Беларусі дзвюх канфесій — праваслаўя і каталіцызму, — па інфармацыйным змесце прынцыпова непараўнальнае.

У канцы XIV ст. на тэрыторыі Полацкай і Тураўскай епар­хій пачала паступова распаўсюджвацца сетка рымска–ката­ліцкіх прыходаў (у XV—XVI ст. таксама і кляштараў розных ордэнаў). Дынаміка гэтага працэсу дастаткова поўна адлюстравана як у крыніцах[4], так і ў шэрагу спецыяльных да­следаван­няў[5], і лёгка фіксуецца на карце. У той жа час карта­графаванне або нават просты падлік праваслаўных прыходаў XI—XIV ст. па ўказаных прычынах (маўчанне крыніц) практычна немагчымы.

Нам вядомая толькі адна такая спроба, зробленая яшчэ ў пачатку 1950–х г. Б.В.Сапуновым[6] (работа перавыдадзена ў крыху змененым і дапоўненым выглядзе ў 1987 г.)[7]. Сумніўная дакладнасць выніковых падлікаў аўтара, на якую не раз указвалі спецыялісты[8], наўпрост звязана з методыкай, пакла­дзенай Б.В.Сапуновым у аснову дадзенага даследавання, якая і прыводзіць, акрамя лагічных хібаў тыпу „недаказанай вы­сновы“, яшчэ і да лавінападобнага росту памылак[9].

Але нават безадносна да гэтага высновы аўтара наконт колькасці цэркваў у Старажытнай Русі нічога нам не даюць. З беларускіх гарадоў ён згадвае толькі Віцебск, Полацк, Тураў і Горадню, а таксама Давыд–Гарадок і Ліду (!), — на жаль, не прыводзячы крыніц, у якіх ён знайшоў згадкі пра два апошнія гарады „да 1240 г.“ — г. зн. да заяўленай аўтарам верхняй храналагічнай мяжы даследавання (пра рэальнае датаванне гэтых гарадоў у крыніцах — гл. ніжэй).

Як бачым, на ўсёй тэрыторыі Полацкай і Тураўскай епар­хій аўтар налічыў толькі пяць „гарадоў“, што мелі прыходскія і манастырскія цэрквы. Калі выключыць Ліду, што трапіла ў спіс гарадоў X—XIII ст. яўна памылкова, застаецца чатыры.

Ніхто не ўсумніцца ў апрыёрным сцвярджэнні, што на гэтай тэрыторыі нават у XI ст. было значна больш „гарадоў“, якія мелі праваслаўныя прыходы. Гэтае сцвярджэнне нават нельга назваць „дагматычным“, настолькі яно відавочнае, але, калі грунтавацца толькі на корпусе традыцыйных пісьмовых крыніц, праваслаўныя прыходы X—XIV ст. на тэрыторыі Пінскай і Тураўскай епархій, у адрозненне ад рымска–каталіцкіх (XIV—XVI ст.), нельга ні пералічыць у храналагічным парадку, ні паказаць на гістарычнай карце. У выніку, кантрастуючы са шчыльнай інфармацыйнай нагрузкай карты рым­ска–каталіцкіх касцёлаў XV—XVI ст., амаль чыстыя аркушы карт, якія павінны адлюстроўваць першапачатковую хрысціянізацыю гэтай тэрыторыі ў XI—XIII ст., таксама як і гісторыю праваслаўнай царквы ВКЛ XIV—XVI ст., міжволі могуць са­дзейнічаць неадэкватнаму ўспрыманню гістарычных рэалій разгляданага перыяду.

У гэтай сувязі неабходна было знайсці нейкую новую, нетрадыцыйную методыку, дакладней, больш агульны падыход да праблемы, у рамках якога мы можам праз супастаўленне тэматычна разнародных на першы погляд фактаў аднавіць несупярэчлівую карціну разгляданага працэсу. Такі падыход, заснаваны на прынцыпах комплекснага крыніцазнаўства[10], хоць і прадугледжвае выкарыстанне пэўных тэарэтычных дапушчэнняў, але дазваляе разглядаць сціплыя дадзеныя пісьмовых крыніц з іншага, значна больш пашыранага пункту погляду.

У артыкуле зроблена спроба як бы „матэрыялізаваць“ працэс хрысціянізацыі, звязаўшы яго з ужо вядомымі элементамі сацыяльна–палітычнай структуры дадзенага рэгіёну. Для гэтага побач з нешматлікімі непасрэднымі ўказаннямі пісьмовых і археалагічных крыніц пра месцазнаходжанне храмаў і манастыроў XI—XIV ст.[11] (гл. карту, № 1—2) намі быў выкарыстаны значна больш шырокі корпус дадзеных і, часткова, метадаў, запазычаных намі з гістарычнай геаграфіі.

Тэзісная форма вызначана ў роўнай ступені праблематычнасцю тэмы, разнароднасцю матэрыялу і нетрадыцыйнасцю нашай методыкі.

1. Сістэмны характар „хрысціянізацыі“ і структурная аснова гэтага працэсу: „горад — храм — прыход“.

1.1. Паводле дадзеных летапісаў, пасля хрышчэння кіяўлян Уладзімір Святаслававіч „… повеле рубити церкви и поставляти по местам, иде же стояху кумири… И нача ставити по градом церкви и попы, и люди на крещенье приводити по всем градом и селом“[12]. Паведамленне носіць падкрэслена дэскрыптыўны характар, дэталі працэсу, як ужо гаварылася, у крыніцах не ўпамінаюцца[13].

Я.Галубінскі прапануе наступную схему: „Пры хрышчэнні горада або ўезда ўрад падзяляў іх на некалькі ўчасткаў і ў кожным ставіў царкву. З цягам часу гэтыя прыходы раздзяляліся на меншыя… Станоўчых звестак пра ўзнікненне гэтых „другасных“ прыходаў мы не маем ніякіх“[14].

На думку таго ж гісторыка, „пры рухомасці насельніц­тва… клопат аб пабудове цэркваў у Старажытнай Русі (як і ў Англіі)… клаўся на землеўласнікаў“[15]. Далей ён піша, што „шукаць святароў (у прыход) было вельмі лёгка (з прычыны іх мноства), але і яны нават самі маглі спрыяць памнажэнню прыходаў… Паставіць драўляную царкву … уласнымі сродкамі… нічога не каштавала. Усё … (акрамя ікон)… магло быць выраблена на месцы, у вёсцы“[16].

1.2. Як бачым, аўтар лічыць, што ўжо ў XI ст. існавалі ўсе ўмовы, каб храмаў (прыходаў) было шмат, але нават пры­кладная іх колькасць застаецца невядомай.

У крыніцах сустракаюцца толькі ўрыўкавыя звесткі пра лік храмаў у буйных гарадах, перш за ўсё ў Кіеве. Так, па да­дзеных Ніканаўскага летапісу, у 1017 г. (г. зн. праз 30 гадоў па­сля хрышчэння) у Кіеве „згарэла да 700 цэркваў“[17]. Амаль столькі ж храмаў („каля 600“) згарэла ў Кіеве пад час пажару ў 1124 г.[18], г. зн. амаль праз паўтара стагоддзя пасля хрышчэння. Несумненна, большая частка гэтых „цэркваў“ — дамавыя малельні і капліцы. Нават калі ўслед за П.П.Талочкам лічыць, што колькасць жыхароў старажытнага Кіева складала 50 тыс. чалавек[19], то пры наяўнасці ў горадзе больш за два дзесяткі буйных каменных храмаў[20] драўляных прыходскіх цэркваў (калі лічыць у сярэднім па 300—400 чалавек на прыход) павінна быць каля 150.

Сам факт існавання ў сталіцы дзяржавы ўжо ў першым стагоддзі пасля хрышчэння прыкладна 200 прыходскіх храмаў дае падставы дапусціць наяўнасць адпаведнай колькасці храмаў і ў іншых гарадах: ад некалькіх дзесяткаў у сталіцах княстваў[21], да 1—2 у больш дробных адміністрацыйных цэнтрах[22].

1.3. Прымаючы (для тэрыторыі Кіеўскай Русі) існаван­не аб’ектыўнай сувязі „горад — храм“ як аксіёму[23], мы можам сцвярджаць, што дамінантны тут менавіта феномен „горада“.

Па назіраннях Я.Галубінскага, у перыяд, які нас ці­ка­віць („да канца XIV ст.“), нават манастыры (абшчыны, што па сваёй сутнасці маюць на ўвазе пэўнае адасабленне, „замк­­нутасць“ у дачыненні да „свету“), засноўваюцца або на самой тэрыторыі, або ў бліжэйшых ваколіцах буйных гарадоў[24].

У XI—XIII ст. і сам факт заснавання, і тым больш далейшае функцыянаванне храма (як і яго місіянерская дзейнасць) былі непасрэдна звязаны з канкрэтным населеным пунктам. Прычым гэты населены пункт да моманту заснавання храма ўжо меў пэўны статус, з’яўляючыся адмі­ністрацыйным цэнтрам таго ці іншага ўзроўню, г. зн. „горадам“.

1.4. Як вядома, „гарадамі“ для аўтараў летапісаў[25] былі ўсе населеныя пункты, што мелі ўмацаванні. Зыходзячы з такой трактоўкі гэтага паняцця, хоць і з некаторымі агаворкамі, М.Ціхаміраў налічваў у Старажытнай Русі да 300 гарадоў[26]. П.Рапапорт, які карыстаўся крытэрыем „велічыні ўмацаванай тэрыторыі“, паменшыў гэтую колькасць да 100[27]. А.Куза, які выпрацаваў сваю, вельмі падрабязную і шматпланавую сістэму крытэрыяў, заснаваную ў асноўным на археалагічных крыніцах, прыйшоў да высновы, што „ў цэлым на Русі ў канцы X — пачатку XI ст. налічвалася 20—25 пасяленняў гарадскога тыпу, у XI — першай палове XII ст. іх было каля 70, а да сярэ­дзіны XIII ст. існавала ўжо каля 150 феадальных гарадоў“[28].

У апошнія дзесяцігоддзі з’явіўся шэраг прац, якія пашырылі і ўзбагацілі канцэптуальна–тэарэтычную базу, звязаную з дадзе­най праблематыкай (сярод даследчыкаў, акрамя назва­нага А.Кузы[29], у першую чаргу неабходна згадаць В.Карла­­ва[30] і Б.Цімашчука[31]).

Тым не менш, нягледзячы на значную зацікаўленасць да­следчыкаў гэтай праблемай, у сучаснай гістарыяграфіі няма адназначнага, прызнанага калі не ўсімі, то хоць бы большасцю, і распаўсюджанага на ўсе рэгіёны Старажытнай Русі азначэння такога сацыяльна–культурнага феномена, як „горад“.

1.5. На наш погляд, усё яшчэ ў цэлым справядлівай застаецца выснова В.Т.Пашуты, што „гарады Русі былі вельмі разнастайнымі як па характары іх сацыяльнай струк­­туры, так і па палітычнай ролі. Да гэтага трэба дадаць, што пад уплывам эканамічнага развіцця або пад уздзеян­нем знешніх фактараў асобныя гарады пераходзілі з адной катэгорыі ў другую. Неаднароднасць гаспадарчых і палітычных умоваў у вялікай дзяржаве непазбежна спараджала цяжка аглядную „неаднастайнасць“ генезісу і развіцця гарадскіх формаў“[32].

Улічваючы гэтую акалічнасць і не маючы магчымасці ўдавацца ў складаныя дэфініцыі сацыяльна–культурнага, экана­мічнага і палітычнага плану, мы прымаем, што ўсе (адносна нешматлікія) населеныя пункты на тэрыторыі сучаснай Беларусі, якія ўпамінаюцца ў пісьмовых крыніцах XI—XIII ст. (менавіта ў сілу гэтага ўпамінання!), былі адміністрацыйнымі цэнтрамі рознага ўзроўню і тым самым патэнцыяльнымі цэнтрамі хрысціянізацыі ў межах тагачаснай Полацкай, Тураўскай, часткова — Смаленскай, Чарнігаўскай і Ўладзіміра–Валынскай епархій[33].

2. „Гарады“ і „прыходы“ на тэрыторыі Беларусі ў X—XIII ст.

2.1. Гэта, перш за ўсё, Полацк і Тураў, вядомыя па пісьмовых крыніцах як сталіцы княстваў яшчэ да 988 г., якія заканамерна сталі першымі цэнтрамі хрысціянізацыі і цэнтрамі епархій. Да гэтых двух гарадоў прымыкае і Заслаўе (летапісны Ізяслаўль), першае ўпамінанне якога, хоць і не датаванае, звязана непасрэдна з асобай самога Ўладзіміра Святаслававіча (ужо пасля хрышчэння), яго найбліжэйшым атачэннем і членамі сям’і (Рагнеда — Ізяслаў Уладзіміравіч)[34], а жыццё горада ў канцы X — першай палове XI ст. — з вельмі актыўнымі працэсамі хрысціянізацыі насельніцтва[35]. Больш за тое, па меркаванні А.Рапава, заснаваным на аналізе агульнагістарычнай сітуацыі ў гэтым рэгіёне і на сведчаннях мясцовых паданняў, менавіта Заслаўе, а не Полацк, было „найстаражытнейшым хрысціянскім цэнтрам Полацкай зямлі“[36].

Менавіта гэтыя тры населеныя пункты — на поўначы, у цэнтры і на поўдні сучаснай Беларусі — трэба лічыць першымі і асноўнымі цэнтрамі хрысціянізацыі тэрыторыі ўжо на мяжы X—XI ст., г. зн. на пачатковым этапе разгляданага працэсу[37].

2.2. Надалей такімі цэнтрамі заканамерна станавіліся і тыя населеныя пункты, якія ў пісьмовых крыніцах XI—XIII ст. вы­ступаюць у якасці цэнтраў удзельных княстваў або называюцца „гарадамі“[38]. Гэта Берасце, Віцебск, Менск, Лагойск, Пінск, Друцк, Слуцк, Горадня, Рагачоў, Барысаў, Брагін, Мсціслаў, Рэчыца, Наваградак, Слонім, Ваўкавыск, Кобрын і інш.

Тым не менш, нават прыняўшы такое бясспрэчнае, на наш погляд, дапушчэнне, мы не можам расставіць гэтыя „цэнтры хрысціянізацыі“ ў храналагічным парадку, г. зн. непа­срэдна звязаць традыцыйнае датаванне, заснаванае на „першым летапісным упамінанні“, з заснаваннем храма (прыходу). Напрыклад, Берасце (1019) і Віцебск (1021), напэўна, былі такімі „цэнтрамі“ ўжо ў 1–й палове XI ст., таксама і Пінск, хоць ён упамінаецца толькі ў 1097 г. Што да Менска і Оршы (1067), Копысі (1059), Лукомля і Лагойска (1078.), а таксама Друцка (1092), мы з улікам „сітуацыі ўпамінання“ і дадзеных іншых крыніц (галоўным чынам, археалагічных) можам з упэўненасцю гаварыць пра існаванне там прыходаў толькі на мяжы XI—XII ст. У гэтую ж групу трапляюць Слуцк (1116), Барысаў (1127), Горадня і Клецк (1128).

2.3. Астатнія населеныя пункты, упамянутыя ў 1130—1150–х г. (Прапойск, Крычаў, Гомель, Брагін, Мазыр, Мсціслаў і Чачэрск), у 1214 г. (Рэчыца) і ў 1250—1280–х г. (Наваградак, Слонім, Ваўкавыск, Здзітаў, Турыйск, Капыль, Камянец, Кобрын), можна ўжо з большай упэўненасцю атаясамліваць з „цэнтрамі хрысціянізацыі“ менавіта гэтага перыяду, г. зн. сярэдзіны XII — 2–й паловы XIII ст.

Да гэтай жа групы мы лічым неабходным далучыць Браслаў, Давыд–Гарадок і Свіслач — тры „гарады“, узнікненне якіх, нягледзячы на даволі позняе ўпамінанне ў крыніцах, у літаратуры датуецца XI—XII ст.[39], а таксама заснаваны не пазней чым у 2–й палове XIII ст. Лаўрышаўскі манастыр пад Нава­градкам.

З улікам усіх гэтых абставінаў найбольш карэктнай нам уяўляецца наступная схема: вылучыўшы Полацк, Тураў, Ізя­слаўль (X ст.), усе астатнія (33 „гарады“ і 1 манастыр) аб’яднаць агульным датаваннем — „XI—XIII ст.“. У выніку мы маем 37 пунктаў, якія несумненна былі рэгіянальнымі цэнтрамі хрысціянізацыі на беларускіх землях у XI—XIII ст. (гл. карту, №№ 3—4).

2.4. Але ў межах пастаўленай задачы мы не можам абмежавацца простай канстатацыяй факта існавання на гэтай тэрыторыі ў XI—XIII ст. „37 цэнтраў хрысціянізацыі“.

Па–першае, мы павінны агаварыцца, што да канца XIII ст. праваслаўных прыходаў на Беларусі было значна больш, як і больш–менш буйных населеных пунктаў: проста не ўсе яны за­фіксаваныя ў пісьмовых крыніцах, якія захаваліся да нашага часу.

Па–другое, якая была роля гэтых 37 вядомых нам прыходскіх цэнтраў для хрысціянізацыі краіны ў цэлым? Калі дапусціць, што іх дзейнасць абмяжоўвалася толькі гэтымі населенымі пунктамі, то для тэрыторыі больш чым 200 тыс. кв. км, няхай нават на Ѕ пакрытай лясамі і балотамі, гэтага яўна недастаткова.

3. Прыходы як аснова працэсу хрысціянізацыі.
Місіянер­ская дзейнасць прыходу і яе межы.

3.1. Традыцыйная летапісная фармулёўка „хрышчэнне Русі“ нібы мае на ўвазе ледзь не ўсеагульны, аднамомантны, і хутчэй нават сімвалічны акт[40], хоць усе разумеюць, што гэта быў складаны і шматгранны працэс, які спалучаў у сабе цэлы шэраг фактараў — духоўных, ідэалагічных, сацыяльна–культурных, эканамічных, прававых і г. д. Разам з тым, часта па–за ўвагай застаецца тая акалічнасць, што асновай гэтага працэсу з’яўлялася практыка (калі і не штодзённая, то дастаткова рэгулярная), падобная да той, якая пазней атрымала назву місіянерскай дзейнасці.

Пра гэта, у прыватнасці, сведчаць шматлікія „Словы“, накіраваныя супраць язычніцтва і яго перажыткаў („дзвюх­вер’я“). На думку Я.Анічкава, гэтыя „…павучэнні скіраваны на насельніцтва, якое ўпарта не паддаецца хрысціянскаму вучэнню, але менавіта тое, што тут жа побач, з якім даводзіцца мець справу штодзённа…“[41], г. зн. такая дзейнасць у XI—XIII ст. павінна была весціся ў межах кожнага асобнага прыхода.

3.2. Як мы ўжо адзначалі, крыніцы практычна нічога не паведамляюць пра гэты бок дзейнасці кліра. Можна толькі меркаваць, што абавязкі святара ў тую эпоху не былі традыцыйна–руціннымі і павінны былі спалучацца з больш–менш актыўнай місіянерскай дзейнасцю, у тым ліку па–за межамі храма.

На думку спецыялістаў, богаслужэнне ў храмах XII—XIV ст. (акрамя „саборных“, якія знаходзіліся ў вялікіх гарадах) адбывалася толькі па нядзелях і святочных днях. У астатні час „святары павінны былі пераязджаць з месца на месца, наведваць сваіх духоўных дзяцей і здзяйсняць богаслужэнні ў розных месцах…“[42]. Пра гэта красамоўна сведчыць і тэрміналогія старажытных крыніц: ніжэйшая царкоўная акруга называецца „уездом“, „переездом“ або „пределом“[43]. Тэрміновы (неза­планаваны) выезд за межы таго населенага пункта, дзе знаходзіўся храм, мог быць выкліканы таксама неабходнасцю або хрышчэння, што, згодна з крыніцамі, яшчэ ў XII ст. разглядалася як справа першачарговай важнасці[44], або прыча­шчэння і адпявання.

3.3. Узнікае пытанне: што магло тэрытарыяльна абмяжоў­ваць гэтую місіянерскую дзейнасць? У тэорыі — межы суседніх прыходаў, як гэта было ў больш познія часы. На практыцы, асабліва ў XI—XIII ст., хутчэй за ўсё — толькі меркаванні бяспекі і рэальныя транспартныя магчымасці.

У якасці аналогіі можна, на наш погляд, прывесці прыклад (магчыма, легендарны) першапачатковага і свядомага абмежавання межаў сваёй епіскапскай юрысдыкцыі адным з Айцоў царквы (калі не памыляемся, Св.Аўгусцінам). Межы гэтыя былі ім вызначаны зыходзячы з магчымасцяў індывідуальнага перамяшчэння вярхом (на асле або муле) ад усходу да захаду сонца (за зыходны пункт было ўзята месца пастаяннага служэння).

3.4. Калі мы звернемся да параўнальна нядаўняга мінулага, то ў 2–й палове XIX ст. у Цэнтральнай Беларусі сярэдняя адлегласць ад прыходскай царквы да самай аддаленай вёскі, што ўваходзіла ў склад дадзенага прыходу, складала: па Мінскім уездзе — 9—10 вёрст, Барысаўскім — 10—15 вёрст, Слуцкім — 8—9 вёрст. Сустракаліся і вёскі, адлегласць да якіх была 15—17 вёрст (Мінскі ўезд), 20—22 вярсты (Барысаўскі), 14—15 (Слуцкі)[45]. Можна адзначыць, што з гэтых трох уездаў найменш населены і адначасова найбольш пакрыты лесам — Барысаўскі.

Што да Старажытнай Русі, то, на думку гісторыкаў, „… на калёсах і санях перавозілі толькі жанчын і дзяцей… Мужчыны перамяшчаліся вярхом, нават духавенства… Усё гэта можна пацвердзіць сотнямі прыкладаў“[46]. Паводле сведчанняў лета­пісу, у 1097 г. восенню „на калёсах“ княскі абоз пераадолеў адлегласць ад Кіева да Ўладзіміра–Валынскага (каля 500 км) за шэсць дзён (відавочна, на зменных конях), г. зн. з хуткасцю прыкладна 80 км у дзень[47]. Сярэднюю хуткасць перамяшчэння коннага атрада (княскай дружыны) даследчыкі ацэньваюць як 50—60 км у дзень, г. зн. 6—7 км у гадзіну. (Максімальная хуткасць улегцы, з запаснымі коньмі раўнялася 110—120 км у дзень[48].)

У нашым выпадку мінімальны радыус місіянерскай дзейнасці кожнага прыходу XI—XIII ст. (за выключэннем, магчыма, размешчаных у такіх буйных гарадах, як Кіеў, Ноўгарад і некаторых іншых) мы можам умоўна вызначыць у 20—25 км, што дазваляла без асаблівай спешкі даехаць туды і назад за 8—10 гадзін (гл. карту, № 5).

3.5. Паказальна, што асноўная адміністрацыйная адзінка Старажытнай Русі — воласць — мела прыкладна такія ж памеры. Так, паводле дадзеных археалагічных даследаванняў, „Суздальская воласць“ у XI — пачатку XII ст. налічвала каля 30 пасяленняў, што размяшчаліся каля Суздаля на тэрыторыі радыусам 20—25 км[49].

Даследчыкі таксама адзначаюць, што па крыніцах XV—XVII ст. „часам цяжка вырашыць, дзе заканчваецца прыход і пачынаецца воласць. Ці не дзве гэта розныя назвы той самай адміністрацыйнай адзінкі? Калі будавалася новая царква, то прыход падзяляўся, але аўтаматычна падзялялася і воласць. Справы пазямельнай абшчыны (воласці) і прыходу ніяк не размяжоўваліся“[50]. Рэтраспектыўная экстрапаляцыя гэтых высноваў калі не на X—XI, то, па меншай меры, на XII—XIII ст. уяўляецца дастаткова апраўданай.

Як бачым, кантамінацыя паняццяў „горад“, „храм“, „воласць“, „прыход“ яскрава прасочваецца на матэрыяле самых розных дысцыплін — ад археалогіі да гісторыі ментальнасцяў.

4. XIV ст.: „Спіс рускіх гарадоў…“ — „Спіс прыходаў“ і іншыя цэнтры хрысціянізацыі на тэрыторыі Беларусі.

4.1. XIV стагоддзе ў многім пераломнае для большасці рэгіёнаў Усходняй Еўропы, адначасова і самае „цёмнае“. Страта большасці пісьмовых крыніц (асабліва для ВКЛ), паступовая змена якасных і колькасных характарыстык розных відаў гэтых крыніц (актавыя замест летапісных і г. д.)[51], агульны дэфі­цыт базы крыніц — асноўныя прычыны такой сітуацыі.

Практычна адзінай комплекснай крыніцай па гістарычнай геаграфіі Беларусі гэтага перыяду з’яўляецца „Список русских городов дальних и ближних“[52] — унікальная праца не зусім зразумелага характару і паходжання[53]. Хоць час складання ўласна „Спіса“ датуецца канцом XIV ст. („1387—92 г.“[54], „1394—96 г.“[55] або „1375—1381 г.“[56], у распараджэнні яго аўтара (або аўтараў) знаходзіліся невядомыя нам крыніцы больш ранняга перыяду — некаторыя дадзеныя „Спіса“, згодна з даследаваннямі А.В.Попэ, узыходзяць да гістарычна–геа­графічных рэалій 1–й паловы XIII ст.[57]

4.2. З пункту погляду нашай тэматыкі вельмі важнае меркаванне А.В.Кузы, што, напэўна, гарады „Спіса“ — „гэта цэнтры епархій і прыходаў, з якіх калі–небудзь руская мітраполія атрымлівала даходы або спрабавала распаўсюдзіць на іх сваю ўладу“[58].

„Спіс“ называе 26 з тых 36 „гарадоў“, што знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі і ўжо вядомы нам па летапісных упамінаннях XI—XIII ст. Дадаткова „Спіс“ называе яшчэ 14 тапонімаў, якія даследчыкі, пачынаючы з М.Ціхамірава, атаясамліваюць з адпаведнымі населенымі пунктамі гэтай тэрыторыі. Сем з іх знаходзяцца ў басейне Дняпра (Абольцы, Цяцерын, Магілёў, Быхаў, Лучын, Стрэшын, Горваль); шэсць — на паўночным захадзе (Лебедзева, Лоск, Славенск, Крэва, Гальшаны, Ліда); яшчэ адзін на Прыпяці, непадалёку ад Турава (Перароў)[59].

4.3. Да гэтых 14 „гарадоў“, названых у „Спісе“, мы можам дадаць яшчэ шэраг населеных пунктаў, першае ўпамінанне якіх у пісьмовых крыніцах датуецца 2–й паловай — канцом XIV ст. Гэта чатыры цэнтры валасцей: Бабруйск, Любашаны, Ігумен (сучасны Чэрвень), прыгаданыя ў грамаце вялікага князя Ягайлы 1387 г.[60], і Глуск („Стары“ або „Пагарэлы“) — „Глуская воласць“ ужо ў 2–й палове XIV ст. належала Івану Ольгімунтавічу Гальшанскаму[61] (памёр прыблізна ў 1401 г.)[62].

У гэты ж перыяд у дакументах упамінаюцца такія параў­нальна буйныя населеныя пункты (што не трапляюць у разрад „вёсак“), як Маладзечна — 1388 г.[63], Друя і Дрыса (сучасны Верхнядзвінск) — 1386[64] і Ляхавічы[65].

4.4. Сюды неабходна дадаць таксама „маёнтак Куранец“, дзе ў 1353 г. яго ўладальніцай была заснавана царква[66], і Пустынскі манастыр пад Мсціславам, заснаваны ў 1380 г.[67], — у выніку атрымліваецца 24 цэнтры хрысціянізацыі, датаваныя XIV ст. (гл. карту, № 6).

Разам з папярэднімі — 61, што відавочна мала для чатырох стагоддзяў, якія прайшлі з часоў хрышчэння, і для такой тэрыторыі. Несумненна, прыходаў было значна больш, як і населеных пунктаў, але крыніцы маўчаць як пра першыя, так і пра другія.

На фоне гэтага „маўчання“ як своеасаблівую „гістарычную крыніцу другога роду“, што дае цікавы матэрыял для вы­сноваў гістарычна–геаграфічнага характару, мы можам разглядаць і ўласна карту, на якой нанесены ўсе гэтыя населеныя пункты і абазначаны ў адпаведным маштабе прыняты намі ўмоўны „радыус“ кожнага з гэтых прыходаў (20 км).

4.5. Як нам уяўляецца, карта дастаткова наглядна дэманструе асноўныя тэндэнцыі развіцця сеткі праваслаўных прыходаў на гэтай тэрыторыі, што вызначыліся, напэўна, значна раней, яшчэ ў сярэдзіне — 2–й палове XIII ст. і былі цесна звязаны з агульнымі працэсамі паглыблення структурнай дыферэнцыяцыі дадзенай этнагеаграфічнай прасторы.

Мы бачым, што на невялікім участку балцка–славянскага пагранічча[68] між Маладзечнам і Ашмянамі (плошчай пры­кладна 70Ч80 км) у 2–й палове XIV ст. знаходзілася 7 цэнтраў праваслаўных прыходаў (адлегласць між бліжэйшымі — ад 10 да 20 км). Адпаведна прыняты намі раней „умоўны радыус прыходу скарачаецца ў дадзеным выпадку да 10 або нават да 5 км. Амаль такую карціну мы назіраем і ў раёне Браслава (адлегласць — ад 20 км да 30 км, „радыус“ — ад 10 да 15 км).

Несумненна, варты ўвагі і той факт, што адзінае дакументальнае сведчанне пра заснаванне храма (прыхода) на гэтай тэрыторыі ў сярэдзіне XIV ст., якое дайшло да нас, адносіцца не да цэнтраў удзельных княстваў (Гальшаны, Лоск, Крэва)[69] і нават ні да аднаго з гарадоў „Спіса“ (Лебедзеў, Славенск), а да нідзе раней не згаданага простага „маёнтка“ (Куранец).

5. Асноўныя тэндэнцыі працэсу хрысціянізацыі тэрыторыі Беларусі на мяжы XIV—XV ст.

5.1. Абагульняючы ўсе гэтыя назіранні ў рамках яшчэ адной (зрэшты, дастаткова трывіяльнай) пасылкі, якую мы фармулюем апрыёры — яна заключаецца ў тым, што працэс развіцця сеткі праваслаўных прыходаў на тэрыторыі Беларусі ў X—XIV ст. трэба вызначыць як неперарыўны, з тэндэнцыяй да неабарачальнага і ўстойлівага росту, — можна зрабіць наступныя высновы.

5.1.1. З’яўленне ў сярэдзіне XIV ст. праваслаўных прыходаў у „маёнтках“ (прытым у раёне балцка–славянскага пагранічча) ускосна пацвярджае раней выказаны тэзіс, што „гарады“ „Спіса…“ былі цэнтрамі прыходаў ужо, па меншай меры, на рубяжы XIII—XIV ст.

5.1.2. Сітуацыя, адзначаная намі ў паўночна–заходнім рэгіёне Беларусі і звязаная, хутчэй за ўсё, з місіянерскай дзейнасцю праваслаўнай царквы ў асяроддзі язычнікаў–балтаў, можа разглядацца і як сітуацыя, што адлюстроўвае агульную тэндэнцыю, характэрную для ўсёй Беларусі ў XIII—XIV ст. — павелічэнне колькасці прыходаў з адначасовым скарачэннем тэрыторыі кожнага з іх.

5.1.3. Мы маем права дапусціць, што кожны населены пункт, згаданы ў пісьмовых крыніцах, напрыклад, у 1–й палове XV ст. (або, шырэй, у XV ст.), які знаходзіцца на адлегласці больш за 20—30 км ад ужо адзначаных намі „прыходскіх цэнтраў“ X—XIV ст., павінен быў мець (сінхронна гэтаму ўпамінанню) свой праваслаўны храм — г. зн. быць цэнтрам асобнага прыходу ўжо на мяжы XIV—XV ст.[70]

У лік такіх „прыходаў“ (паводле крытэрыю „аддаленасці“) могуць уваходзіць, напрыклад, Докшыцы або Беразіно (Верхняе), Ула, Азярышча, Петрыкаў, Шарашова, Высокае, Свір, Лоеў, Дрысвяты, Стары Лепель, Горы, Дзісна, Койданава (сучасны Дзяржынск), Столін і інш. (гл. карту, № 7).

5.1.4. Дадатковы крытэрый — наяўнасць на тэрыторыі такога населенага пункта слядоў умацавання і культурнага напластавання эпохі Старажытнай Русі — робіць магчымасць існавання там праваслаўнага прыходу ў XIII—XIV ст. практычна стопрацэнтнай, адначасова ўказваючы на магчымасць і яшчэ больш ранняга датавання гэтага прыходу (Лоеў, Дрысвяты, Сураж, Свір, Радомля і інш.)[71].

5.2. На заканчэнне, крыху выходзячы за храналагічныя рамкі нашай тэмы, мы можам таксама выказаць меркаванне, што ў канцы XV ст. колькасць прыходаў на тэрыторыі, адзначанай межамі сучаснай Беларусі, набліжалася да тысячы, а асноўная тэндэнцыя развіцця сеткі праваслаўных прыходаў у гэты перыяд можа быць сфармулявана прыкладна так: „Адно сяло — адзін прыход“[72].

Ускосным пацвярджэннем таму могуць служыць наступныя лічбы.

Колькасць населеных пунктаў на найбольш падрабязнай гістарычнай карце Беларусі, складзенай М.Ф.Спірыдона­вым[73] на аснове дадзеных пісьмовых крыніц 2–й паловы XVI ст., складае 2300.

Мы таксама можам прыкладна падлічыць і колькасць унія­ц­­кіх цэркваў, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі ў сярэдзіне XVII ст.: 500—600 у Віленскім, Наваградскім і Менскім ваяводствах (разам з Кіеўскім і Троцкім, яны складалі епархію мітрапаліта); каля 1000 — у Полацкім, Віцебскім і Мсці­слаўскім ваяводствах (Полацкая архіепіскапія); не больш за 100 — у Пінскай епархіі (складалася з аднаго Пінскага павету Берасцейскага ваяводства); 200—300 — у Берасцейскім ваяводстве (разам з Валынскім ваяводствам і Падляшшам увахо­дзіла ва Ўладзіміра–Берасцейскую епархію)[74].

Усяго мы маем ад 1800 да 2000 прыходскіх цэркваў. Не трэба даказваць, што ўсе гэтыя цэрквы да пачатку XVII ст. былі праваслаўнымі. Калі адняць прыкладна 100—150 храмаў, што знаходзіліся ў 10—15 найбольш буйных гарадах, атрымліваем, што на адзін прыход прыпадала менш за 1,5 населенага пункта (!). Рэальна, нават з улікам верагоднасці завышэння дадзеных аб колькасці прыходаў і магчымай непаўнаты карты М.Ф.Спірыдонава, на адзін прыход прыпадала не больш за 2—3 населеныя пункты, г. зн. указаная тэндэнцыя прасочваецца дастаткова выразна[75].

5.3. Нам уяўляецца, што зыходзячы з апрыёрнай пасылкі пра сістэмны характар працэсу хрысціянізацыі Старажытнай Русі, можна зрабіць дастаткова абгрунтаваную выснову аб цеснай прасторава–храналагічнай карэляцыі паміж агульнапрызнанымі рэаліямі гістарычнай геаграфіі Беларусі X—XIV ст. і працэсам развіцця тут сеткі праваслаўных прыходаў у першыя стагоддзі пасля хрышчэння.

Пры ўсёй умоўнасці падобнага метаду яго выкарыстанне ў дадзеным канкрэтным выпадку з’яўляецца адзіна магчымым варыянтам развязання праблемы, якую, нагадаем, немагчыма вырашыць на аснове той базы крыніц, што мы маем на гэты час, і ў рамках традыцыйнай методыкі яе выкарыстання.

ПРАВАСЛАЎНЫЯ ПРЫХОДЫ
НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ

Каменныя храмы XII—XIV ст. (з пісь­мовых і археалагічных крыніц)

Манастыры XII—XIV ст. (з пісьмовых крыніц)

Цэнтры хрысціянізацыі рубяжа X—XI ст.

Цэнтры хрысціянізацыі XI—XIII ст. і мінімальны ўмоўны арэал царкоўнага прыходу XI—XIII ст. (R=20 км).

Цэнтры прыходаў XIV ст. (з пісьмовых крыніц).

Некаторыя з найбольш верагодных цэнтраў прыходаў рубяжа XIV—XV ст. (па крытэрыю „аддаленасці“).

Мінімальны ўмоўны арэал прыходаў XIV—XV ст. (R=10 км).

Цэнтры епархій

ПРАВАСЛАЎНЫЯ ПРЫХОДЫ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ

Аўтар карты Р. Баравы


[1] У сваіх высновах аўтар грунтаваўся на факталагічнай аснове і канцэптуальных палажэннях шэрагу аўтарытэтных даследаванняў: Макарий (Булгаков). История русской церкви. (Выд. 2). Москва, 1995. Кн. 1—3; Голубинский Е.Е. История русской церкви. Москва, 1901—1904. Т. 1 (I и II пол.); Приселков М.Д. Очерки по церковно–политической истории Киевской Руси X—XII вв. С.–Петербург, 1913; Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. Т. 1. Париж, 1954 (репринт, Москва, 1991); Чистович И. Очерки истории западнорусской церкви. Ч. 1. С.–Петербург, 1884; Знаменский П.В. Приходское духовенство на Руси XVI и XVII вв. Казань, 1865; Щапов Я.И. Княжеские уставы и Церковь в Древней Руси: XI—XIV вв. Москва, 1972; Ён жа. Церковь в Древней Руси (до конца XIII в.) // Русское православие: Вехи истории. Москва, 1989; Щапов Я.И. Государство и церковь Древней Руси X—XIII вв. Москва, 1989; Рапов О.И. Русская церковь в XI — первой трети XII в.: Принятие христианства. Москва, 1988; Православная энциклопедия. Русская православная церковь. Москва, 2000; Poppe A. Państwo i Kosciól na Rusi w XI wieku. Warszawa, 1968; і інш.
[2] Дадаткова намі быў прагледжаны (з п.п. указанай праблемы) шэраг бібліяграфічных паказальнікаў XIX—XX ст. як па агульнацаркоўнай гісторыі, так і рэгіянальных: Леонтович Ф.И. История Русского права. Вып. 1. Литература истории русского права. Варшава, 1902. С. 302—320 (Источники права церковного); С. 345—355 (Церковное управление); Макарий (Булгаков). Op. cit. Кн. 3. Москва, 1995. С. 579—618 (Новая литература по истории Русской Православной Церкви 988—1448 г.). Пенкина З.М. Полесье: Библиогр. материалы. С.–Петербург, 1883 г.; Балтрамайтис С. Сборник библиографических материалов для географии, истории, истории права, статистики и этнографии Литвы. Изд. 2. С.–Петербург, 1904; і інш.
[3] Волков Н.С. Статистические сведения о сохранившихся древнерусских книгах XI—XIV вв. и их указатель // Памятники древней письменности. Вып. 123. С.–Петербург, 1897. С. 12.
[4] Kodeks dyplomatyczny Katedry i Diecezji Wileńskiej. Kraków, 1948. Т. I (1387—1507).
[5] Kurczewski I. Biskupstwo Wileńskie. Wilno, 1912; Ochmański I. Bis­kupstwo Wileńskie w sredniowieszu. Poznań, 1972 і інш.
[6] Сапунов Б.В. Некоторые соображения о древне–русской книжности XI—XIII вв. // ТОДРЛ. 1955. Т. 11. С. 314—332.
[7] Ён жа. Книга в России в XI—XIII вв. Москва, 1978. С. 30—84. (Гл. II. Гипотетическое восстановление возможного количества древнерусских книг XI—XIII вв.).
[8] Гл. Розов Н.Н. Книга Древней Руси. Москва, 1977. С. 79—80, 138. (Прим. №№ 151; 154; 155).
[9] Коратка спынімся на асноўных звёнах гэтага „метадычнага ланцужка“:

 

1) дадзеныя пра будаўніцтва і пажары цэркваў у 54 гарадах (да 1240 г.), сабраныя аўтарам у летапісах і іншых пісьмовых крыніцах, абагульнены ў табліцах (без спасылак на крыніцы). Вынік — 264 прыходскія храмы і 143 манастыры (1978. С. 42—44, 63);

2) вызначана меркаваная колькасць гарадоў Старажытняй Русі, а потым вылічана колькасць насельніцтва, якое магло там жыць;

3) на аснове гэтых вылічэнняў рэканструявана агульная колькасць прыходаў у гарадах і зроблена выснова, што „да сярэдзіны XIII ст. там было ўзведзена 1300—1500 цэркваў“ (1978 г. С. 56);

4) вылічана „агульная“ колькасць насельніцтва Старажытнай Русі, адняўшы ад якога „ўжо вядомую“ лічбу гарадскога насельніцтва, аўтар атрымлівае колькасць сельскага; падзяліўшы вынік на ўмоўную колькасць жыхароў аднаго прыходy (500 чал.), вызначае колькасць сельскіх прыходаў — „8—9 тысяч“ (1978. С. 60);

5) падсумаваўшы ўсе лічбы і дадаўшы „1000 дамавых малельняў у ся­дзібах феадалаў“, аўтар атрымлівае вынік: „У Старажытнай Русі функ­цыя­навала прыкладна 10 тысяч цэркваў розных катэгорый“ (1978. С. 64).
[10] Янин В.Л. Очерки комплексного источниковедения. Москва, 1977. С. 19—21.
[11] Гл.: Раппопорт П.А. Русская архитектура X—XIII вв. // Археология СССР: Свод археол. источников. Вып. Е1–47. Ленинград, 1982; Антипов И.В. Древнерусская архитектура второй половины XIII — первой трети XIV вв. С.–Петербург, 2000.
[12] Повесть временных лет. Ч. 1. Москва, 1950. С. 81.
[13] „Пра ператварэнне ў хрысціянства ўсіх гэтых усходнеславянскіх народнасцяў (смаленскія крывічы, радзімічы, севяране, вяцічы) у пісь­мовых крыніцах амаль не сустракаецца матэрыялаў“ (Рапов О.М. Русская церковь в XI — I трети XII в. С. 340); „Летапісы не паведамляюць пра час і акалічнасці хрышчэння Полацкай зямлі“ (Тамсама. С. 373); „Пісьмовыя крыніцы не ўтрымліваюць дадзеных пра пераўтварэнне ў хрысціянства насельніцтва Верхняга Пабужжа і Верхняга Панямоння“ (Тамсама. С. 379).
[14] Голубинский Е.Е. История русской церкви. Т. 1 (1–я пол.). С. 487.
[15] Голубинский Е.Е. Op. cit. Т. 1 (2–я пол.). С. 3. Прим. 1.
[16] Голубинский Е.Е. Op. cit. Т. 1 (1–я пол.). С. 487. Далей аўтар указвае на распаўсюджанасць у Старажытнай Русі кцітарскага права, што сведчыць пра вялікую колькасць храмаў (прыходаў), заснаваных прыватнымі асобамі (Тамсама. С.488—489, 412—415).
[17] ПСРЛ. Т. 9. Москва, 1965. Стб. 75. Паводле іншых дадзеных (Т.Мерзебургский) у 1018 г. у Кіеве існавала „каля 400 цэркваў“. Гл.: Голубинский Е.Е. История Русской церкви. Т. 1 (2–я пол.). С. 5; Рапов О., Ткаченко Н.Г. Русские известия Титмара Мерзебургского // Вестник Московского ун–та. Сер. История. 1980. № 3. С. 66.
[18] ПСРЛ. Т. I. Москва, 1997. Стб. 293.
[19] Толочко П.П. Древнерусский феодальный город. Киев, 1989. С. 200.
[20] Раппопорт П.А. Русская архитектура X—XIII вв. С. 7—27.
[21] Напрыклад, у Ноўгарадзе ў XI—XIII ст. было пабудавана 87 цэркваў, з іх 22 — каменныя (Раппопорт П.А. Op. cit.).
[22] Ускоснае ўказанне на параўнальна вялікую колькасць такіх „цэнтраў“ (пры прасторавай велічыні епархій Старажытнай Русі) Я. Галубінскі бачыць і ў распаўсюджанасці звычаю „малога асвячэння“, калі архірэй, не маючы магчымасці асабіста асвяціць новы храм („вялікае асвячэнне“), замест гэтага пасылаў асвячоны антымінс (Голубинский Е.Е. Op. cit.. Т. 1. С. 182—183; 460).
[23] Лічым абавязковым зрабіць адну істотную агаворку, звязаную з неабходнасцю ўліку канкрэтнай гістарычна–геаграфічнай сітуацыі і сацыяльна–культурных рэалій розных рэгіёнаў Старажытнай Русі. Напрыклад, для тэрыторыі Ўкраіны (асабліва левабярэжнай) наўрад ці будзе правамерным атаясамліванне адвольна ўзятага населенага пункта, няхай нават і ўпамянутага ў летапісах як „горад“, з цэнтрам праваслаўнага прыходу. У якасці прыкладу можна прыгадаць рэпліку Святаслава Чарнігаўскага, якая адносіцца да 1159 г., пра „сем пустых гарадоў“ — „а в нех седят псарове же и Половци“ (ПСРЛ. Т. 2. Москва, 1962. Стб. 500). Хоць у летапісе па Васкрасенскаму спісу гэтая рэпліка мае крыху іншае гучанне: „а в нех седят псарове, и тож Половци выпустошили“ (ПСРЛ, Т. 7. Стб. 69), а сярод „пустых городов“ згаданы Любеч, які, несумненна, меў храм і „прыход“ ужо ў XI ст., усё гэта абавязвае да пэўнай асцярожнасці. У дастатковай ступені асцярожны падыход неабходны і да праблемы „цэнтраў хрысціянізацыі“ для тэрыторый поўначы і паўночнага ўсходу, дзе славянская каланізацыя і „княская дань“ маглі распаўсюджвацца як паралельна з працэсам хрысціянізацыі, так і апера­джаць яго, што стварала складанае і, магчыма, асінхроннае спалучэнне этнасацыяльных, эканамічных і культурна–ідэалагічных фактараў. Як і ў выпадку з „пустыми городами“ Чарнігаўшчыны, гэта магло (для перыяду XI—XIII ст.) весці да парушэння пастуляванай намі для тэрыторыі Беларусі тоеснасці: „Летапісны населены пункт“ — „храм“.
[24] Голубинский Е.Е. Op. cit. Т. 1 (2–я пол.). С. 746—763.
[25] У сувязі з тым, што асноўная пісьмовая крыніца для гэтай эпохі — летапісы, у гістарыяграфіі ўзнік нават такі тэрмін, як „летапісныя гарады“ — тэрмін не зусім карэктны, бо, па сутнасці, з’яўляецца полісемантычным. Часам ён выкарыстоўваецца ў абагульнена–тыпалагічным плане з адценнем „умоўна–горад“, часам — як указанне на пэўны храналагічны прамежак (X—XIII ст.) у гісторыі канкрэтнага горада і г. д.
[26] Тихомиров М.Н. Древнерусские города. Москва, 1956. С. 43.
[27] Раппопорт П.А. О типологии древнерусских поселений // КСИА. Вып. 110. Москва, 1967. С. 5.
[28] Куза В.А. Древнерусские поселения // Археология СССР: Древняя Русь. Город, замок, село. Москва, 1985. С. 61.
[29] Куза А.В. Города в социально–экономической системе древнерусского государства // КСИА. Вып. 179. Москва, 1984. С. 3—11; Ён жа. Малые города древней Руси. Москва, 1989; Ён жа. Древнерусские городища X—XIII вв. // Свод археологических памятников. Москва, 1996.
[30] Карлов В.В. О факторах экономического и политического развития русского города в эпоху средневековья (к постановке вопроса) // Русский город. Вып. 1. Москва, 1976. С. 32—69; Ён жа. К вопросу о понятии раннефеодального города и его типов в отечественной истории // Русский город. Москва, Вып. 3. 1980. С. 60—83.
[31] Тимощук Б.А. Восточные славяне: От общины к городам. Москва, 1995.
[32] Пашуто В.Т. О некоторых путях изучения древнерусского города // Города феодальной России. Москва, 1966. С. 98.
[33] Традыцыйна лічыцца, што „межы епархій у асноўным супадаюць з межамі княстваў і земляў“ (гл. Макарый (Булгакаў). История русской церкви… Кн. II. С. 134 і 298 (Карты епархій). Але, па–першае, нашыя веды пра межы княстваў дастаткова ўмоўныя (гл. Древнерусские княжества X—XIII ст. Москва, 1975); па–другое, частая змена гэтых межаў, дакладней — юрысдыкцыі княстваў на даволі невялікіх участках памежнай тэрыторыі наўрад ці магла ўплываць на значна больш устой­лівыя, па вызначэнні, межы епіскапскай юрысдыкцыі.
[34] У сваю чаргу, і гэтыя персанажы таксама характарызуюцца ў летапіснай традыцыі як актыўныя прыхільнікі новай рэлігіі („манастыры“ Рагнеды, „любоў да хрысціянства“ Ізяслава).
[35] Заяц Ю.А. Распространение христианства в городах Полоцкой земли по материалам археологии (на примере Заславля) // Тэзісы навуковай канферэнцыі, прысвечанай 1000–годдзю Полацкай епархіі і праваслаўнай царквы на Беларусі. Мінск, 1992. С. 21—22.
[36] Рапов А.И. Op. cit. С. 377. Можна дадаць, што ў рамках гэтага тэзі­са аўтар адносіць і ўзнікненне ў Полацку епіскапскай кафедры толькі да эпохі княжання Ўсяслава Брачыслававіча, г. зн. „не раней за канец 60–х г. XI ст.“ (Тамсама).
[37] Параўн. меркаванне Шчапава пра час утварэння Тураўскай і Полацкай епархій (Государство и церковь в Древней Руси… С. 39, 42—43).
[38] У крыніцах таксама фігуруе шэраг тапонімаў, упамінанне якіх, асабліва „першае летапіснае…“, не суправаджаецца адпаведнымі характарыстыкамі і не дае магчымасці вызначыць статус дадзенага населенага пункта адносна канкрэтнай летапіснай даты, нават з пункту погляду летапісца. Як правіла, пры больш познім упамінанні ў пісьмовых крыніцах (у рамках гэтага ж перыяду — XI—XIII ст.) яны ўжо называюцца „гарадамі“.
[39] Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв. С. 173; Куза Л.В. Малые города Древней Руси. С. 97, 100; Куза Л.В. Древнерусские городища X—XIII вв. // Свод археологических памятников. Москва, 1966. С. 71, 82, 165.
[40] Такое „спрошчанае“ разуменне падзей, якое інкрымінавалася большасці царкоўных дарэвалюцыйных гісторыкаў, было аб’ектам крытыкі савецкіх гісторыкаў ад М.Пакроўскага і М.Нікольскага да I.Фраянава (Об историческом значении „Крещения Руси“ // Генезис и развитие феодализма в России. Ленинград, 1987. С. 20—58) і А.Кузьміна (Падение Перуна. Москва, 1988).
[41] Аничков Е.В. Язычество и Древняя Русь. С.–Петeрбург, 1914. С. 136.
[42] Баловнев Д.А. Приходское духовенство в Древней Руси X—XV вв. Православная энциклопедия. Москва, 2000. С. 253.
[43] Дз.Балаўнёў адзначае, што самае ранняе выкарыстанне тэрміна „прыход“ адносіцца да канца XV ст. (1485 г.). Тамсама. С. 254.
[44] „Либо си [если даже] и службу [церковную] оставите, нетуть в том греха“ („Поучение епископа Ильи“. РИБ. Т. 6. С. 367). Цыт. паводле: Романов Б.А. Люди и нравы Древней Руси. Ленинград, 1947. С. 239.
[45] Гл.: Описание церквей и приходов Минской Епархии. Ч. 1—3. Минск, 1878—1879.
[46] Гаворачы аб „прыкладах“, А.В.Арцыхоўскі мае на ўвазе не толькі пісьмовыя крыніцы, але і „…Мініяцюры Ніканаўскага летапісу XVI ст., якія часткова набліжаны да арыгіналаў XIV—XV ст.“. — Гл.: Очерки русской культуры XIII—XV вв. Ч. 1. Материальная культура. Москва, 1967. С. 315.
[47] Вигилев А.И. История отечественной почты. Москва, 1990. С. 24.
[48] История культуры Древней Руси: Домонгольский период. Т. 1. Материальная культура. Москва, 1948. С. 407.
[49] Лапшин В.А. К вопросу о формировании округи древнерусского города // Историко–археологический семинар „Чернигов и его округа в XI—XIII вв.“: Тезисы докл. Чернигов. 1988. С. 93—94.
[50] Лурье С. Община, империя, православие в русской этнической картине мира XV—XVII вв. // ОЗ. 2001. № 1. С. 105.
[51] Тихомиров М.Н. Источниковедение истории СССР: С древнейших времен до конца XVIII в. Вып. 1. Москва, 1962. С. 159.
[52] Тихомиров М.Н. Список русских городов дальних и ближних // ИЗ. 1952. Т. 40. С. 214—259 (перадрук у кн.: Русское летописание. Москва, 1979. С. 83—137).
[53] Подосинов А.В. О принципах построения и месте создания „Списка русских городов дальних и ближних“ // Восточная Европа в древности и средневековье. Москва, 1978. С. 40—48.
[54] Тихомиров М.Н. Указ. соч. С. 89.
[55] Наумов Е.П. К истории летописного „Списка русских городов дальних и ближних“ // Летописи и хроники. 1973. Москва, 1974. С. 157.
[56] Янин В.Л. К вопросу о дате составления обзора: „А се имена градом всем русскым, далним и ближним“ // Древнейшие государства Восточной Европы: Материалы и исследования, 1992—1993 г. Москва, 1995. С. 131.
[57] Поппе А.В. Деякі питання заселения польско–руського рубежа в ранньому середньовіччі // УІЖ. 1960. № 6. — Нажаль, мы не маем якіх–небудзь станоўчых дадзеных, каб гэтак жа ўпэўнена датаваць XIII стагоддзем больш за дзесятак „беларуских“ населеных пунктаў, упершыню названых менавіта ў гэтым „Спісе“ (гл. ніжэй).
[58] Куза А.В. Малые города Древней Руси. С. 31. Далей аўтар прыходзіць да высновы, што „гарадамі ў канцы XIV ст., па меншай меры ў царкоўных кругах, лічыліся цэнтры прыходаў“ (Тамсама). Такое ўскоснае пацвярджэнне тоеснасці гэтых паняццяў („горад“ — „прыход“) важна для нас яшчэ таму, што і адзіны часавы вектар і, у цэлым, дынаміка двух працэсаў — горадаўтварэння і хрысціянізацыі — робяць магчымасць такой тоеснасці для сітуацыі XI—XIII ст. значна больш высокай.
[59] Характэрна, што 9 з гэтых 14 „гарадоў“ так або інакш звязаны з кірункам асноўнай сухапутнай дарогі гэтага рэгіёну (Смаленск — Мінск — Вільня), а астатнія 5 — з воднымі шляхамі па Дняпры і Прыпяці.
[60] Гл. Jakubowski J. Opis Księstwa Trockiego z r. 1387 // Przegląd His­toryczny. 1907. T. 5. S. 44—46.
[61] Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. 1. (1340—1506). С.–Петербург, 1846. С. 92.
[62] Wolff J. Kniaziowie Litewsko–Ruscy od końca XIV wieku. Warszawa, 1895. S. 95.
[63] Материалы по истории и географии Дисненского и Вилейского уездов Виленской губернии. Витебск. Изд. А.Сапунова и В.Друцкого–Любецкого. 1896. С. 221.
[64] Тамсама. С. 115.
[65] Щапов Я.И. Туровские уставы XIV в. о десятине // Археографический ежегодник 1964. Москва, 1965. С. 268; С. 271—272; Грамата „О постановлении Туровской епископии“ каштоўная тым, што акрамя Ляхавічаў, разам з іншымі гарадамі называецца і Здзітаў, што ўпамінаецца ў летапісах толькі адзін раз.
[66] Материалы по истории и географии Дисненского и Виленского уездов… С. 211 (Приложения. С. 35—36).
[67] Краснянский В.Г. Город Мстиславль. Его прошлое и настоящее // Записки Северо–Западного Отдела РГО. Книжка 3. Вильно. 1912. С. 118.
[68] Гл.: Ochmański J. Litewska granica etniczna na wschodzie od epoki plemennej do XVI wieku. Poznań. 1981. Карты 1 і 3 (с. 34 і 72).
[69] Пра існаванне праваслаўнага храма ў Крэве ў 2–й палове XIV ст. упамінаецца ў некаторых больш позніх дакументах. Гл.: Виленские епархиальные ведомости. 1875. № 44.
[70] Дастаткова шмат звестак пра заснаванне праваслаўных храмаў ёсць і ў пісьмовых крыніцах XV ст. (у асноўным, другой паловы), але гэта ўжо асобная тэма.
[71] Пра наяўнасць указанных прыкмет гл.: Куза А.В. Древнерусские городища X—XIII вв.; Штыхов А.В. Археологическая карта Белоруссии: Памятники железного века и эпохи феодализма. Вып. 2. Минск, 1971.
[72] Гэтая тэндэнцыя адлюстроўвае ўзровень транспартных і тэхналагічных магчымасцяў грамадства — яшчэ ў XVI—XVII ст. прасцей і лягчэй было пабудаваць 2—3 малыя царквы, чым адну, супастаўляльную з імі па аб’ёме і здольную змясціць такую самую колькасць людзей. Шляхі зносінаў таксама былі ў дрэнным стане, кадравай жа праблемы, верагодна, не існавала. Як указваў Я.Галубінскі, ужо ў XII—XIII ст. колькасць святароў была залішняй, а камплект асноўных прадметаў царкоўнага ўжытку (акрамя кніг і ікон), як правіла, быў мясцовай вытворчасці.
[73] Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV—XVI вв.). Минск, 1993. Приложение. Карта „Беларусь в конце XVI в.“ 1:1 000 000.
[74] Гл.: Чистович И. Очерк истории западно–русской церкви. Часть II. С.–Петербург, 1884. С. 391—406.
[75] „Узбуйненне“ прыходаў, заснаванае на разліку колькасці прыхаджан у маштабах асноўных адміністрацыйных адзінак (губерняў і г. д.), з’яўляецца параджэннем бюракратычнай сістэмы Расійскай імперыі канца XVIII — пачатку XIX ст. і звязана з сістэмай дзяржаўнага фінансавання кліра.

Новости из этой категории