«Ахова птушак Бацькаўшчыны» паабяцала 200 рублёў узнагароды тым, хто пакажа нару дзікага хамяка

«Ахова птушак Бацькаўшчыны» паабяцала 200 рублёў узнагароды тым, хто пакажа нару дзікага хамяка

Грамадзкая арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» паабяцала 200 рублёў узнагароды тым, хто пакажа нару дзікага хамяка (Cricetus cricetus) на тэрыторыі Беларусі, паведамляе Радыё Свабода. Узнагароду дадуць толькі тады, калі экспэрты пацьвердзяць, што нара жылая.

Праблема ў тым, што пра папуляцыю хамяка ў Беларусі нічога невядома ўжо 10 гадоў, тлумачыць АПБ, хоць раней гэта быў звычайны від. Але ў савецкія часы хамякоў вынішчалі як шкоднікаў, і ў выніку ў 2005 годзе від уключылі ў беларускую Чырвоную кнігу. Зоаабаронцы мяркуюць, што від мог цалкам зьнікнуць у Беларусі.

Звычайна хамякі робяць норы на межах палёў, на ўскрайках дарог, могуць сяліцца ў садах і агародах. Норы звычайна даволі буйныя, з дыямэтрам уваходу каля 10 см, зь іх выкінута шмат зямлі. Падобныя норы робяць пацукі.

 

Паведаміць пра нару хамяка можна па тэлефоне +375 17 348-76-13 або лістом на адрас levy@gmail.com. У лісьце трэба пазначыць у тэме слова «Хамяк», далучыць фота хамяка або нары (каля нары лепей пакласьці нейкі прадмет для маштабу), апісаньне мясцовасьці і прымет, зь якіх можна зрабіць выснову, што гэта нара хамяка, а таксама тэлефон для сувязі.

Заплоцяць за 10 першых пацьверджаных нораў, і толькі калі хамякі не пацярпяць у працэсе «вышуку».

Новости из этой категории