Рупліўцы Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Засіма: мабільнасць, артыстызм, фіззагатоўка

Рупліўцы Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Засіма: мабільнасць, артыстызм, фіззагатоўка

Ад кніганошаў да дарадцаў, альбо Плён адкрытасці і ініцыятыўнасці

Трапіўшы сюды аднойчы, можаш застацца на гады. Асабліва калі прывітае чуллівы гаспадар: ён служыць чытанню і кнізе, мацуе сувязь часоў. Яшчэ пра яго гавораць, што ён звязвае сэрцы... Прафесію бібліятэкара часта незаслужана лічаць сціплай, незаўважнай і простай. Пры тым, што сёння прафесіяналам у гэтай справе быць няпроста. Супрацоўніку бібліятэкі патрэбны і  мабільнасць, і артыстызм, і нават… добрая фізічная загартоўка. У гэтым перакананы рупліўцы Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М.  Засіма, што ў Брэсцкай вобласці.


Адолеўшы няпросты шлях станаўлення, кніжніца смела глядзіць у будучыню. А пачыналася ўсё з далёкага 1940 года. Пасля вызвалення Пружаншчыны ад нямецкафашысцкіх захопнікаў ацалелыя кнігі прывезлі з вайсковай часці Слабудка. Фонд да пачатку 1947 года налічваў 6450 экзэмпляраў. У 1989-м бібліятэцы прысвоена імя паэта-земляка Міколы Засіма. Дарэчы, на яго 80-годдзі ў 1988 годзе, падчас свята «Ад скарбаў роднае зямлі», прысутнічалі Мікола Пракаповіч і Ніна Мацяш.

 Пружанская бібліятэка стала месцам сустрэч са шматлікімі беларускімі пісьменнікамі: Рыгорам Барадуліным, Вольгай Іпатавай, Леанідам Дранько-Майсюком, Раісай Баравіковай… Адметна, што на этапе станаўлення тут актыўна прапагандавалі кнігу ў сельскай мясцовасці. Так, Леанід Барысевіч, загадчык бібліятэкі Малачкоўскага сельскага клуба, вызначыўся знаходлівасцю і энергічнасцю. У зоне абслугоўвання бібліятэкі было пяць вёсак, і каб справіцца са сваёй работай якасна, Леанід Барысевіч запрашаў кніганошаў. У асноўным гэта былі старшакласнікі Матчынскай школы. Ён вучыў іх бібліятэчнай справе і майстэрству прэзентаваць кнігу.

Сёння ў пружанскай кніжніцы спалучаюць бібліятэчныя паслугі і культурнапазнавальную праграму. Нягледзячы на тое, што Пружаны — гарадок невялічкі, у бібліятэцы практыкуюць сучасныя разнастайныя формы работы: і квэсты, і фестывалі, і спрынты.

З 2015 года тут ладзяць бібліяноч. Першую назвалі «Бібліяпрыцемкамі». І была яна прымеркавана да 70-годдзя з часу адкрыцця ў Пружанах кніжніцы. Заўсёдны госць — мастацкі кіраўнік Сонечнага сельскага Дома культуры Святлана Багдановіч. У розныя гады бібліяноч падтрымлівалі інструментальны ансамбль «Пружанскі палацык» пад кіраўніцтвам Інесы Галаўніцкай (выконвалі творы з вядомых кінастужак), супрацоўнікі Ліноўскага Дома культуры. Разынку святу надавала своеасаблівае афармленне: карціны ў фае дапамагалі ператварыць бібліятэку ў стылізаваную кавярню, дзе кожнаму прапаноўваўся кубачак з чароўным напоем. А  яшчэ супрацоўніцам бібліятэкі не складае цяжкасці ператварыцца ў гераінь твораў: стаць тэмпераментнай і напорыстай Скарлет А’Хара ці мэтанакіраванай і летуценнай Джун Андэрсен.

Нярэдкія ў кніжніцы падарожжы. Для гэтага абіраюць спецыяльную тэму, напрыклад «Культурныя здабыткі розных краін». Традыцыйна падарожжа пачынаецца з Беларусі праз знаёмства з  матэрыяльнымі і духоўнымі каштоўнасцямі краіны. Шматграннасць айчыннай літаратуры паказала інсцэніроўка п’есы «Прымакі», якую выконвалі бібліятэкары і культработнікі з аграгарадка Лінёва. А як без стылізаванага бібліятэчнага кутка? Бібліятэкар Раіса Дынцюк наладзіла адмыслова інтэрактыў: можна было патрымаць у руках прылады, якія выкарыстоўвалі вяскоўцы, даведацца, якімі рамёствамі займаліся даўней.

А ваяж па Сінявокай жадаеце? Тады для вас віртуальны самалёт, які дамчыць на выстаўку «Ці ведаеш ты Беларусь?». Падарожнічаць можна і з дапамогай кніг.

— Шматлікія акцыі, якія ладзім, маюць станоўчы водгук у гараджан, — адзначае Вольга Макарчук, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Засіма г. Пружан. — Але гэта заслуга не толькі бібліятэкараў — сумесна з установамі горада атрымліваецца па-мастацку ўвасобіць чарговую ідэю калектыву кніжніцы. Разам з імі ідзём наперад. Кіраўніцтва горада адзначае, што мы мяняемся. Адкрытая бібліятэка — гэта карысна не толькі для бібліятэкараў, але і для грамадства.

Асобны фронт работы кніжніцы — перасоўная бібліятэка. Бібліёбус працуе ў пружанскай кніжніцы з 2011 года. Чытачы аддаленых вёсак таксама маюць неабходнасць у кнізе!.. На тэрыторыі Пружанскага раёна размешчаны 242 населеныя пункты, якія чакаюць бібліёбуса. Чытачоў загадзя папярэджваюць аб прыездзе. Бібліятэкарам перасоўнай бібліятэкі працуе Таццяна Ліхалетава. Стаж яе працы — больш чым 40 гадоў. Фонд перасоўнай бібліятэкі рэгулярна абнаўляецца і папаўняецца новымі кнігамі з фондаў цэнтральнай бібліятэкі, кнігазахавання і гарадской бібліятэкі. Каб выгоды сучаснай бібліятэкі зведала большая колькасць неабыякавых да кнігі!

 Наталля СВЯТЛОВА

Крыніца: zviazda.by

Новости из этой категории