Дзядуля быў загадчыкам чайнай у Шэрашава, а ўнук зрабіў «Бе­ла­рус­кую чай­ную цы­ры­мо­нію»! Відэа

Дзядуля быў загадчыкам чайнай у Шэрашава, а ўнук зрабіў «Бе­ла­рус­кую чай­ную цы­ры­мо­нію»! Відэа

Вяшчун з Белавежскай пушчы


 

Робіць пуэр з бярозавага лісця і ладзіць чайныя цырымоніі з нацыянальным каларытам.

З Аляксеем Купраковым я пазнаёмілася ў Мінску на другім Чайным чэмпіянаце. Малады брастаўчанін адразу ж прыцягнуў увагу незвычайным ільняным уборам. І, вядома, уразіў тым, што заварваў чай не ў фарфоравым ці шкляным імбрыку, а ў гліняных збанках ды чыгунку...


Аляк­сей Куп­ра­коў прэ­зен­туе свой уні­каль­ны арт-пра­ект «Бе­ла­рус­кая чай­ная цы­ры­мо­нія».

Аляк­сей Куп­ра­коў прэ­зен­туе свой уні­каль­ны арт-пра­ект «Бе­ла­рус­кая чай­ная цы­ры­мо­нія».

«Мой дзед загадваў чайнай пасля вайны»

Працягваў здзіўляць Аляксей і падчас нашай размовы. Сказаў, напрыклад, што не толькі ў Японіі ды Кітаі, але і ў Беларусі ёсць свае чайныя традыцыі. Проста пра гэта мала хто ведае.

— Мая першая сустрэча з чаем адбылася ў дзяцінстве дзякуючы дзядулю. Яго таксама звалі Аляксей Купракоў. На ягоны век выпала Вялікая Айчынная вайна. Ён яе ўсю прайшоў — ад Масквы да Берліна. Да самай сваёй смерці дзед насіў пад сэрцам аскепкі, атрыманыя пры раненні... Памятаю, ён заўсёды піў моцна завараны чай без цукру. І ўсе ў сям'і казалі, што дзед любіць добры чай. Я тады зразумець не мог, што там добрага — ён быў нясмачны і горкі. Але пытанне — што такое добры чай? — ужо тады зарадзілася ўва мне. Аказалася, што пасля вайны дзядуля быў загадчыкам чайнай у пасёлку Шэрашава Пружанскага раёна! Бацькі мне пра гэта расказалі са смехам, пасля таго, як я адкрыў антыкафэ «Чайны дамок» у Брэсце. Маўляў, гены далі пра сябе знаць.

Ля «Чай­на­га дам­ка» ў Брэс­це.

Ля «Чай­на­га дам­ка» ў Брэс­це.

Думаю, дзед вельмі ўзрадаваўся б, калі б даведаўся, што ўнук працягвае яго справу. Больш за тое, яшчэ і перамагае ў чайных чэмпіянатах (летась — у катэгорыі «Майстэрства заварвання чаю», сёлета — у намінацыі «Майстэрства дэгустацыі»).

— Другая сустрэча з гарбатай адбылася ў падлеткавым узросце! — працягвае Аляксей. Я тады трапіў у дрэнную кампанію. Мы бавілі час у двары, пілі алкаголь. У суседнім доме жыў хлопец-сірата. Я вырашыў з ім пасябраваць, бо ён меў асобную кватэру, дзе можна было тусавацца. Менавіта той хлопец паказаў мне альтэрнатыўны спосаб баўлення часу: шахматы, сярэднявечную музыку і зялёны чай без цукру... Такім вось чынам ён выцягнуў мяне з «чарнухі». Я дагэтуль вельмі ўдзячны яму за той выратавальны дэфіцытны зялёны чай (тады, у 90-х, яго амаль нідзе не было).

Дзіўным чынам спалучэнне добрай музыкі, чаю і шахмат пасля набыло ўвасабленне ў «Чайным дамку» Аляксея Купракова. Па волі лёсу ў арэнду ўдалося ўзяць частку памяшкання шахматна-шашачнага клуба, што ў Брэсцкім парку культуры і адпачынку. Наведвальнікаў там прымаюць ва ўтульнай хатняй абстаноўцы і не за звычайнымі, а за шахматнымі столікамі. Прапануюць інтэлектуальнае меню і гарбату.

— Я рады, што замест тэлефонаў і планшэтаў моладзь трымае ў руках кніжкі мудрасці і гуляе ў шахматы. У прыярытэце ўсходняя тэматыка. Таму нават шахматы не звычайныя, а Го. Гэтая старадаўняя гульня сёння адна з нешматлікіх, дзе камп'ютар пакуль не можа выйграць у чалавека. Яна выдатна развівае логіку. Цудоўна было б прэзентаваць беларускай бізнес-супольнасці Го як цудоўны інструмент для развіцця менеджарскага мыслення. Бо менавіта стратэгія гэтай гульні дазволіла Кітаю і Японіі стаць эканамічнымі лідарамі.

Пад­час пар­тыі ў Го (Аляк­сей — зле­ва). Ме­на­ві­та стра­тэ­гія гэ­тай гуль­ні да­зво­лі­ла Кі­таю і Япо­ніі стаць эка­на­міч­ны­мі лі­да­ра­мі.

Пад­час пар­тыі ў Го (Аляк­сей — зле­ва). Ме­на­ві­та стра­тэ­гія гэ­тай гуль­ні да­зво­лі­ла Кі­таю і Япо­ніі стаць эка­на­міч­ны­мі лі­да­ра­мі.

 

У чатыры гады вырасціў з костачкі грэйпфрут

Усходняй культурай Аляксей захапіўся, яшчэ калі вучыўся ў медыцынскім каледжы. Тады ж пачаў пісаць хайку і нават выйграў міжнародны конкурс японскай паэзіі. Затым атрымаў вышэйшую адукацыю — стаў псіхолагам, скончыў магістратуру. Быў у няўрымслівага хлопца яшчэ і досвед працы масажыстам па ўсходняй методыцы. Нейкі час праводзіў аздараўленчую гімнастыку ў розных медустановах горада.

— Менавіта ад аздараўленчых практык я і прыйшоў да чайнай культуры як да цудоўнага спосабу псіхатэрапіі без псіхатэрапеўта. Замест таго, каб звяртацца да псіхолага, можна завітаць да чайнага майстра. Сам фармат чайнай цырымоніі спрыяе нязмушаным зносінам.
Да таго ж кітайскі чай з'яўляецца пэўнага роду легальным псіхадэлікам: ёсць 7 відаў ферментацыі, і можна падабраць у залежнасці ад стану. Больш за тое, ён спрыяе духоўнаму развіццю. У чалавека, які ўжывае добра прыгатаваны чай, абвастраецца ўспрыманне, ён лёгка можа зразумець класіку. Чайны стан падобны да алкагольнага па сіле, але процілеглы па дзеянні.

Адказ на пытанне, што ж такое добры чай, Аляксей знайшоў падчас працы ў кампаніі «Пушчанская тайна».

— Мы з кіраўніком выбіралі, што выпускаць — прыправы або гарбату. Я знарок прайшоў навучанне ў чайнай школе Таццяны Петраковай. Аднак у кампаніі выбралі прыправы.

Чайныя веды спатрэбіліся Аляксею пазней, калі ён адкрыў свой «Чайны дамок» і пачаў праводзіць чайныя цырымоніі.

— Калі я працаваў з «Пушчанскай тайнай», у мяне быў вельмі багаты на паездкі ў Піцер год. Мы вазілі туды саджанцы маліны. Я там пазнаёміўся з піцерскімі антыкавярнямі, улюбіўся ў гэты фармат. І стаў марыць, незалежна ад таго, будзе гэта прыбыткова ці не, стварыць у Брэсце першую антыкавярню. На мой погляд, менавіта сямейны бізнес можа падняць эканоміку ўсёй краіны. Такі бізнес — доўгачасовы. У ім ніколі не будзе карупцыі. Сваё імя ніякі чалавек не захоча ачарніць. Ён будзе з усіх сіл старацца працаваць.

Гаспадарскія здольнасці ў Аляксея праявіліся яшчэ ў чатыры гады — тады хлопчык змог вырасціць з костачкі грэйпфрут... З таго часу ён пастаянна нешта прыдумляе, вынаходзіць...

— Я па натуры крэатыўшчык. Не магу доўга рабіць нешта адно. Пасля перамогі на чайным чэмпіянаце ў Беларусі і выхаду на міжнародны ўзровень у мяне знікла адчуванне межаў. Цяпер я перадаў «Чайны дамок» у добрыя рукі, а сам буду займацца іншымі, больш маштабнымі праектамі... Сёння мой далейшы рух, імкненне да здаровага ладу жыцця прывялі мяне да экалогіі. Я ўзначаліў брэсцкі «Зялёны партал» (афіцыйна адкрыўся 1 сакавіка). Гэта першы рэсурс, дзе будзе ўся інфармацыя пра экалогію Брэсцкай вобласці. Мне не падабаецца статычнае развіццё, я лічу: дабіўся поспеху, пераключайся. Інакш па законах кітайскай філасофіі наступае фаза згасання.

Пушчанская мекка

Але з гарбатай і цырымоніямі Аляксей развітвацца не збіраецца. На другім Чайным чэмпіянаце ён прэзентаваў свой унікальны арт-праект «Беларуская чайная цырымонія». Заварваў спалучэнне чаёў у стылі беларускага сцяга.

— Наш сцяг складаецца з дзвюх частак чырвонага, адной часткі зялёнага і адной часткі белага колеру. Якраз ёсць такія віды ферментацыі чаю: чырвоны, зялёны, белы. На гэты раз зялёны замяніў на светла-бірузовы — гэта быў слабаферментаваны малочны ўлун. Звычайна ў чайнай культуры высокага ўзроўню ён не выкарыстоўваецца. Але тут у мяне была адмысловая місія: падкрэсліць нацыянальную кераміку, выкананую ў тэхніцы малачэння, якую мы спецыяльна распрацоўвалі з брэсцкімі ганчарамі. Яна сама па сабе дае водар малака, і калі яшчэ падкрэсліць малочным улунам, то атрымліваецца вельмі гарманічнае спалучэнне.

Шмат тысяч гадоў развівалася ўсходняя чайная культура, і, калі казаць мовай ІТ-тэхналогій, рухавічок даўно вызначаны. Можна вельмі прыгожа яго «перапрашыць» пад беларускі інтэрфейс і праз яго прадставіць нашу культуру ва ўсёй паўнаце. Традыцыйны касцюм, кераміку, музыку... Для музычнага аздаблення на гэты раз я выбраў цымбалы, бо яны ёсць як у беларускага народа, так і ў кітайскага. Гэта добрая кропка інтэграцыі. У гэтым чэмпіянаце трэба было выкарыстоўваць лісце кітайскай гарбаты. А наогул арт-праект «Беларуская чайная цырымонія» я прасоўваю, вядома ж, з беларускімі зёлкамі. У сукупнасці гэта дае больш поўнае ўяўленне пра нашу культуру. І я ўжо прапанаваў Міністэрству замежных спраў выкарыстоўваць гэты арт-праект для прыёму замежных дэлегацый. Думаю, што наша супрацоўніцтва прынясе карысць радзіме.

Што тычыцца строю, то ўзяў за аснову традыцыйны беларускі, з вышыўкай. І ўнёс туды элементы чайных касцюмаў. Тут гэтую ролю сыграла падаўжэнне рукавоў, дзякуючы чаму ўзнікае вобраз старажытнага белавежскага вешчуна. Белавежская пушча — мая мекка. Гэта месца, дзе я набіраюся сілы. Я там купіў невялікі дом. І канчаткова зразумеў, што сваё прызначэнне трэба шукаць дзесьці тут.

Ідэя ж зрабіць беларускі фармат чайнай цырымоніі нарадзілася ў Стамбуле (на міжнародным турніры ў Турцыі Аляксей заняў другое месца). Недарэмна ж класік казаў: «Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць...».

Нашы зёлкі неверагодна карысныя

— Самае яркае ўражанне ад міжнароднага чэмпіянату — чай, які расце на плантацыях. Я ўпершыню ўбачыў чайныя кусты. Збіраў лісточкі, еў іх сырымі, і гэта было самае моцнае перажыванне за ўсю паездку. Нарэшце я абняў чай і запоўніў пустуючае месца ў сваёй душы.

Мару прысвяціць сябе вырабу гарбат з нашых беларускіх зёлак. Як толькі пайшоў першы зялёны ліст, усёй сям'ёй мы выязджаем на прыроду і збіраем для гэтых мэт расліны. Я праводжу эксперыменты. Вынікі ўзрушальныя. Нашы зёлкі, прыгатаваныя па старажытных усходніх рэцэптах, неверагодна смачныя і карысныя. За гэтым будучыня, я ўпэўнены.

У Стамбуле па ўмовах чэмпіянату мінімум 50% павінна было быць кітайскага чаю, таму Аляксей заварваў калекцыйны шэн пуэр з яго беларускім аналагам, які зрабіў сам з бярозавага лісця. Гэты мікс прэзентаваў як беларуска-кітайскую дружбу.

— Любы ліст — грушы, ліпы — можна ператварыць ва ўнікальны прадукт, які складзе вельмі добрую канкурэнцыю кітайскаму чаю. Насамрэч я ўпэўнены, што гэта магла б быць вельмі моцная экспартная пазіцыя Беларусі, якой мы пакуль не карыстаемся. Наша краіна ва ўсім свеце ўспрымаецца, як сінявокая, чыстая. Карыстаючыся гэтым брэндам, мы маглі б вырабляць вельмі карысныя чайныя напоі. Чаму б нам не пераарыентаваць мясцовыя гаспадаркі ў прыгранічных з запаведнікамі зонах і не вырошчваць там зёлкі?

Аляксей перакананы, што няма будучыні ў беларускай чайнай культуры толькі ў кітайскім ці японскім стылі.

— Як бы ні прадстаўлялі ўсходнюю чайную цырымонію на чэмпіянатах, побач з кітайскімі ды японскімі майстрамі мы будзем выглядаць камічна. Улетку пераможца паедзе на чайны чэмпіянат у Паўднёвую Карэю. І адзіны спосаб не выглядаць камічна — гэта паказаць нашу культуру, нашу кераміку.

Так сказаў Аляксей, і праз некалькі гадзін мы даведаліся, што ён стаў адным з пераможцаў. Калі шчыра, я вельмі рада, што менавіта белавежскі вяшчун будзе прадстаўляць нашу краіну на міжнародным чэмпіянаце.

За дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу аўтар выказвае падзяку вялікаму аматару чаю Вікторыі Семяновіч. Калі вы таксама любіце чай, завітайце да яе ў ЖЖ, там шмат пазнавальнага.

Крыніца: zviazda.by

Новости из этой категории

0 Комментариев