Мядовая прэмія за 2017 прысуджаная Валерыю Гапееву

Мядовая прэмія за 2017 прысуджаная Валерыю Гапееву

Журналіст і літаратар з Івацэвічаў атрымаў яе “за заўважныя літаратурныя дасягненні”. Так сфармулявалі сваё рашэнне заснавальнік прэміі, паэт-пчаляр з Лінова Мікола Папека і Рада Берасьцейскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.

2

Выступае Мікола Папека

Зноў у Палацыку

“Вырашае Рада, – як правіла, з маёй прапановы, але часам вырашаў і я сам,” – патлумачыў прысутным на ўрачыстым уручэнні прэміі спадар Папека і скрушна пахітаў галавой. Маўляў, мёд даўся летась няпроста.

Тут хоць ты не думай, што таго мёду – 16 разоў па 16 – аж два з паловай цэнтнеры навыдавалася, як са складу, з 2001 года, ад першага лаўрэата, Алеся Каско, які пайшоў ад нас летась у лістападзе.

Менавіта вершам Каско пачаў урачыстасць у Пружанскім Палацыку ў суботу 24 лютага вядовец Мікола Пракаповіч. Прачытаў і скрушна кінуў вокам да горкі з “меданоснымі” кнігамі, на яе самы верх. Потым даў слова гаспадару, дырэктару сядзібы-музея Юрыю Зялевічу.

Той зусім лагічна выказаў задавальненне, што “пасля некалькіх гадоў вандровак Мядовая прэмія вярнулася туды, куды яна як рэгіянальная належыць – а менавіта ў Палацык”. Анягож! Адзіная ў сваім родзе, унікальная рэч! Які дырэктар ад такога адмовіцца. Не схоча паганяцца за такой атракцыяй.

У Палацыку было людна і гасцінна. Для ахвочых зрабілі кароткую экскурсію. Не захаладзілі, нягледзячы на мароз. А напрыканцы нават чаю\гербаты\кавы налілі, пад прыемныя размовы багатых на ўяву ды гісторыі літаратараў.

Цвіком імпрэзы стаў тэлефільм Міколы Пракаповіча пра Валерыя Гапеева, зняты нядаўна для тэлепраграмы “Край”. Запомніўся цытаваны двойчы (аўтарам у рамане і вядоўцам дзеля паказу аўтарскага метаду) верш Марыі Мартысевіч “Нарадзі прэзідэнта”. Краязнавец і настаўнік Алесь Зайка, які дзеля ўдзелу ва ўшанаванні свайго даўняга знаёмага паахвяраваўся суботняй сустрэчаю з гурткоўцамі-школьнікамі, падараваў Гапееву “замоўленую” манету, – “на прырост багацця, каб было на што кніжкі выдаваць”. І выказаў спадзяванне, што Слонімскі тэатр нарэшце давяршыць задуму і паставіць п’есу Гапеева.

Сам Гапееў паправіў агучаную памылку, маўляў, напрыканцы яго бібліяграфіі знаходзіцца раман “Ноч цмока”.  “Апошняя мая кніга вось гэтая, за 2017 год, “Мая мілая ведзьма”, выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, – зняў ён з горкі і чулліва пагладзіў пераплёт. – Не парэзалі. Баяўся за адно месца”.

3-%d0%bc%d1%91%d0%b4-%d0%bf%d1%80%d1%83%d0%b6%d0%b0%d0%bd%d1%8b-2018-3

Пуд мёду лаўрэату

Далей мядовіят распавёў,  як піша свае раманы, што любіць эротыку і поўніць ёю, пры нагодзе,  свае творы. Нечакана лагічна прайшоўся па містыцы, якой таксама ў яго багата. “Містыка гэта калі мы чагосьці не разумеем. Прыкладам, людзі пакінулі сялібу, сад. Яблыні праз дзесяць гадоў дзічэюць. А варта чалавеку вярнуцца – праз тыя сама дзесяць гадоў дрэвы зноў даюць плады свайго гатунку. Містыка?  Яшчэ і якая. Між тым, тлумачэнне ёсць. Чалавек не збірае ападкі, яны гніюць і змесцівам зернятак труцяць глебу.”

З песнямі і гумарам

Аздобіла імпрэзу сваім выступам Настасся Хмель, спявачка гурта “Крыві”, мінчанка, якая з’ехалася з брэсцкім мужам ў хутары Залессе на краі Белавежскай пушчы, дзе яны жывуць ужо ладна часу з двума малымі дзецьмі. Яна спявала фальклор. Паколькі беларускі фальклор невясёлы, а спадарыня няхібная, то напачатку навяла смутку. Але паправіла гісторыяй. “Гэтую песню падслухала ў суседкі”. Іншым стала весялей. Аднаму мне, мабыць, дык не, бо ведаю, што тых жанчынак там засталося толькі дзве. Выміраюць нашы вёскі. Ну дык хоць вось адукаваная маладзіца прыехала, запісала.   Далей  Настасся ўзяла бубна такога адмысловага – “джамбей” называецца, і задала рытму, а гэта ж ужо не блюз. Чацвёртая песня дык і сама па сабе вясёлая выпала. А канец і ўвогуле, бы ў амерыканскім фільме – happy end. Атрымала спявачка з Залесся ад Папекі Мікрамядовую прэмію – два літры мёду.

Як падалося не аднаму мне, сёлета з Мядовай атрымалася асабліва добра. З прысутнай літаратарам спекулятыўнасцю, якая іншым разам праяўляецца як гумар (нагадаю: алгарытмічная прыкмета гумару гэта супастаўленне несупастаўляльнага) некаторыя нават правяралі на гучанне версію, што 15 разоў Мядовую прэмію прысудзілі няправільна, а вось шаснаццаты раз… Ну ды гэта, факт,  фармальная такая рэакцыя на задаволенае аблічча фундатара ўвечары 24-га. Або ўве-ЧАРЫ? Містыка…

А можна і без яе! Актыўны яе карыстальнік, свежы лаўрэат Мядовай мудра сказаў, як мне падалося: “Добрая прэмія. Найперш таму, што латва ёю падзяліцца з сябрамі. Прыемна. Ды такі ў мяне ўзрост, такі стан душы, што не дзеля прэміі пішу.”

А дзеля чаго? Пра гэта Гапееў кажа адзінаццацікласнікам у фільме Пракаповіча. Кажа вершам. “Каб не знікала наша мова \\ Ніколі з роднае зямлі”.

І ўсё-такі хай будзе свята. Няхай будзе сямнаццатая Мядовая. Хаця б таму, што гэта адна з нешматлікіх беларускіх “гарызантальных” літаратурных прэмій. Народная. І такая ўнікальная, такая вясёлая. Карысная і целу і сэрцу. То папросім Папеку. І зазычым яму спору.

Яўген БЯЛАСІН

Фота аўтара

Крыніца: www.bk-brest.by

Новости из этой категории

0 Комментариев