Як адзначалі ў Пружанах Дзень роднай мовы раней і як адзначылі 21 лютага 2021г.

Як адзначалі ў Пружанах Дзень роднай мовы раней і як адзначылі 21 лютага 2021г.

21 лютага ў многіх краінах свету адзначаецца Дзень роднай мовы. У Беларусі яго пачалі адзначаць на пачатку двухтысячных гадоў. Пружанская арганізацыя “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны” заўсёды рыхтавалася да гэтага свята асабліва старанна і заўсёды яго адзначала, выкарыстоўваючы розныя формы святкавання, хоць афіцыйныя дзяржаўныя ўстановы рэдка калі шлі нам насустрач, а часта і наогул ставіліся да нас варожа.

У 90-ыя гады XX стагоддзя ў час другой хвалі беларусізацыі амаль у кожнай дзяржаўнай установе былі створаны суполкі ТБМ, а арганізацыю ўзначальваў Казарэз Іван Сяргеевіч, на той час намеснік старшыні райвыканкама. Але з усталяваннем рэжыму ў нашых радах засталіся толькі самыя адданыя беларускай справе людзі.

І вось 2020 год, беларусы зноў захацелі “людзьмі звацца”, яны паварочваюцца тварам да сваёй спадчыны, да сваёй гісторыі і да мовы бацькоў і дзядоў.

У гэты час у наша таварыства ўліліся маладыя, энергічныя людзі, і таму сёлетняе свята стала асабліва ўзнёслым і прыгожым. Удзел прынялi сябры ТБМ, БСДП (Грамада) i звычайныя пружанцы.

Напачатку вядучая Жаўнярчук Ларыса Васільеўна расказала гісторыю ўзнікнення Міжнароднага дня роднай мовы. Старшыня ТБМ Міхась Кісель павіншаваў усіх прысутных са святам. Былая старшыня і сябра ТБМ Жагалава Тарэса і Хадаровіч Ганна прачыталі натхнёныя вершы аб роднай мове, а пасля пачалася дыктоўка па вершы А. Клышкі “Мова”.

Затым свае вершы прачытала Л. В. Жаўнярчук, а ўся заля прадоўжыла, чытаючы ўрыўкі вершаў пра мову вядомых беларускіх паэтаў. На каляровых паперках былі напісаны любімыя словы на роднай мове – атрымаўся цудоўны калейдаскоп на дошцы.

У другой частцы свята Святлана Машкала пад акампанемент Святланы Казей выканала 12 рамансаў на словы А. Гаруна, Я. Купалы, Н. Арсеньневай і інш., музыку для якіх напісала Эльза Зубковіч.

Напрыканцы нашага свята ўсе пілі гарбату са святочным пірагом і слухалі вершы нашага мясцовага паэта-пчаляра Міколы Папекі.

У гэты дзень, у тыя натхнёныя гадзіны не было сярод нас асобы, якая б не задумалася аб ролі роднай мовы ў сваім жыцці…

Фотарэпартаж і відэарэпартаж з мерапрыемства ў Пружанах глядзіце тут.

Новости из этой категории