Якія вершы пачалі пісаць пасля таго, як жанчына ўзначаліла ФК «Пружаны» і каманда пачала выйграваць?

Якія вершы пачалі пісаць пасля таго, як жанчына ўзначаліла ФК «Пружаны» і каманда пачала выйграваць?

Калі жанчына рэй вядзе, усё як трэба ў грамадзе

Футбольную каманду чэмпіянату Беларусі ўпершыню ўзначаліла жанчына: Алена Адамчук стала галоўным трэнерам ФК «Пружаны» (трэці дывізіён). Першыя дзве гульні яе каманда выйграла з аднолькавым лікам 4:1.

Ці ж расказваць без ста грам
Можна аб футболе?
Наш футбол – на смех курам,
Людзям жа – тым болей.
На трыбунах гледачы
Не парвалі гланды,
Бо дваровыя, лічы,
Нашыя каманды,
Бо не радуе гульня
(Не гульня, а гора!).
Нам па рэйтынгу раўня
Мальта ды Андора,
Хоць гульцоў мы маем шмат
(Іх у нас – як вошай)
І на свой чэмпіянат
Не шкадуем грошай.
…У райцэнтры тым футбол
Сапраўды дваровы,
І на полі з блізкіх сёл
Пасвяцца каровы,
Калі там няма гульні.
Клуб зусім лядачы:
Перамог няма ані,
Спрэс адны няўдачы.
Бос спартыўны – не бязмен,
Добра петраць клёпкі.
Ён даўмеў: без перамен
Дойдзе клуб да кропкі.
План прыдумаў неблагі
Па падказцы Неба:
Не мужчынскія мазгі
Для каманды трэба.
Футбалісты клуба аж
Лыпалі вачыма,
Як пачулі:
– Трэнер ваш –
Гэтая жанчына.

У заўзятараў – адчай:
Будзе больш паршыва…
Ім насуперак, бадай,
Адбылося дзіва,
Бо каманда стала там
Ледзь не лепшай самай:
Мабыць, сорамна гульцам
Дрэйфіць перад дамай,
Дык гульцы нібы з сябе
Скінулі вярыгі,
Аддаюцца барацьбе.
Фаварыты лігі!
Клуб для іншых як узор,
Не пазнаеш клуба:
Не хапаў ён з неба зор,
Зараз – глянуць люба.
Іншым стаў і стадыён:
Вабіць люд мясцовы,
На трыбуны кліча ён,
Козы і каровы
Больш не ходзяць па траве.
У развазе дама:
Кажуць, хутка пазаве
Мінскае «Дынама».

***

Можа, шчасце Бог пашле,
Жыцьмем годна-чынна,
Як краіны на чале
Будзе ў нас жанчына?..

Нечаканая развязка

Жыло ў адной сям’і львяня.
Спакою не было ні дня.
А потым вырас хіжы леў,
Таму эксцэс трагічны спеў…
Не скончылася ўсё дабром:
Засек муж жонку тапаром.

Піць ці не піць?

Рашылі выпіць толкам.
На ўзнёслай хвалі
Сябры бутэльку толькі
Адкаркавалі,
І быццам хмара звісла
Ці меч Дамоклаў –

Глядзяцца твары кісла:
Зязюля змоўкла…

Смак пельменяў

Хто без жонкі і без мамы,
Той засвоіць добра змог:
Чым смачней пельмені з крамы,
Тым ніжэй жыцця парог…

Дапамаглі лекі

Жанчына бегае ў аптэкі,
Бо муж хварэе дзень каторы…
Былі падробленымі лекі,
З-за гэтага і выжыў хворы.

Новости из этой категории