Сёння 65-годдзе святкуе ўраджэнка Ружаншчыны Антані́на Яўге́наўна Хатэ́нка - паэтка, этнакультуроляг

Сёння 65-годдзе святкуе ўраджэнка Ружаншчыны Антані́на Яўге́наўна Хатэ́нка - паэтка, этнакультуроляг

Антані́на Яўге́наўна Хатэ́нка (нарадзілася 28 красавіка 1956, вёска Зенькаўцы, Ружанскі раён Берасьцейскай вобласьці БССР, цяпер у Славаціцкім сельсавеце Зэльвенскага раёну Гарадзенскай вобласьці) — беларуская паэтка, этнакультуроляг, журналістка.

Жыцьцяпіс

Нарадзілася ў сям’і настаўніка. У 1963—1973 навучалася ў пружанскай школе-інтэрнаце (цяпер — СШ №4), скончыла філялягічны факультэт БДУ (1973—1978). Працавала настаўніцай беларускай, расейскай мовы і літаратуры ў Задор’еўскай сярэдняй школе. Праз год вярнулася ў Менск, працавала ў кнігарні «Палітычная кніга» (1979—1981), карэктарам, малодшым рэдактарам выдавецтва «Народная асьвета» (1982—1985), у «Белтэлерадыёкампаніі».

З 2010 працуе вядучым спэцыялістам па этнаграфіі ААТ СП «Іўкон».

Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Жыве ў Менску.

Творчасьць

Першай вядомай спробай паэзіі быў гімн гораду Пружаны. Аўтарка кніг «Зьдзічэлае рэха вясны», «Зьніч крыжовых дарог», «Чалавек на далоні Сусьвету», «Тры грацыі» й інш.

Крыніца: be-tarask.wikipedia.org

Ніжэй верш Антаніны Хатэнка(узяты адсюль)

Выгнанне

(па вяртанні з дарог Лесі Украінкі)

Ты чакала мяне, Айчына,

стуль, дзе воля, як дзікі птах,

з ледзь расплюшчанымі вачыма,

рвецца ў роспач: паўстаць!.. світаць!?

 

Але дзе ж табе знаць, Айчына,

памяць водзячы нацянькі,

як затоеная ў лучыне

яскра ўспыхвае з-пад рукі,

як загубы і боль рашчынна

волю ўзрошчваюць з цемраты…

Ці жывая яшчэ, Айчына?

Ці відзежаю стала ты?

 

Мы чужыя табе, Айчына.

Ані пекла тут, ані рай.

Хоць маліся, крычы, маўчы мы –

паглынае Ўсё сон-дзіра.

 

На мяжы з табой, ноч-Айчына,

пастрывожаныя клады.

Стуль, дзе Воля нас прылучыла,

больш не вернемся мы сюды…

10.09.2018

Новости из этой категории