Барысу Кіту, што сядзеў у турме з Шырмам і Хворастам, 105 гадоў(Навіна № 2000 на pruzhany.net)

Барысу Кіту, што сядзеў у турме з Шырмам і Хворастам, 105 гадоў(Навіна № 2000 на pruzhany.net)

Па-першае віншуем вас, паважаныя карыстальнікі парталу pruzhany.net, з тым, што дадзеная навіна з'яўляецца пад парадкавым нумарам 2000 на нашым сайце. 2000 - гэта ўнушальна. Спадзяемся, што разам з вамі мы размясцім яшчэ ні адну тысячу навінаў! Дзякуй за тое, што знаходзіцеся з намі!

 

------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

 

Беларускаму навукоўцу, грамадскаму дзеячу, педагогу, дырэктару гімназій у Вільні, Наваградку, Паставах і Маладзечне Барысу Кіту споўнілася сёння 105 гадоў. Ён жыве ў нямецкім Франкфурце.

Друкуем асноўныя жыццёвыя прынцыпы, заснаваныя на гутарках з Васілём Быкавым, запісаных у 2000-2001 гг.

Найцікавейшая частка майго жыцьця - гэта жыцьцё ў Беларусі, куды я прыехаў недзе каля 1920 г.

У Пецярбургу жыць далей было немагчыма з прычыны спачатку лютаўскай рэвалюцыі, а пасьля кастрычніцкага перавароту. Цяпер шмат пішацца і гаворыцца, што была вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя, але ў сапраўднасьці не было ніякай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэта быў маленькі пераварот, некалькі гадзін - Аўрора пад Зімні палац стрэліла, і адтуль усе ўцяклі. Але хутка пачаўся страшэнны голад, пракарміцца было немагчыма, таму мае бацькі вырашылі паехаць дахаты, на вёску ў Беларусь. Спачатку мяне адвезьлі да крэўных, да маёй цёткі, у вёску Сапатніца, што праз пятнаццаць кілёметраў ад Карэлічаў. Ну, там я дачакаўся, пакуль прыедзе сям'я, бацька і маці. У вёсцы таксама быў голад, страшэнны, безумоўна, выкліканы вайной. Якраз між Карэлічамі і вёскай праходзіла лінія Гіндэнбурга, тут адбываліся баі, і ўсё было зьнішчана. Мы спадзяваліся, што будзе трошкі лепш, чым у Пецярбургу, дзе людзі паміралі ад голаду. На жаль, лепш не было. Давялося на першых часох есьці крапіву і капаць гнілую бульбу на панскіх палёх. Карэлічы належалі да польскага графа Жалтоўскага, які меў найбольш зямлі. Во мы ішлі на поле і капалі бульбу.

Пазьней мы пераехалі зь вёскі Сапатніцы ў Карэлічы, у маленькі дом. Вялікага дома цяжка было пабудаваць, але нейкую хатку мой бацька збудаваў. На жаль, была бедная такая хатка, драўлянай падлогі мы ніколі ня мелі, жылі на зямлі, без падлогі. Бацька меў 1 гектар зямлі, і яму ўвесь час даводзілася хадзіць у панскі маёнтак на заробкі. Я спачатку вучыўся ў Карэлічах - у польскай пачатковай школе. Уся польская палітыка была скіравана на тое, каб асіміляваць беларусаў. І так здарылася, што адзін наш настаўнік прозьвішчам Рамановіч быў вялікі патрыёт, беларус, і страшэнна не любіў усё, што рабілі палякі ў Заходняй Беларусі, на нашых землях. Пасьля польска-савецкай вайны замест таго, каб даць зямлю беларусам, далі яе асаднікам, былым польскім вайскоўцам, а нам нічога. Давялося гараваць так і далей. Зямлю графа Жалтоўскага таксама раздалі асаднікам. Жалтоўскі паходзіў з беларускай шляхты, але, на жаль, уся наша шляхта здрадзіла Беларусі, перайшла на польскі бок. Рабіла польскую справу і не прызнавала, што Беларусь мае сваю культуру, сваю мову і павінна мець сваю незалежнасьць.

Трэба зазначыць, што беларуская вёска тых часоў заўсёды была патрыятычна настроена на беларускасьць. Дзякуючы ёй мы мелі родную мову, якую пазьней саветы, калі прыйшлі, сталі вынішчаць. Мае сябры, школьнікі, змагаліся супраць апалячаньня. Цэнтрам беларускасьці былі беларускія гімназіі. Мы таксама дапамагалі палітычнай дзейнасьці грамадзтва. З самага пачатку была заснаваная Беларуская сялянска-работніцкая Грамада, якая адразу паказала высокі беларускі ўздым. Цягам некалькіх месяцаў мы сабралі 100 тысяч сяброў. На чале Грамады стаялі: Браніслаў Тарашкевіч, Антон Луцкевіч, Радаслаў Астроўскі ды іншыя дзеячы. Астроўскі быў старшынёй Таварыства беларускай школы (ТБШ). Напачатку Польшча была дэмакратычная. А пасьля таго, як Пілсудскі зрабіў пераварот, у Польшчы ўстанавілася дыктатура, распачалося зьнішчэньне беларускага этнасу. I ўкраінскага таксама. Асыміляцыя меншасьцяў стала галоўнаю мэтай польскіх дзеячаў. Але тады ў нас была Грамада і панаваў вялікі ўздым сярод беларускага насельніцтва. Мы, вучні гімназіі, езьдзілі па вёсках і закладалі гурткі. Я сам заклаў гурток у Карэлічах, дзе майго бацьку абралі на старшыню. Уся вёска сабралася ў бацькавай хаце і вырашыла заснаваць гурток. Мой бацька быў інтэлігентны чалавек, прыехаў з Пецярбурга. Але, на жаль, Беларуская сялянска-работніцкая Грамада існавала нядоўга.

Камуністы мяне вабілі да сябе ўвесь час. Але што мяне ад іх ратавала? У нас быў дырэктар Цеханоўскі, беларускі нацыяналіст, дык ён узгадоўваў нас беларускімі патрыётамі, заснаваў беларускі гурток і ўсё агітаваў працаваць толькі на беларускую нацыянальную справу. І тым нас выратаваў. Хаця я таксама памагаў тым хлопцам, што прыходзілі да мяне па матэматыку, перапісваў ім усялякія паперы. Але заўсёды, усё жыцьцё я ставіў матэматыку вышэй за палітыку.

Гісторыя Грамады ёсьць адзін з самых выдатных мамэнтаў гісторыі Беларусі. Я меў гонар асабіста спаткаць Браніслава Тарашкевіча. Як тое адбылося? Незвычайна актыўная дзейнасьць беларусаў занепакоіла польскія ўлады. Тарашкевіч ды іншыя лідэры Грамады адчулі, якая над намі навісае пагроза. Менавіта ў такі час Браніслаў Тарашкевіч прыехаў у нашу Наваградзкую беларускую гімназію. Ён растлумачыў нам пра пагрозьлівае становішча для Грамады, наладзіў спатканьне з актывам гімназіі, у ліку яго пяці чалавек апынуўся і я. Мы абгаворвалі наша становішча, выпрацоўвалі меры ў адказ. Тарашкевіч папярэдзіў нас, каб мы былі болей асьцярожныя, схавалі нашы білеты Грамады. Тое было правільна, бо моладзь, як заўжды, ня дужа асьцерагалася. Хутка пасьля таго Грамада была ўсё роўна забароненая польскімі ўладамі, адбыўся вялікі працэс у акруговым судзе ў Вільні. Але, не зважаючы на забарону, мы рабілі беларускую справу далей. Такім у маёй памяці застаўся Браніслаў Тарашкевіч, які пасьля апынуўся ў Савецкім Саюзе і згінуў.

У маладосьці ўсе мы былі надта лібэральныя. Як некалі Чэрчыль сказаў: хто да 30 гадоў ня быў лібэральны, то ён сэрца ня меў, а хто пасьля 30 не зрабіўся кансэрватарам, то ён галавы ня меў. Але мы ўвесь час былі перадусім беларускія патрыёты. Усе 10 год, як я настаўнічаў, я праводзіў беларускасьць. Нават у клясе па матэматыцы чытаў беларускія вершы, каб захапіць вучняў. Бо каб захапіць матэматыкай, трэба нешта асаблівае рабіць, і я лекцыі пачынаў зь вершаў. Чытаў Ільяшэвіча, Хмару, Танка, Арсеньневу. Прыгожыя вершы. Танк быў папулярны.

У Польшчы было восем беларускіх гімназіяў. Найбольш дзейныя: Радашкаўская, Клецкая, Наваградзкая і Віленская. У 34-м годзе наша Наваградзкая была ўжо зачыненая. Яны зачыняліся, бо польскія ўлады хацелі асыміляваць Заходнюю Беларусь, якую яны называлі «Крэсы Усходнія». Але беларусы рабілі сваё, асабліва інтэлігенцыя, якая групавалася ў беларускіх гімназіях. Чатыры гімназіі - Радашкаўская, Наваградзкая, Клецкая, Віленская - па чарзе былі зачыненыя, хоць усе мы змагаліся за іх існаваньне, рабілі ўсё, што магчыма, каб толькі ўтрымаць іх. Але тое было вельмі цяжка, бо польскія ўлады змагаліся проціў нас. З другога боку, дужа перашкаджалі камуністычныя ўплывы з Усходняй Беларусі, якія давалі ўладам падставу зачыняць гімназіі. Камуністычная партыя Заходняй Беларусі была вельмі закаранена ў гэтых гімназіях. Радашкавічы проста называлі месцам перапраўкі беларусаў на Усход.

Я быў рэпрэсаваны польскімі ўладамі, сядзеў у розных турмах - за Грамаду ў Наваградку, на Лукішках за справу Таварыства беларускай школы. На Лукішках сядзеў разам з Шырмам, які з Хворастам быў у суседняй камары. Хвораст быў кіраўніком танцавальнай часткі ў Шырмы, быў страшэнна нэрвовы, ледзьве ня плакаў, хадзіў, крычэў, і я яму стукаў празь дзьверы: ціха ты, перастань. А мы з Хворастам некалі здавалі матуральныя дзяржаўныя экзамены. Ён разам з Шырмам выехаў у Менск, і там яны рабілі свае справы. Шырма быў вельмі прыемны чалавек. Вельмі добра ведаў я тады доктара Марцінчыка, памятаю яго беларускую дзейнасьць. А яго сястра Люба вучылася ў нашай гімназіі і стала доктарам мэдыцыны. Пасьля вайны яна выйшла замуж за беларуса Аляксандра Аўдзея, былога старшыню Стоўпцаўскага павету пры немцах, які скончыў палітэхніку ў Мюнхене і застаўся ў Нямеччыне будаваць дамы. Яны жылі ўвесь час каля Штутгарта, але бедная Люба захварэла на рак селязёнкі. Я застаў яе перад самай яе сьмерцю ў Штутгарце, і яна сабрала ўсіх беларусаў, што жылі там, каб мяне прывітаць. Хутка пасьля і памерла. Была надзвычай добрым чалавекам. Вось якія выходзілі з нашай гімназіі патрыёты. Можа, і ня ўсе яны бралі ўдзел у грамадзкай працы, але ўсе любілі сваю Беларусь. Яны таксама матэрыяльна падтрымлівалі беларускую справу. У нас шмат было або мэдыкаў, або адвакатаў. Быў такі Глінскі, патрыёт, адвакат, старшыня Беларускага студэнцкага саюза. Я спаткаў яго на эміграцыі, у Лёндане. У эміграцыі мала каму з нашых беларусаў удалося зрабіць кар'еру, дык яны мусілі фізычна працаваць. Глінскі Канстанцін да канца жыцьця прадаваў білеты на мятро. Калі я прыязджаў у Лёндан, найперш ішоў да яго, і той дзівіўся: што-о, адкуль ты ўзяўся, Барыс? З Амэрыкі, кажу, прыехаў цябе адведаць. І мы пазьней спатыкаліся ў розных выдатных мясьцінах гораду.

Або вось лёс выдатнага беларускага пісьменьніка і драматурга Аляхновіча, які прабыў шмат год на Салаўках. Яшчэ да вайны яго выменялі на Браніслава Тарашкевіча. Тады Аляхновіч прыехаў у Вільню, напісаў славутую кнігу «У кіпцюрох ГПУ», якая разышлася па сьвеце ў дзесяці ці болей мовах. Я быў на сходзе, дзе ён распавядаў пра сваё зьняволеньне. А ў 39-м годзе, як прыйшлі саветы, Аляхновіч быў змушаны хавацца ў лесе, баючыся арышту. З прыходам немцаў пасяліўся ў Вільні. Але аднойчы да яго пастукаўся нехта, і калі гаспадар адчыніў дзьверы, той стрэліў у яго і забіў на вачох жонкі. Мы ўсе яго паважалі і любілі, асабліва ягоныя драматычныя п'есы, якія ставілі ў нашай гімназіі. Я браў удзел у тых спектаклях.

Аднойчы, як я ехаў да свае хаты ў Лебедзеве, мяне арыштавалі і пасадзілі ў турму. 30 дзён я сядзеў у Глыбокім. Мяне абвінавачвалі, што я нібыта маю сувязь з партызанамі, што я англа-амэрыканскі шпіён і г. д. Умовы ў турме былі страшэнныя - на дварэ сьцюжа, а ў склепе стаяла адна печка, якая заўсёды капціла. Я накрываўся кажухом, каб зьберагчы вочы. Завяліся вошы. Кожную ноч чакаў сьмерці. Нас было там чалавек 30, дык кожную ноч расстрэльвалі чалавек 25, на наступны дзень зноў нагоняць і зноў бальшыню расстраляюць уначы. I так цягам месяца. Мне шчасьціла заставацца ў ліку тых пяці. Кожную ноч заходзіць нямецкі жандар і пачынае зачытваць прозьвішчы, а як даходзіць да К, дык пачынае цьвеліць: кі, кі… Усе мы там баяліся сьмерці, уначы расказвалі адзін аднаму розныя аповяды. I я разам зь іншымі думаў, што, можа, гэта апошні мой дзень. Сядзела шмат беларусаў, сялянаў. Памятаю аднаго, які са мной вельмі дружыў, пазьней яго расстралялі, ён расказваў, як яго арыштавалі. «Мая вёска была блізка ля чыгункі, дык уначы зімою прыйшлі партызаны, сабраліся ў маёй хаце, пасьля пайшлі на чыгунку і падклалі міну, ну і ўзарвалі цягнік. А раніцай прыйшлі немцы, бо на сьнезе ўбачылі сьлед ад чыгункі аж да маёй хаты, і арыштавалі мяне. І вось я з вамі тут сяджу і чакаю сьмерці». Такіх людзей там было шмат. Памятаецца мне адзін настаўнік, сядзеў таксама за сувязь з партызанамі. Наогул там працэнтаў, можа, 80 сядзела за сувязь з партызанамі. А вось яшчэ адзін такі, усё мне распавёў. Кажа, яшчэ адна ноч мінула, але я адчуваю, што памру. А ў яго такія прыгожыя боты, халявы такія новыя, кажа: забярыце іх. А я яму: што вы, яшчэ будзеце жыць. Ды ён не паверыў і ў сваіх ботах халявы парэзаў. І праўда, прыйшла ноч, узялі 25 чалавек і яго таксама. А пасьля назад везьлі толькі вопратку. Паглядзеў я праз вакно і бачу: вялізны воз вопраткі, а наверсе ягоныя боты з парэзанымі халявамі.

На той час ужо працавала Беларуская цэнтральная рада ў Менску, і там даведаліся, што я сяджу ў Глыбокім. Яны баранілі сваіх людзей. А ў Глыбокім быў прадстаўнік БЦР Нікандра Мядзейка. Ён дамогся, каб мяне перавялі ў галоўную цэнтралю СД у Вялейцы. Цягніком мяне, скутага, прывезьлі ў Вялейку. Пачалося новае зьняволеньне. Кінулі мяне ў камару, бачу, уся падлога занятая людзкімі целамі, няма куды ступіць. Нехта падняўся, пытаецца: «А ты вошы нам прывёз ці не?» Такое было вітаньне. Пачалося турэмнае жыцьцё. Кожнага дня выпушчалі нас пагуляць на двор. У дзьвярох стаяў вартавы, але не немец, а паляк, паскудны такі чалавек. Па прозьвішчы Генрых Сянкевіч. Пазьней усіх іх паарыштавалі ці ў Польшчы, ці ў Амэрыцы. За 30 дзён у мяне вырасла чорная барада, дык гэты Сянкевіч падумаў, што я жыд. Ён адмыслова зь мяне зьдзекваўся. Як я праходзіў празь дзьверы, дык ён мяне біў гумовай палкай па галаве, я ледзьве ня падаў. Неяк раз нас павялі ў лазьню, і ён пабег за мной паглядзець, ці я жыд? Упэўніўся - не. На допыце ў гестапа шмат чыноўнікаў гаварылі па-расейску, гэта былі латышы. Латышы заўсёды адыгрывалі страшна паскудную гістарычную ролю. Яны расстрэльвалі пры бальшавікох у ЧК, а як прыйшлі немцы, апынуліся ў складзе вялікай эсэсаўскай дывізіі. Як у нас некалі казалі: ці ёсьць латышская нацыя? Адказвалі: няма. Ёсьць латышская прафэсыя. Не хачу абражаць гонар усяго латышскага народа, але, кажу шчырую праўду, - былі розныя латышы.

Адзін з найвялікшых беларускіх патрыётаў - Гадлеўскі. Тут дарэчы будзе зазначыць, што нашыя беларускія ксяндзы былі болей актыўныя, чым праваслаўныя сьвятары, якія вялі багаслужбы па-расейску. Каталіцкія сьвятары арганізаваліся ў мястэчку Друя, дзе быў манастыр. Яны пачалі актыўную беларусізацыю каталіцкай царквы, гутарылі ў касьцёлах па-беларуску, а не па-польску. У той час як польскія ксяндзы заўсёды ўбівалі беларусам думку, што тыя ня ёсьць беларусы, а ёсьць палякі. Нават прывіленскія беларусы, якія спрадвеку размаўлялі па-беларуску, называлі сябе не беларусамі, а тутэйшымі. На пытаньне «Якая ваша рэлігія?», адказвалі: «Польская», а «На якой вы гаворыце мове?», адказвалі: «На простай».

Я некалі шмат езьдзіў па сьвеце і шмат дзе спатыкаў сваіх сяброў.

Пра Глінскага ўжо казаў, а другі быў Барыс Суравы, які пры немцах служыў школьным інспэктарам Слонімскага павету. Дык ён быў кухарам у польскім рэстаране ў Лёндане. Калі я прыязджаў да яго, ён заўсёды хадзіў у шапцы, такой белай. Ён яшчэ жыве, а Глінскі памёр ужо.

У Амэрыку такім чынам я прыехаў адным з самых першых. Сьпярша тыдні два мы мусілі жыць у гатэлі, у Нью-Ёрку. Трэба было падумаць, што рабіць далей. Я ведаў, што нашыя беларусы ўжо некалі прыязджалі сюды і недзе сяліліся. Найбольш у штатах Нью-Ёрк і Нью-Джэрсі. Непадалёк быў гарадок Саўт-Рывэр - «Паўдзённая рака» па-беларуску, там жылі старыя эмігранты. Я туды і паехаў. І знайшоў там беларусаў нават зь дзявочым прозьвішчам маёй жонкі Корсак. Старэнькая спадарыня Корсак дужа гасьцінна прыняла нас, пасяліла ў сваім доме. Але працу я дастаў у суседнім горадзе Нью-Брансвіку, на вялікай фармацэўтычнай фірме. Сьпярша працаваў у адзьдзеле прадукцыі, бо ня ведаў ангельскай мовы. На маё шчасьце, кіраўнік вытворчасьці гаварыў па-нямецку. Пасьля я самавукам авалодаў ангельскай, што ўвогуле мне давалася няцяжка, бо я добра ведаў нямецкую і французскую. А ангельская мова, як вядома, гістарычна склалася з французскай, мовы саксаў і англаў. Адсюль - англа-саксонская. Пасьля мяне, як чалавека вучонага, магістра матэматыкі, перавялі ў лябараторыю, і я пачаў працаваць фармацэўтычным хімікам. Маім абавязкам было кантраляваць адпаведнасьць зьмесьціва рэцэптуры. Тое дужа строга правяралася дзяржаўнымі інспэктарамі. Здаралася, што чагось не хапала, і тады справа ішла ў суд, прысуджаліся мільёны даляраў штрафу. Доўга распавядаць, але аднойчы я ўратаваў фірму ад вельмі буйнога штрафу.

У Каліфорніі я ня меў крэўных ды і знаёмых таксама. Хіба што ў адной сям'і мог нядоўга начаваць. I я шукаў працу. З працай, як заўжды, было дужа цяжка. Каліфорнія на фармацэўтычную індустрыю была куды бяднейшая, чым усход Амэрыкі. Доўга і марна хадзіў па розных канторах, нічога нідзе не знаходзіў. Тады запісаўся чорнарабочым на фабрыку тэлевізіі. Там я трапіў у адзьдзел, дзе робяць скрынкі для тэлевізараў, дзе іх фарбуюць. Мне трэба было іх выціраць пасьля фарбаваньня. Фарба была страшэнна ядавітая, ад яе доўга сьмярдзела ўся вопратка, і я зразумеў, што доўга тут ня вытрываю. Пайшоў да кіраўніка фабрыкі, паскардзіўся яму. Перавялі ў іншы, шліфавальны адзьдзел. Але тое было ня лепш, даводзілася дыхаць сталёвым пылам. Праз тыдзень прыйшло паведамленьне, што мяне прынялі ў адну хімічную лябараторыю хімікам. Хімічная лябараторыя доктара Ховарда ў Лос-Анджэлесе, празь некалькі крокаў ад самога Галівуда. Аднак я папрацаваў там толькі пару месяцаў. Пасьля мяне прыняла іншая, багацейшая, фармацэўтычная фірма. Там я працаваў тры гады. Быў кантрольны хімік, падпісваў годнасьць усіх лекаў, што праходзілі празь лябараторыю, у асноўным вітаміны. Нас кантралявалі дзяржаўныя кантралёры, штрафавалі, калі выяўляліся якія-небудзь недахопы.

У Каліфорніі я спаткаў найвыдатнейшых вучоных Амэрыкі, працаваў з доктарам Джонам Брэквалам. Хто ён такі? Як і я, ён па адукацыі матэматык, скончыў унівэрсытэт у Аксфордзе, пасьля атрымаў дактарат Гарвардзкага ўнівэрсытэту. Гэта быў геніяльны матэматык, якога клікалі для кансультацыі ў розныя адзьдзелы маёй фірмы. Дык ён на вырашэньне цяжкіх пытаньняў па матэматыцы заўсёды запрашаў мяне. Пазьней ён быў прафэсарам Стэнфордзкага ўнівэрсытэту ў Каліфорніі. Я зь ім вельмі сябраваў, запрашаў у свой прыгожы дом, дзе жыў. Цікавы быў там мой адрас: Brookhaven, Garden Groove, Orange, California, што ў перакладзе гучыць як: вуліца ручэйнага прыпынку, горад садовага росту, павет памаранцавы. Дом быў вялікі, новы, з прыгожым садам, у якім расьлі 8 памаранцавых дрэваў, 18 вялікіх эўкаліптаў, што рабілі мне нямала клопату, бо эўкаліпты скідвалі кару, якую кожную суботу патрэбна было зьбіраць. Там мае калегі гулялі ў брыдж. Зноў жа доктар Брэквал быў першаклясны піяніст. То быў найшчасьлівейшы пэрыяд майго жыцьця…

72-м годзе я выйшаў на пэнсію зь дзяржаўнай працы ў Вашынгтоне. Апошнім часам я там працаваў у міністэрствах абароны, камунікацыі, камэрцыі і транспарту. Ва ўсіх гэтых міністэрствах мы, матэматыкі, рабілі адну справу - разьвівалі новыя мэтады падняцьця эфэктыўнасьці адміністрацыйнай дзейнасьці. Пры дапамозе матэматычных разьлікаў тое можна рабіць ва ўсіх галінах - вайсковай, індустрыйнай і г. д. Усюды пачала ўжывацца новая навука, якая выкарыстоўвала прыкладную матэматыку, што прыносіла мільёны даляраў эканоміі. Пасьля выхаду на пэнсію я выкладаў матэматыку ў Мэрылендзкім унівэрсытэце, стаў поўным прафэсарам. Неўзабаве атрымаў прапанову паехаць у Эўропу, дзе ў 12 краінах існавалі філіялы Мэрылендзкага ўнівэрсытэту - усюды, дзе стаялі амэрыканскія войскі. Найболей такіх амэрыканскіх адзьдзелаў было ў Нямеччыне, куды я прыехаў і пачаў выкладаць матэматыку, пражываючы ў Франкфурце-на-Майне, дзе знаходжуся аж да сёньня.

Аднойчы ў Франкфурце мне патрэбна было перакласьці некаторыя дакуманты на нямецкую мову, і я зайшоў да адной перакладчыцы, якая паходзіла зь Вільні. І яна мяне пазнаёміла з Тамарай. Проста мы йшлі вечарам каля Тамарынай хаты, і перакладчыца кажа: тут мае прыяцелі ўкраінцы жывуць. Дык я: давайце зойдзем. Так я патрапіў у Тамарыну сям'ю. Тамара нарадзілася ў Кіеве. Тады я быў яшчэ даволі малады і жвавы, і ў нас з Тамарай пачалося цеснае знаёмства. А яна была выдатная асоба, толькі што скончыла інстытут чужаземных моваў у Франкфурце. А раней жыла ў Амэрыцы, скончыла амэрыканскую гімназію і ўнівэрсытэт, выдатна валодала ангельскаю мовай, як і нямецкай, французскай, украінскай і расейскай таксама. У нас зь ёй знайшлося шмат супольных інтарэсаў. Часта я даваў ёй рабіць праверку майго ліставаньня з прыяцелямі, што яна рабіла вельмі добра. Шмат хто з нас гаварыў на розных мовах, але ніхто ня мог так добра пісаць, як Тамара. Сьпярша яна працавала тут у адным ангельскім банку, а пасьля я дапамог ёй знайсьці працу ў Дзяржаўным банку Нямеччыны, дзе яна адразу зрабілася сакратаркай самога прэзыдэнта банку. Мяне захапіла яе інтэлігентнасьць, любоў да мастацтва, яна першаклясна іграе на раялі, няблага сьпявае, а ў маладыя гады была балярынай. Тое ўсё разам дапамагло мне жыць у Франкфурце. Гэтак мы разам жывем аж 30 гадоў, хоць жывем у розных кватэрах. Яна ёсьць мая спадарожніца жыцьця.

Крыніца: http://nn.by/?c=ar&i=147216

Фота: TUT.BY

Новости из этой категории

0 Комментариев