15 ліпеня — 610 год ад Грунвальдскай бітвы, якая стала яскравай старонкай беларускай вайсковай славы

15 ліпеня — 610 год ад Грунвальдскай бітвы, якая стала яскравай старонкай беларускай вайсковай славы

5 ліпеня — 610 год ад Грунвальдскай бітвы

Сёння — угодкі вялікай перамогі саюзных войскаў Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы пад Грунвальдам. Як рыхтавалася знакамітая бітва? Піша гісторык Алег Дзярновіч.

Здарылася! На нарадзе ў Берасці 8-10 снежня 1409 г. Ягайла і Вітаўт прынялі план летняй кампаніі наступнага года супраць Нямецкага ордэна. Лакальныя сутычкі, дыпламатычныя перапынкі застаюцца ў мінулым — хаўруснікі поўныя рашучасці на сваю карысць вырашыць даўняе супрацьстаянне. Такім чынам, былі абмеркаваныя асноўныя пытанні выправы: руху войскаў, іх злучэння, а таксама, галоўнае, вырашана было прымусіць Ордэн даць генеральную бітву ў полі, карыстаючыся значнай колькаснай перавагай польска‑ліцвінскага войска.

Нямецкі вайсковец і гісторык Макс Элер у пачатку ХХ ст. вельмі высока ацэньваў сам стратэгічны план выправы. У юбілейны 1910 г. ён пісаў, што рух войскаў ВКЛ і Польшчы на Грунвальд «абуджае здзіўленне сваёй спланаванасцю».

Сама ідэя ўдарыць у сэрца Ордэна, на Мальбарк, моцна адрозніваецца ад звычайнай для тых часоў тактыкі рабаўнічых нападаў на памежныя замкі. Ягайла і Вітаўт выправілася на вайну, маючы перад сабой сапраўды стратэгічныя задачы.

Падрыхтоўка

Адразу пасля нарады Вітаўт загадаў, каб кожны ваяр, пешы ці конны, меў з сабой правіянт.

У маі 1410 г. вялікі князь удакладніў: вайсковая экспедыцыя разлічаная на пяць тыдняў, і менавіта на гэты тэрмін вайсковец мусіў мець харчы.

У Белавежскай пушчы пачаліся вялікія паляванні на зуброў і дзікоў. Сведкі прыгадваюць, што кожнае паляванне давала 50 бочак салёнага і сушанага мяса. Прыпасы звозіліся і сплаўляліся па Вісле да польскага Плоцка.

Усю вясну Вітаўт правёў у раз’ездах. Пад Слонімам вялікі князь ледзьве не трапіў у рукі нямецкіх рыцараў — вялікі маршал Ордэна здзяйсняў рэйд у бок Берасця ды спаліў Ваўкавыск.

Пераправа

З Трокаў Вітаўт рушыў са сваімі аддзеламі 3 чэрвеня.

Яшчэ раней у паход выправілася артылерыя Вялікага Княства. Усё ліцвінскае войска злучылася 26 чэрвеня на Падляшшы на рацэ Нараў.

З Поўначы прыйшлі харугвы Цэнтральнай Літвы і Жамойці, падышлі харугвы з русінскіх земляў ВКЛ, а таксама татары.

3 ліпеня ўжо на Вісле пад Чэрвіньскам, ніжэй Варшавы, Вітаўт злучыўся з Ягайлам.

Дзеля гэтага яшчэ на Берасцейскай нарадзе 1409 г.

было вырашана збудаваць грандыёзны пантонны мост. Шырыня Віслы тут даходзіла да 500 м.

Часткі моста былі сплаўленыя па рацэ і літаральна за паўдня сабраныя вышэй Чэрвіньска. Як сцвярджае храніст Ян Длугаш, падчас пераправы панаваў ідэальны парадак: пры ўваходзе на мост Ягайла паставіў адборны аддзел узброеных рыцараў, каб пазбегнуць тлуму і цісканіны.

На канцах моста паставілі магутныя бэлькі, званыя «кабылянамі», каб ніхто неарганізавана не змог наблізіцца да берагоў. Войска ўваходзіла на мост роўнымі шыхтамі, разам з гарматамі і амуніцыяй. Тое, што мост быў пантонны і меў шмат рухомых апораў на чаўнах, дазваляла пазбегнуць эфекту рэзанансу падчас размеранага руху войска. Пасля пераправы мост «на чаўнах» быў разабраны і зноў сплаўлены да Плоцка.

У чацвер, 3 ліпеня, войскі рушылі проста да прускай мяжы. У першы дзень удалося прайсці звыш 30 км. На наступны дзень войскі пераадолелі меншую адлегласць.

5 ліпеня ў польска‑ліцвінскім абозе з’явіліся «міжнародныя назіральнікі» — паслы венгерскага караля Жыгімонта.

Ягайлу ўжо не было чаго хаваць, і Вітаўт наладзіў урачысты агляд наяўных узброеных сілаў.

Як пішуць храністы, «паводле старшых продкаў звычаю», падзяліў ён войска на гуфы і харугвы. Харугваў тых, не лічачы татараў, было сорак.

Вялікі князь раздаў кожнай харугве свае знакі і распарадзіўся, «каб кожныя харугва і гуф пільнаваліся знаку і слухалі загадаў». 6 ліпеня, у нядзелю, пасля ўрачыстага раздавання штандараў, усё ліцвінскае войска прамаршыравала перад Ягайлам і Вітаўтам.

Абоз

Далей войска мусіла ісці з вялікімі стаянкамі, бо іначай абозы безнадзейна адсталі б.

Апроч правіянту, гармат і ядраў да іх войска везла з сабой запасы зброі і вопраткі. Найзаможнейшыя мелі намёты ды кухоннае начынне. На сваіх баявых конях рыцары везлі толькі зброю.

Тагачаснай найменшай вайсковай адзінкай было кап’ё, якое складалася з трох чалавек (рыцара з дзідай і мячом, збраяносца і стральца з лукам ці арбалетам) і чатырох коней (адзін — падменны, на ім рыцар ехаў падчас пераходаў). На кожнае кап’ё прыпадаў як найменей адзін воз з запасамі.

Заможныя паны мелі свой уласны абоз.

Калі прыняць пад увагу колькасць аб’яднанага войска ў 29 000 конных і 10 000 пяхоты, дык абоз мусіў складацца прынамсі з 10 000 вазоў. Трэба дадаць сюды вазы з гарматамі і ядрамі, з прыладамі да аблогі, вазы рамеснікаў, канцылярскія вазы і вазы лекараў…

Гэта дае яшчэ прынамсі 500 вазоў.

Такая калона мусіла б расцягнуцца на 84 км,

даючы 8 м на адну запрэжку, як гэта падлічыў польскі гісторык Стэфан Кучыньскі. Каб прывесці ў рух такую аграмадзіну, патрабавалася некалькі гадзінаў, а пераправа праз раку доўжылася суткі ці двое.

Пакаранні

Падчас руху такой колькасці войска здараліся, вядома, інцыдэнты.

Начамі з табару выходзілі «валанцёры» і нападалі на навакольныя паселішчы. Храніст Длугаш вінаваціць у гэтых нападах найперш татараў, а таксама ліцвінаў, якія не арыентаваліся, дзе землі польскага караля, а дзе прускіх немцаў.

Хоць сучасныя гісторыкі мяркуюць, што прынамсі частка нападаў рабілася з санкцыі караля.

Але ж былі і выпадкі сапраўды гвалтаў. Ужо на ордэнскай тэрыторыі, пад Лідзбаркам, калі войска стаяла табарам паміж азёрамі, жаўнеры захапілі і спустошылі мястэчка. Быў парабаваны і касцёл. Дзеялася гэта насуперак загадам.

Пасля кароткага следства Вітаўт загадаў дваім асуджаным ліцвінам паставіць сабе шыбеніцы і самім жа павесіцца ў прысутнасці ўсяго рыцарства.

Пасля гэтага ваяры асцерагаліся рабаваць. Без каралеўскага загаду, прынамсі.

Апошняя ноч

Так ці інакш, 13 ліпеня польска‑ліцвінскае войска падышло за паўмілі да замка Дуброўна. Як звычайна, сталі табарам ля возера. Дзень быў спякотны.

Пасля штурму замка і горада ў рукі хаўруснікаў трапіла вялікая здабыча. Трэба было адпачыць пасля бітвы, а жаўнеры таксама жадалі ўпарадкаваць абоз, наладаваўшы яго трафеямі. Ноч з 13 на 14, а таксама дзень 14 ліпеня польска‑ліцвінскае войска правяло пад Дуброўнай. Перад заходам сонца кароль загадаў выступаць на наступны дзень.

Войска пайшло адпачываць раней, чым звычайна. І праз некалькі гадзін, у ноч з 14 на 15 ліпеня, рушыла ў кірунку мястэчка Грунвальд, побач з якім стаяла войска Ордэна. Новы дзень стаў днём бітвы.

Крыніца: nashaniva.by

Героі эпохі Грунвальда: якімі яны былі

Вітаўт Вялікі. Рэканструкцыя фотамастака Алега Белавусава.

XIV—XV стагоддзі — гэта час, калі надзвычай былі запатрабаваныя мужныя ваяры. Пра Грунвальдскую бітву 1410 года шмат напісана: перадумовы падзеі, склад войскаў, ход бою. Але мне б хацелася звярнуць увагу на тагачасных ваяроў.

Цяпер юнакі наведваюць рыцарскія клубы. У іх можна навучыцца валодаць зброяй, насіць даспехі. Не так лёгка насіць нават кальчугу. Аднак тое ўсё — гульня. Коштам тут не выступае жыццё, гонар, свабода, краіна.

Калі паглядзець на тагачасныя войны і ў тым ліку на Грунвальдскую бітву, узнікае пытанне: які ж трэ было мець характар, каб ісці ў сечу, з якой вярнуцца жывым было вялікай удачай, а непараненым — шчасце?

Сераднявечныя бітвы ўяўлялі сабой жорсткае відовішча. Бітва 1399 г. на рацэ Ворскле з Ардой, у якой войска Вітаўта было разбітае, апісваецца так: «…Татары з лукаў бесперапынку страляюць. Зміцер Карыбут уварваўся ў сярэдзіну татар, доўга там сек, з коняў татар скідваў, пакуль яго вялікі гмін конямі не спыніў. Крык, гукі як ад марской буры, кулі, стрэлы як дождж, свішчуць, ляцяць з двух бакоў, як пчаліны рой, крычаць, шаблі, мячы грымяць, зброя ад дзідаў трашчыць…»
Ян Длугаш пра Грунвальдскую бітву напісаў наступнае: «…Калі рады сышліся, то падняўся такі шум і грукат ад удараў дзідаў, якія ламаліся аб даспехі, як быццам бы валілася нейкая вялікая пабудова, і такі ляскат мячэй, што яго было чуваць на некалькі міль. Нага наступала на нагу, даспехі біліся аб даспехі, вастрыі дзідаў накіроўваліся ў твар ворагаў. Калі сышліся харугвы, то нельга было адрозніць нясмелага ад мужнага, немагчыма было змяніць месца ці прасунуцца на крок, пакуль пераможца не скідваў з каня ці не забіваў праціўніка і так станавіўся на яго месца… I людзі біліся, і коні іх душылі…»

Як наважыцца пайсці ў гэтае пекла? Першы страх трэ было пераадолець, каб кінуцца ў гэтую «мясарубку». Другі страх — не зламацца пад націскам ворага і не збегчы. Удзельнік Грунвальда Чэх Ян Сарноўскі быў пазбаўлены гонару за адвод войскаў з бітвы.

У бітве шмат залежала ад правадыра. Кіраўнік краіны не мог адседзецца і перачакаць, калі ўсё скончыцца. Ён павінен быў уласным прыкладам весці за сабой ваяроў, разумець сітуацыю, якая склалася на поле бітвы, і хутка рэагаваць на любыя змены. Так, летапісы ўсхваляюць дзейнасць Вітаўта як палітыка і як рыцара. Ён узначальваў выправы на Маскоўскае княства, на Арду. Як мужны ваяр праявіў сябе падчас Грунвальдскай бітвы.

Са шматлікіх ваяроў крыніцы захавалі толькі некаторыя імёны ўдзельнікаў бітвы: сыны Альгерда Іван Жэдэвіт і Сямён Лугвен, Жыгімонт Карыбутавіч, Ян (Андрэй) Гаштаўт.

У той час уменне валодаць зброяй вылучала асобу сярод іншых, давала людзям з простага стану магчымасць набыць шляхецтва. Іх было за што вылучаць. Каб ваяваць, мужчына павінен быў валодаць такімі якасцямі, як смеласць, жорсткасць, цягавітасць, уменне кантраляваць свой страх і эмоцыі.

Роля рыцара была запатрабаванай і ганаровай. На ваяра ўскладаліся абарончыя функцыі. Яго абавязак быў змагацца за краіну і, калі трэба, загінуць за яе. Калі ты пайшоў у ваяры, у цябе не было дарогі назад. Здрада і баязлівасць кляймом клаліся да канца жыцця і няславілі нават нашчадкаў. Паводле тагачасных кодэксаў гонару, рыцар павінен быў прагнуць бітвы, не задумвацца пра ўласную бяспеку і знішчаць як мага болей ворагаў. Прынесеная здабыча падкрэслівала каштоўнасць перамогі.

Прыняцце хрысціянства ачалавечыла воблік рыцара. Перад бітвай чыталіся малітвы, спяваліся гімны. Але гэта не замінала жорстка абыходзіцца з мірным насельніцтвам і палоннымі. На вайне гераізм адных аказваўся паразай для другіх.

Так, Грунвальдская бітва стала яскравай старонкай беларускай вайсковай славы. Можна па-рознаму ацэньваць звычаі тых часоў, але нам варта пераймаць ад іх гонар, а не сарамлівасць, самапавагу, а не закамплексаванасць, ваяўнічасць, а не трыванне.

Крыніца: nashaniva.by

Новости из этой категории