Ахвярнік паставілі ля стода ў Пружане

Ахвярнік паставілі ля стода ў Пружане

У Пружане ля музея — новы «жыхар». Побач з буцькоўскім стодам змясцілі камень, які, відаць, быў старажытным ахвярнікам.

20170610_pruz3

Травеньская «Ноч музеяў» у Пружане пачалася з таго, што гасцей падвялі да фігурных камянёў каля «Палацыка», што ў гарадскім парку. Падвялі — і малады пружанскі краязнавец Зміцер Юркшайціс прадставіў знойдзены ім камень з паглыбленнямі, пяць з якіх злучаныя дзвюма лініямі ў «крыж».

Гэта і быў той сюрпрыз, які перад тым паабяцаў гасцям «Ночы музеяў» дырэктар пружанскага «Палацыка»-музея Юрый Зялевіч.

Аўтар знаходкі распавёў Svajksta.by, што натыкнуўся на гэты камень у мінулым годзе:

«Камень быў пад плотам, паверхняй набок. У Пружану яго прывезлі месяц таму, каб змясціць ля музея ў парку, ля прывезенага з Буцькоў паганскага стода. Бо калі пра старавольскі камень пачалі дазнавацца шырэй, дык пружанцы занепакоіліся, што такі выбітны камень могуць звезці.

На маю думку, гэтая крыжападобная выява не мае дачынення да хрысціянства. Мясцовыя жыхары кажуць, што гэты камень ляжыць на сваім месцы даўно, не пры іх памяці ён там знаходзіцца, і бацькі ім пра яго нічога не распавядалі».

Так камень выглядаў у Стараволі

Так камень выглядаў у Стараволі. Крыніца

Паводле атрыманых каментароў наконт старавольскага камяня, аналагі яму ў Беларусі і па суседстве не вядомыя. Не выключана таксама, што «крыж» на паверхні камяня ўтварылі пазней, а перш былі толькі тыя ямкі, размешчаныя ў роўным парадку.

Стод і ахвярнік

Буцькоўскі ды Старавольскі

Нагадаем, нядаўна Пружаншчына апынулася ў фокусе ўвагі таксама дзеля тэмы камянёў — мясцовыя жыхары ў вёсцы Чахец абаранілі свой камень-крэсла ад таго, каб яго звезлі ў суседнюю вёску.

Што да паганскіх камянёў у горадзе, дык згадваецца, як летась у цэнтры Маладзечна паставілі, у якасці пастамента, камень са «слядочкам». Старажытны ахвярнік балцкіх часоў стаіць і ў цэнтры Полацка, на схіле Замкавай гары, ля крынічкі.

 

Зміцер Юркшайціс распавядае пра старавольскі камень. Травень'2017

Зміцер Юркшайціс распавядае гасцям пра ахвярнік. Травень’2017

Фота — Зміцер Юркшайціс і Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана

Крыніца: svajksta.by

Новости из этой категории

0 Комментариев