Краязнавец: ля Пружаны быў яшчэ адзін святы камень са слядочкам

Краязнавец: ля Пружаны быў яшчэ адзін святы камень са слядочкам

Пружанскі краязнавец падзяліўся сведчаннем земляка пра шанаваны камень са слядочкам з-пад Пружаны.

Малады пружанскі краязнавец Зміцер Юркшайціс падзяліўся сведчаннем земляка пра шанаваны камень са слядочкам з-пад Пружаны.

Запіс, зроблены ў сшытку, які належаў нябожчыку Раману Патапчуку, адносіцца да 1966-га года. Краязнаўца са сшыткам азнаёміў Раманаў сын Леанід Патапчук.

Старонка з дзённіка. Фота - Зміцер Юркшайціс

Па дарозе, што вядзе ад Пружаны да вёскі Семянча, на невялікім лузе, мабыць, некалькі дзясяткаў гадоў ляжаў камень вялікі, урос у зямлю, на ім была невялікае паглыбленне, крыху прадаўгаватае. Гэтае паглыбленне прыцягнула ўвагу багалюбных жанчын. Яны пусцілі чутку, што гэтая ямачка – слядок божай мацеры, якая, бач, cа сваёй вялікай ласкі, вандруючы па зямлі, зажадала адпачнуць на гэтым камені і пакінула адбітак свайго следу“.

Ушанаванне гэтага камяня, трэба думаць, усё ж даўнейшае, чым пазначае аўтар. Апісанне таго, як багалюбныя жанчыны пусцілі чутку, нагадвае інтэрпрэтацыі якіхсьці мясцовых культаў пазітывістамі ў якім дзевятнаццатым стагоддзі.

Пры гэтым, як адзначае З.Юркшайціс, на сёння гэта адзінае вядомае нам зафіксаванае сведчанне пра шанаваны камень са слядочкам ля Семянчы. Жыхароў вёскі яшчэ не апытана наконт гэтага.

Нельга не звярнуць увагу, наколькі пружанскія ваколіцы поўныя шанаваных камянёў. Тут і старажытны ахвярны камень з ямкамі ў Дабучыне (каля яго праваслаўныя актывісты паставілі нядаўна свой “комін” з кумпалам), і буйны шанаваны валун ва ўрочышчы Краснік (былая выспа пасярод балота), і камень ля крыніцы кала Квасоўшчыны (яго слядоў не захавалася), і каменны слуп на скрыжаванні пасярод Лазоўкі, і нават каменнае “крэсла” ў Чахцы.

Гэта ўжо не кажучы пра цэлага каменнага ідала з Буцькоў, які, пастаўлены ля “Пружанскага палацыку”, зрабіўся сапраўднай візітоўкай, і абярогам, горада – хоць і стаіць ля жалезнага люка.

Ушанаванне святых камянёў сягае нашмат даўнейшых часоў, чым калі сюды ўбрыло хрысціянства. На Пружаншчыне гэта – спадчына балтаўяцвягаў, нашчадкі якіх насяляюць гэты край і па сёння.

 

Вогнішча каля каменнага слупа ў Лазоўцы ў красавіку 2018-га

Вогнішча каля каменнага слупа ў Лазоўцы ў красавіку 2018-га

 

Крыніца: svajksta.by

Новости из этой категории