Францішак Карпінскі

Францішак Карпінскі
[hide]
Францішак Карпінскі

Францішак Карпінскі (1740 – 1825)

Выдатны чалавек, жыццёвы шлях якога быў цесна звязаны з Пружаншчынай – Францішак Карпінскі. Паэт, драматург, перакладчык, філосаф, педагог (прыхільнік ідэй Ж. Ж. Русо), адзін з пачынальнікаў польскага сентыменталізму – Карпінскі нарадзіўся 4 кастрычніка 1740 г. у вёсцы Галаскоў (цяпер Каламыйскі раён Івана-Франкоўскай вобл. на Украіне) у збяднелай шляхецкай сям’і Анджэя і Разаліі Карпінскіх. Яго сям’я вызначалася рэлігійнасцю і сціпласцю. Таму дзяцей выхоўвалі ў паслухмянасці і набожнасці.

Першапачатковую адукацыю Ф. Карпінскі набыў дома. Ва ўзросце 8 гадоў бацькі адправілі Францішка вучыцца ў езуіцкую школу-каледж г. Станіславава (цяпер г. Івана-Франкоўск). Пасля яе заканчэння – у Львоўскую езуіцкую акадэмію (у 1762 г.), дзе ён атрымаў званне выкладчыка філалогіі і ступень доктара філасофіі. У Львове некаторы час ён падпрацоўваў адвакатам, так як бацькі не маглі прысылаць з хаты дастаткова грошай. У Станіслававе Францішак сустрэў сваё першае каханне – дачку афіцэра Марыету Броселаву (Марыяну Бразелоўну). “Яна і ёсць мая Юстына,” – пісаў Карпінскі ў сваіх дзённіках пра тую, якой прысвячаў свае вершы і кахаў шмат гадоў. “І яна мяне кахала, але, калі ёй прыйшлося выбіраць паміж мною – збяднелым і маім заможным супернікам, я параіў ёй выходзіць замуж за яго”, - успамінаў Ф. Карпінскі. Менавіта гэтае каханне, лічаць даследчыкі творчасці паэта, перашкодзіла яму прыняць духоўны сан, да чаго яго схілялі езуіты.

У 1766 г. Францішак аставіў Львоў і пераехаў да брата Антона, які меў прыход у Хацімску (на Украіне), і дзе жыла яго маці. Каб не быць нахлебнікам, ён стаў гувернёрам. Для навучання дзяцей латыні яго нанялі шляхціцы Папінскія. Тут Францішак сустрэў сваё новае каханне – жонку ўладальніка маёнтка Марыю Папінскую, якая была на 14 год старэйшая за яго. “Мая другая Юстына”, - называў яе Карпінскі. Каханне, хутчэй за ўсё, было нешчаслівае, аб чым сведчыць яго верш “Да Юстыны. Вясновая туга”.

Так ззяе ўжо сонца – у небе, не ў марах,
Так свеціць, высокае, свету!
Маё ж па-ранейшаму сонца – у хмарах,
І ў іх – ніякага прасвету!
Ужо збажына зелянее ў наўколлі –
Ўсё ёй сяголета годзіць.
У рост гэтак дружна ідзе, як ніколі ...
Пшаніца ж мая не ўсходзіць!
Ужо ад шчаслівых салоўкавых песень
Садок дзень і ноч не змаўкае, і ім адгукаюцца птушкі ўсе ў лесе.
Мой птах жа маўчыць, не спявае.
Вясна ўжо расквеціла краскі памалу
Пад цёплага сонейка ласкай,
У розныя фарбы лугі ўсе прыбрала.
Мая ж не цвіце яшчэ краска.
Дакуль – прасіць цябе буду, о Неба,
З вясною пра ласку такую.
Паліў я слязамі даволі ўжо глебу,
Калі ж плён жаданы збяру я ?


У 1768 г. малады Карпінскі стаў цікавіцца палітыкай і далучыўся да Барскай канфедэрацыі (узброены саюз шляхты), якая дзейнічала супраць караля і яго спроб абмежаваць шляхецкія правы, і расійскіх войскаў, што спрабавалі ўмешвацца ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай. Аднак Францішак даволі хутка разчараваўся ў мэтах канфедэратаў, да таго ж ён цяжка захварэў і таму вярнуўся на радзіму.
У 1770 г. ён наведаў Вену, дзе ходзіў на ўніверсітэцкія лекцыі. Асабліва яго зацікавілі хімія і фізіка.

Пасля еўрапейскй вандроўкі Карпінскі вярнуўся на радзіму ў 1772 г. Марыя Папінская, якая стала да таго часу ўдавой, адмовіла беднаму паэту стаць яго жонкай, аднак падаравала яму 5 тыс. злотых, што дазволіла Францішку набыць невялікі маёнтак Вебравец.

У 1777 г. Карпінскага ізноў наведала непадзеленае каханне. Яго “трэцяй Юстынай” стала Францішка Казяброцкая, у бацькоў якой Францішак арандаваў маёнтак.
80-я г.г. XVIII ст. сталі часам плённай творчасці паэта. У гэты час у львоўскай друкарні выйшаў яго першы зборнік вершаў пад псеўданімам Дзеда Сакольскага. Менавіта ён прынёс паэту вядомасць і папулярнасць. Узрушаны гэтай падзеяй Францішак Карпінскі намаляваў сабе ў марах бязбедную будучыню. Не апошнюю ролю ў гэтым адыграла запрашэнне князя Анджэя Чартарыйскага наведаць каралеўскі двор у Варшаве. Тут ён быў прадстаўлены каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму, які сустрэў паэта словамі: “Каханы Юстыны будзе каханым у Варшаве”. Аднак надзеі на лепшае жыццё не спраўдзіліся, Карпінскаму не хапала сродкаў для дастойнага існавання пры двары. Кароль не стаў мецэнатам для Францішка, які вымушаны быў зарабляць на жыццё працай настаўніка пры двары магната Сангушкі. Здзекі, інтрыгі прыдворных, іх зайздрасць, беднасць, не далі магчымасці паэту затрымацца пры двары. Ён паехаў у Гародню, потым Вільню.

У Гародні з 1782 па 1787 г.г. былі надрукаваны яго творы ў 7 тамах “Забаўкі вершамі і прозай”. Пад 1784 г. з’явіўся твор Карпінскага “Вяртанне з Варшавы ў вёску”, дзе ён крытыкаваў тагачасныя грамадскія парадкі, супрацьпастаўляючы сціплы сялянскі побыт і разбэшчанае сталічнае жыццё.

На некаторы час яго прыюціў у Заблудаве Геранім Радзівіл. Менавіта тут Карпінскі стварыў зборнік рэлігійных песняў, якія прынеслі яму славу народнага творцы.
У 1791 г. ён стаў сведкам апошняга сойму Рэчы Паспалітай ў Гародні. Аднак Францішка працягвала вабіць Варшава і, забыўшы здзекі, ён вярнуўся туды. На гэты раз лёс быў больш спрыяльны – кароль выдаў Карпінскаму прывілей на ўладанне “Суха Далін” (Сухопаль) Пружанскага павета. Але і на гэты раз, каб дастойна існаваць у Варшаве, Францішак жыў за кошт настаўніцтва – навучаў дзяцей Радзівіла.
Францішак Карпінскі
У 1793 г. ён пасяліўся ў маёнтку Краснік Пружанскага павета з адзінай марай: мець на старасці гадоў свой кавалак хлебу і не туліцца па чужых кутках. Сядзіба Краснік (зараз не існуе) была размешчана побач з каналам Тызенгаўза. Дом у Красніку быў невялікі, драўляны, пакрыты саломай ці чаротам, агароджаны невысокім драўляным плотам. У Красніку Ф. Карпінскі шчыра займаўся гаспадаркай – збудаваў фальварак і карчму, пасадзіў сад. Каля фальварка былі пабудаваны і некалькі сялянскіх хат. Лічыцца, што мясцовыя сяляне далі фальварку іншае імя – Карпін, аднак, яно не прыжылося. Карпінскі ўважліва адносіўся да сялян, любіў і запісваў іх песні, арганізоўваў чытанні для сялян і іх дзяцей. Ён стаў сапраўдным народным паэтам. Шырокую вядомасць набылі яго творы, заснаваныя на мясцовым фальклоры, – “Лаура і Філон”, “Успамін нядаўняга кахання”, “Песня Сакольскага дзеда”, “Мазурская песня”, песня “Калі рана ўстала зорка”.

Адам Міцкевіч сказаў аб Карпінскім: “Ён адзіны літаратар таго часу, які мог бы лічыць сябе паэтам славянскім”.
Краснік быў амаль поўнасцю знішчаны царскімі воўскамі ў 1794 г. у час падаўлення паўстання Т. Касцюшкі. Сам Карпінскі вымушаны быў ратавацца ў Белавежскай пушчы. Цяпер меланхолія стала суправаджаць жыццё паэта. У гэты час пісаў ён мала, многае спальваў.

Пасля 1795 г. Рэч Паспалітая трапіла пад ўладу суседзяў. Ф. Карпінскі разам з іншымі жыхарамі ваколіц вымушаны быў прынесці прысягу на вернасць расійскай імператрыцы Кацярыне ІІ у пружанскай царкве.
Захаваліся патрыятычныя творы: “Да Станіслава Малахоўскага”, “На дзень 3 мая 1791 г.”, “Плач Сармата над магілай Жыгімонта Аўгуста”, драма “Юдзіф”.
Неаднаразова паэту прапаноўвалі заняць розныя пасады – у пружанскім земскім судзе, у Віленскім універсітэце (на кафедры літаратуры, ў бібліятэцы, на папячыцельскіх пасадах навучальнай акругі), але ён кожны раз адмаўляўся. Толькі ў 1805 г. Карпінскі згадзіўся стаць папячыцелем Свіслацкай гімназіі, якой падараваў частку свайго кнігазбору. Другая частка кніг была ім падаравана Сухопальскай царкве, дзе, па некаторых звестках, захоўвалася да першай сусветнай вайны.
У 1802 г. з-пад яго пяра выйшлі “Размовы Платона са сваімі вучнямі”, якія ён прысвяціў і падараваў імператару Аляксандру І, за што аўтару была падаравана залатая табакерка. Акрамя гэтага Карпінскі з’яўляўся аўтарам філасофска-этычных твораў – “Пра красамоўства ў прозе і вершах”, “Пра шчасце чалавека”.
Карпінскі падтрымліваў сяброўскія адносіны з перакладчыкам С. Клакоцкім, астраномам М. Пачобут-Адляніцкім, К. Хадкевічам, педагогам І. Кулакоўскім, апошнім канцлерам ВКЛ Яўхімам Храптовічам.
Францішак Карпінскі
Восенню 1812 г. пад час адступлення напалеонаўскіх воўскаў Краснік быў поўнасцю знішчаны. Сам гаспадар быў абрабаваны да бялізны і збіты салдатамі. Францішак пісаў: ”хвароба чорнай меланхоліяй абазліла мяне яшчэ больш пры позірку на ўсё зруйнаванае і спаленае”. У 1813 г. ён пасяліўся ў Мураве, а потым купіў Хараўшчызну ў Ваўкавыскім павеце (цяпер Свіслацкі раён), дзе пасяліўся ў 1819 г. Карпінскі так пісаў аб гэтай падзеі: “Нарэшце задаволіў сваё жаданне набыць які-небудзь маёнтак, таму і купіў ... Хараўшчызну ад вяльможнага пана Вінцэнта Ажахоўскага, ... заплаціў 100 тысяч злотых”. Ён гаспадарыў на ўласным кавалку зямлі, разам з сялянамі працаваў у полі. У маёнтку Карпінскі адкрыў школу для сялянскіх дзяцей, у якой сам выкладаў. Да сённяшняга дня ў Хараўшчызне захаваліся рэшкі парку, склеп, флігель і падмуркі сядзібнага дома, дзе жыў Карпінскі. У Хараўшчызну да Карпінскага даволі часта прыязджаў уладальнік Свіслачы магнат Вінцэнт Тышкевіч, які высока цаніў яго талент паэта. Ён захаваў нам свае ўспаміны, дзе даволі цікава апісаў асабістыя якасці мастака слова. “Карпінскі быў свабодалюбны, любіў пахвалу і фіміям, любіў прымаць знакі пахвалы і пакланення. ... Заўсёды скардзіўся і наракаў на людскую няўдзячнасць.”

У 1820 г. ў Вільні была выдадзена яго апошняя кніга “Дзецям для забавы і навукі”, дзе расказваліся розныя забаўляльных гісторыі з жыцця. Тут жа ён змясціў сачыненне “Падарожжа па зачараванай краіне”, дзе апісаў сваю паездку на Валынь ў маёнтак Тэафіліі Сапегі. Усё сваё жыццё Францішак Карпінскі вёў дзённік “Гісторыя майго стагоддзя і людзей, з якімі жыў” (да 1822 г.) і завяшчаў надрукаваць яго пасля смерці. Гэты дзённік перавыдаваўся 6 разоў.
Ён марыў аб вызваленні сялян ад прыгону і сам робіў захады, каб вызваліць уласных сялян. Нават прапаноўваў гродзенскаму губернатару Д. Кошалеву некалькі праектаў сацыяльных рэформ, удасканалення землекарыстання, судоў. Антыпрыгонніцкую накіраванасць насіла яго камедыя “Чынш”, якая пераклікаецца сюжэтам з пазнейшай “Ідыліяй” В. Дуніна-Марцінкевіча, героі якой спяваюць песню на верш Карпінскага “Лаура і Філон”.

Памёр Ф. Карпінскі 16 верасня 1825 г. ў Хараўшчызне, але праз 19 год яго астанкі былі перанесены ў Лыскава і пахаваны каля касцёла.
Францішак Карпінскі
Архівы Ф. Карпінскага пасля яго смерці зберагаліся ў К. Прозара ў Хойніках, а потым часткова ў А. Ельскага ў Замосці (цяпер Пухавіцкі раён).
У 80-я г.г. ХІХ ст. аматары паэзіі Ф. Карпінскага паставілі ў Лыскаве яму помнік. У 1925 г. польскія паэты збіраліся ў Лыскаве, каб ўшанаваць яго памяць. У Варшаве была выдадзена невялікая кніга “Францішак Карпінскі” з нагоды 100-гадовага юбілею паэта. Прыбытак ад продажу кнігі пайшоў на лыскаўскую школу, якая насіла імя Ф. Карпінскага і змяшчалася ў памяшканні сучаснай бальніцы (колішняга манастыра).
У 1993 г. 26 верасня у Лыскаве каля касцёла быў пастаўлены і асвечаны помнік выдатнаму дзеячу. На помніку зроблены надпіс: “Вось мой дом убогі, Францішак Карпінскі, памёр год 1825, дня 4 верасня, жыў гадоў 84”.
Нашчадкам Карпінскага быў Францішак Казяроўскі (унук па сястры). Сын Францішка Казяроўскага Іосіф стаў генералам рускай арміі. Іосіф Даленга-Казяроўскі і яго жонка Антаніна пахаваны на лыскаўскіх могілках.
[/hide]

Новости из этой категории

4 Комментария

  • 22.04.2010
    09:27
    Андрей

    спасибо. читал с интерсом. в лысково был, но памятник видеть не приходилось.

  • 20.06.2011
    23:51
    Renessaince

    Так, выдатны артыкул. Цікава, адкуль уся гэтая інфармацыя, каб ведаць, што яна дастаткова аўтарытэтная.

  • 20.06.2011
    23:53
    SHUMELKIN

    На гэтае пытанне Вам зможа адказаць толькi аўтар артыкулу.

  • 21.06.2011
    00:02
    Renessaince

    Уласна, яму й адрасавалася пытаньне