Адным з першых у 1906г. адкрыты аўтобусны маршрут Пружаны — Кобрын — Брэст-Літоўск

Адным з першых у 1906г. адкрыты аўтобусны маршрут Пружаны — Кобрын — Брэст-Літоўск

ПЕРШЫЯ АЎТАМАБІЛІ Ў БЕЛАРУСІ

У старых даведніках адзначалася, што аўтамабіль — гэта самарухомая павозка, якая прыводзіцца ў дзеянне механічным рухавіком і незалежная ад рэйкавага пуці. Аўтамабіль старэйшы за паравоз, але з-за адсутнасці ў той час зручных дарог развіццё атрымалі толькі паравыя рухавікі на рэйках.

Новае жыццё аўтамабіля пачалося з нараджэннем магутных і кампактных рухавікоў унутранага згарання. Да таго часу намаганнямі многіх вынаходнікаў транспартныя экіпажы былі шмат у чым удасканалены: прыдуманы руль з паваротным! прыстасаваннямі, зубчастыя і ланцуговыя перадачы, уключаючы каробку перамены перадач, рысоры, падшыпнікі, карданныя шарніры, крывашыпы і многае іншае. Гісторыя аўтамабіля, такім чынам, пачалася не са з'яўлення бензінавага рухавіка, а задоўга да яго.

Да 1886 г., калі Даймлер і незалежна ад яго Бенц збудавалі самарухомыя экіпажы з рухавікамі ўнутранага згарання, з мэтай цягі ўжо выкарыстоўваліся розныя рухавікі — паравыя, электрычныя, газавыя і на сціснутым паветры, але рэзкае павелічэнне хуткасці і поўную аўтаномнасць аўтамабілю далі маторы ўнутранага згарання.

У наступныя гады аўтамабіль удасканальваецца «не па днях, а па гадзінах», з'яўляюцца электрычнае запальванне, дыферэнцыял, пнеўматычныя шыны, паветранае ахаладжэнне змяняецца вадзяным.

На першым часе аўтамабілі знешне так мала адрозніваліся ад конных пралётак, што адсутнасць перад імі каня здзіўляла. Сядзенне вадзіцеля было гэткае ж, як і на пралётцы, ён мог імгненна ператварыцца ў кучара, варта было зняць рукі з рычагоў і ўзяць лейцы,

Але на працягу 8—10 гадоў аўтамабіль набыў рысы, уласцівыя сучасным машынам. З'явіліся бензінавыя амнібусы ўмяшчальнасцю да 40 пасажыраў. Абсталёўваліся аўтамабілі хуткай медыцынскай дапамогі, пажарныя, грузавыя, адкрытыя і закрытыя, машыны для перавозкі спецыяльных грузаў, для паліўкі вуліц. У сельскай гаспадарцы з'явіліся трактар, самаходныя жняяркі. У ваеннай справе пачалі выкарыстоўвацца бронеаўтамабілі.

Самай ненадзейнай часткай аўтамабіля доўгі час заставаліся шыны, таму, накіроўваючыся ў «далёкую» паездку, вёрст за 10 ад горада, вадзіцель згодна з настаўленнем павінен быў браць з сабою 5—6 запасных камер і пару запасных пакрышак, фунт гумавага клею, наждачную паперу, латкі і манжэты, запас моцных рамянёў і мноства іншых прадметаў.

Першыя аўтамабілі развівалі хуткасць да 25 км у гадзіну. Рухавік жывіўся ад рэзервуараў з «мінеральнай эсэнцыяй» (так называлі тады бензін). Былі і спецыяльныя эсэнцыі — монанафта, стэлін. Бензін быў дарагім і мала распаўсюджаным палівам, яго прадавалі часцей за ўсё ў... аптэках.

Паступова аўтамабілі атрымліваюць распаўсюджанне ў Расіі, у тым ліку і ў яе заходніх губернях. Першымі іх пакупнікамі на тэрыторыі Беларусі былі заможныя прыватныя асобы. Аўтамабіль каштаваў дорага, дарагім было і яго ўтрыманне.

Вядома, што адным з першых набыў аўтамабіль у 1906 г, мінчанін I. Г. Фёдараў. Пакуль гарадской управай афармляўся дазвол на перавозку пасажыраў, машына трапіла ў аварыю, што і паслужыла прычынай адмаўлення ў рэгістрацыі.

У 1909 г. Мінская абшчына сясцёр міласэрнасці спрабавала набыць аўтамабіль для хуткай медыцынскай дапамогі.

К 1906 г. было пададзена звыш 60 хадайніцтваў аб дазволе на адкрыццё аўтобуснага руху. Адным з першых быў адкрыты аўтобусны маршрут Пружаны — Кобрын — Брэст-Літоўск. Улічваючы суровыя ўмовы эксплуатацыі, аўтобусы абсталёўваліся дадатковым ацяпленнем і электрычным асвятленнем. У пачатку 1910 г. былі ўстаноўлены маршруты Брэст-Літоўск — Бабруйск — Магілёў і Беластох — Баранавічы. 3 гэтага ж года адкрыты аўтобусныя зносіны паміж Слуцкам і Старымі Дарогамі, Слуцкам і Ляхавічамі. У 1913 г. адкрыты рух аўтобусаў ад Барысава да Нова-Барысава і Зембіна, ад Пінска да Магілёва. У 1914 г. былі выдадзены 4 пасведчанні на права правозу пасажыраў па Магілёву і Магілёўскім павеце. У гэты ж час арганізуецца аўтамабільны рух у Брэсце, Кобрыне, Ваўкавыску.

«Минское слово» маляўніча апісвала паездку ў аўтобусе тых часоў: «...Аўтобус уяўляе сабой вагон фургоннага тылу, грувасткі і пастаўлены на чатыры колы. Ён раздзелены на дзве палавіны, у пярэдняй частцы 8 месц для пасажыраў I класа, у задняй — размяшчаюцца пасажыры II класа; нарэшце, на даху пад акрытым небам — пасажыры III класа і багаж.

Аўтобус слуцкага аўтамабільнага руху вельмі падобны на бруднага, абцяжаранага клопатамі слана. Пагойдваючыся ўсім корпусам направа і налева, павольна выходзіць ён... пакідаючы шырокія сляды ад колаў ...Імгненна гэты «слон» напаўняецца народам, нагружаецца і зверху і знізу і, пераможна захропшы, рухаецца ўперад па шашы. Усе гэтыя аўтобусы былі выпадкова куплены на выгадных умовах у Берліне і прынароўлены да Слуцкай шашы. Усе машыны просяць пачынак і паправак, усе яны капрызныя ад нараджэння, а чым бліжэй к старасці, становяцца ўдвая і ўтрая капрызнымі і таму нясуць пасажырам выпадковасці...»

Пачатак аўтамабільнаму руху ў Мінску пакладзены С. 3. Свянціцкім, якому гарадская ўправа 20 кастрычніка 1912 г. дазволіла перавозіць па горадзе пасажыраў. Пасля выпрабавання шафёр быў прызнаны дастаткова вопытным, а сам аўтамабіль «зусім спраўным і годным для язды па горадзе». Аўтамабілю пад № 1 было вызначана месца стаянкі ля гарадскога сквера на рагу вул. Захар'еўскай і Петрапаўлаўскай (цяпер сквер на рагу Ленінскага праспекта і вул. Энгельса).

Магутнасць матора першага аўтамабіля-таксі, выпушчанага фірмай «Аверленд», складала 35 конскіх сіл і давала магчымасць развіваць хуткасць да 35 км у гадзіну. Яго з'яўленне ў горадзе было падзеяй дастаткова значнай. Паездка на аўтамабілі была далёка не ўсім па кішэні, але на месцы стаянкі заўсёды тоўпіліся цікаўныя. Для падтрымання парадку тут жа знаходзіўся гарадавы.

Восенню 1912 г. тым жа Свянціцкім быў адкрыты ў Мінску аўтамабільны гараж агульнага карыстання па вул. Падгорнай, 38 (цяпер вул. К. Маркса). Тут жа можна было купіць машыну і запасныя часткі да яе.

У хуткім часе, з 1 студзеня 1913 г., атрымлівае права перавозіць пасажыраў мінчанін Е. Р. Арамовіч, які прайшоў навучанне ў І-й Пецярбургскай аўтамабільнай школе шафёраў. Яго аўтамабіль пад № 2 стаяў там жа, ля гарадскога сквера. У студзені 1913 г. тут паставілі для пракату свае машыны фірмы «Опель» пад №№ 3 і 4 шафёры Крапіўны і Неціеўскі. № 5 атрымаў аўтамабіль, які належаў гасцініцы «Еўропа». Пасля амаль сямігадовага перапынку выдаецца дазвол Фядотаву на ваджэнне васьмімеснага аўтамабіля пад № 6. Усяго ў той час у Мінску было 7 машын фірм «Аверленд», «Дарак», «Ольдсмабіль», «Мерседэс», «Форд», «Опель» магутнасцю ад 20 да 35 конскіх сіл.

Вясной 1914 г. пачаў курсіраваць паміж цэнтрам горада і Камароўкай (тады ўскраінай горада) шасцімесны маршрутны аўтамабіль з платай за праезд 25 капеек (правобраз цяперашняга маршрутнага таксі).

Паступова расце ўмяшчальнасць аўтамабіля. У канцы 1913 г. жыхар Мінска Выгоцкі просіць дазволу на права эксплуатацыі аўтобуса (так пачалі скарочана называць аўтамабілі-амнібусы) умяшчальнасцю 20 чалавек для перавозкі пасажыраў па горадзе і яго наваколлі.

Вялікую цікавасць выклікаў у мінчан арганізаваны ў маі 1912 г. ваенным ведамствам аўтамабільны прабег па маршруту Пецярбург — Вільня — Гродна — Мінск — Смаленск — Масква — Пецярбург агульнай працягласцю 2800 вёрст. Прабег меў на мэце выбраць лепшую канструкцыю машыны для рускай арміі. У ім удзельнічалі аўтамабілі 20 розных фірм, прычым Расія была прадстаўлена 5 машынамі Руска-Балтыйскага завода. Усяго для ўдзелу было выбрана 45 аўтамабіляў.

Удзельнікі прабегу, якія прыбылі 31 мая ў Мінск, былі вельмі ўрачыста сустрэты жыхарамі. Усе падзеі, звязаныя з іх знаходжаннем у горадзе, здымаліся на кінаплёнку, якая дэманстравалася потым у мясцовым кінатэатры «Эдэн».

У Пецярбург вярнулася 38 машын. Гэты прабег паспрыяў развіццю аўтамабілізму ў Расіі, аўтамабілізацыі рускай арміі.

Незадоўга да вайны вядомы рускі аўтамабіліст А. П. Нагель, рэдактар часопіса «Автомобиль», здзейсніў прабег на аўтамабілі Руска-Балтыйскага завода. Маршрут прабегу, працягласцю 16 тыс. вёрст, пачынаўся ў Пецярбургу, праходзіў праз 30 буйных гарадоў Ёўропы і Азіі, дасягнуў пустыні Сахары і закончыўся шчаслівым вяртаннем у Расію. Тым часам колькасць машын на гарадскіх дарогах і вуліцах усё расла.

Іх незвычайны выгляд палохаў і людзей, і коней. Да таго ж строгіх правілаў руху тады яшчэ не было. Каб пазбегнуць непрыемнасцей, аўтамабіль і яздок на кані пры сустрэчы спыняліся. У асобных выпадках для бяспекі на галаву каня надзявалі мяшок, і ўдзельнікі руху шчасліва раз'язджаліся.

Аднак былі і іншыя выпадкі. У 1912 г. зарэгістравана першае дарожна-транспартнае здарэнне з аўтамабілем № 1, якое закончылася смерцю рамізніка.

У 1913 г. пацярпеў аварыю аўтобус у Старых Дарогах, праваліўшыся на мосце цераз ручай. Тры-чатыры цяжкія раненні і звыш дзесяці лёгкіх...

Першая сусветная вайна дала моцны штуршок развіццю аўтамабільнай прамысловасці, і машына ўпершыню была ацэнена як магутны і надзейны транспартны сродак. Важнае значэнне аўтамабіль набывае для Мінска, які стаў на доўгі час прыфрантавым горадам, У Мінску былі размешчаны ваенна-аўтамабільныя роты, якія прызначаліся для перавозкі грузаў і людзей. Пад гараж ваенных аўтамабіляў быў пераабсталяваны адзін з хлявоў коннага дэпо.

У гады першай сусветнай вайны пастаўкі запасных частак для машын замежнай вытворчасці, якімі ў асноўным была аснашчана руская армія, спыніліся, і аўтамабільны транспарт паступова прыйшоў у заняпад. Становішча пагоршылася яшчэ больш у перыяд грамадзянскай вайны.

Пасля выгнання інтэрвентаў на першым часе грузавыя і пасажырскія аўтамабілі мы куплялі за мяжой. У Мінску пасля закрыцця ў 1927 г. коннага руху аж да пуску ў 1929 г. трамвая пасажырскія перавозкі забяспечваліся аўтобусам.

У 30-х гг. у краіне была створана свая аўтамабільная прамысловасць, і ўсе аўтамабільныя перавозкі ўзяў на сябе айчынны аўтапарк. Пасля Вялікай Айчыннай вайны быў пабудаваны шэраг новых заводаў, у тым ліку Мінскі аўтамабільны завод.

 

У. М. КІСЯЛЁЎ, інжынер

 

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1980. № 3. 
С. 32—35. Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

Крыніца: imperiaduhu.by

vk.com

Новости из этой категории

0 Комментариев