Сёння: 117 гадоў з дня смерці Флярыяна Ажэшка, лекара, удзельніка баявых дзеянняў на Пружаншчыне

Сёння: 117 гадоў з дня смерці Флярыяна Ажэшка, лекара, удзельніка баявых дзеянняў на Пружаншчыне

Флярыя́н Арэ́шка (Ажэшка) гербу «Кораб» (па-польску: Florenty Orzeszko; 9 сакавіка 1835 — 29 сакавіка 1904, паводле іншых зьвестак у 1911, Томск, Расейская імпэрыя) — лекар, удзельнік Паўстаньня 1863—1864 гадоў, грамадзкі дзяяч. Стаў прататыпам літаратурных герояў некалькіх твораў Элізы Ажэшка.

Падчас паўстання 1863-1864г.г. прымаў удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Пружаншчыны.

Жыцьцяпіс

Нарадзіўся ў заможнай шляхецкай сям’і Фэлікса і Флярэнтыны, якія пражывалі ва ўласным маёнтку ў Кобрынскім павеце Гарадзенскай губэрні. Скончыў гімназію ў Мітаве, а ў 1861 року з адзнакай — Пецярбурскую мэдыка-хірургічную акадэмію.

Пасьля жыў у Закозелі Кобрынскага павету, непадалёк ад маёнтку Людвінова свайго старэйшага брата Пётры. У Флярыяна часта гасьцявалі сябры-аднадумцы, ад якіх паўстанцкімі ідэямі захапілася й жонка Пятра Ажэшкі Эліза. Пісьменьніца ўшанавала памяць пра свайго швагра ў зборніку апавяданьняў «Gloria victis», прысьвечаных паўстанцам 1863 году.

У часе падрыхтоўкі да паўстаньня Флярыян Арэшка ўваходзіў у кобрынскую арганізацыю паўстанцаў, зьбіраў зброю і боепрыпасы, якія захоўваў у братавым маёнтку Оўзічы (цяпер у Янаўскім раёне). Пасьля таго, як гэтая схованка была выкрытая, знаходзіўся пад наглядам паліцыі. У красавіку 1863 далучыўся да атраду Рамуальда Траўгута, дзе лекаваў параненых. 5 ліпеня 1863 арыштаваны, 2 студзеня 1864 асуджаны на катаргу, пазбаўлены маёнтку Закозель і права практыкаваць па спэцыяльнасьці.

У Сыбір пайшоў пешкі разам з сваёй нарачонай Гэленай Мількевіч, зь якой ажаніўся ўжо ў Цюмені. Дарога на Сыбір заняла 18 месяцаў. У 1864 року дайшлі да Томску, дзе Флярыян застаўся да канца жыцьця. Спачатку працаваў разам зь іншымі сасланымі, пасьля памочнікам у аптэцы. У 1872 року дзякуючы высілкам губэрнатара Томску атрымаў права на дзяржаўную службу і стаў лекарам у Томскай турме.

Пасьля адбыцьця тэрміну пакараньня пасяліўся па-за мурамі «пасяленьня» і атрымаў магчымасьць прыватнае практыкі. Пражываў у Томску на вуліцы Мільённай, 38 (хата захавалася). Са згоды цара ў 1872 року ўзначаліў кіраўніцтва томскімі лякарнямі, а ў 1873 яму даручана таксама кіраваньне шпіталём у духоўнай сэмінарыі.

З жонкай мелі двух сыноў — Уладзіслава і Браніслава, пасьля нараджэньня якога 11 лістапада 1870 Гэлена памерла.

Другі раз Флярыян Арэшка ажаніўся зь Люцыяй Пацалуеўскай, дачкой томскага лекара. Дзякуючы іх намаганьням у Томску паўсталі польскія чытальні і бібліятэкі, Таварыства дабрачыннасьці, дом для польскіх сіротаў, а ў хаце Арэшкаў ладзіліся літаратурныя і музычныя вечары.

Зь Люцыяй мелі яшчэ двух сыноў (Дамініка і Вінцэнта) і дачку (Антаніну).

Памёр 29 сакавіка 1904/1905 року і пахаваны на каталіцкіх могілках Томску (не захаваліся).

Крыніца: https://be-tarask.wikipedia.org/wiki/%D0%A4%D0%BB%D1%8F%D1%80%D1%8B%D1%8F%D0%BD_%D0%90%D0%B6%D1%8D%D1%88%D0%BA%D0%B0

Новости из этой категории