215 гадоў зь дня нараджэньня Ігната Кулакоўскага

215 гадоў зь дня нараджэньня Ігната Кулакоўскага

Ігна́т Рыго́равіч Кулако́ўскі (6 лютага 1800, Янаўшчызна, Пружанскі павет Гарадзенскай губэрні1870) — польскі і беларускі паэт, перакладнік, дзяржаўны дзяяч, пэдагог.

 

Жыцьцяпіс

Нарадзіўся ў 1800 року ў шляхецкай сям’і Рыгора Кулакоўскага і Антаніны зь Янішэўскіх. Скончыў Сьвіслацкую гімназію, у 1816 паступіў на факультэт права і адміністрацыі Варшаўскага ўнівэрсытэту, аднак ня скончыў навучаньня.

У 1821 — другой палове 1830-х — судзьдзя Пружанскага межавога суду. У 18271830 — засядацель Гарадзенскага галоўнага суду, з 1830 — крымінальнай палаты ў Горадні.

У 1829—1837 — наглядальнік вучэльняў Гарадзенскага павету, з 1830 — апякун Гарадзенскай публічнай бібліятэкі.

1837—1840 — наглядальнік вучэльняў Драгічынскага павету. З 1840 — апякун, а з 1844 дырэктар Беластоцкай гімназіі. З 1841 — сябра Рады Інстытуту шляхетных дзяўчат у Беластоку.

Пазьней жыў у маёнтку Крыштапарова Сакольскага павету.

Чалец-карэспандэнт Гарадзенскага губэрнскага статыстычнага камітэту, Віленскай археалягічнай камісіі, Лёнданскага геаграфічнага таварыства, Таварыства дасьледнікаў старажытнасьцяў у Капэнгагене і інш.

Ведаў лаціну, санскрыт, францускую, італьянскую, гішпанскую, расейскую, чэскую, нямецкую і швэдзкую мовы.

Памёр у 1870 року.

Творчасьць

Літаратурную дзейнасьць пачаў у 1818 року сурэдактарам часопісу «Miesięcznik Warszawski». Друкаваўся ў варшаўскіх, віленскіх і пецярбурскіх польскамоўных часопісах.

Увайшоў у гісторыю найперш дзякуючы сваёй вялікай «Запісцы…» (1834) ў Міністэрства народнай асьветы, у якой патрабаваў увядзеньня выкладаньня «гісторыі краю, славянскай мовы і літаратуры», вывучэньня «народных гаворак» ў школах краю і стварэньня адмысловых падручнікаў для беларускага юнацтва. На думку Кулакоўскага, гэтыя падручнікі павінны знаёміць вучняў з уласнай гісторыяй беларусаў.

Займаўся перакладамі, зьбіраньнем гістарычных матэрыялаў. Склаў «Кароткае гістарычнае апісаньне м. Горадні» (18331837), «Статыстычнае апісаньне гарадоў Гарадзенскай губэрні» (1837), апублікаваў у выдаваным Я. Крашэўскім часопісе «Athenaeum» артыкул «Аўтографы да гісторыі Польшчы і Расеі з сямейнай калекцыі Ігната Кулакоўскага» (1841). Гісторык Алег Латышонак прыпісваў Кулакоўскаму таксама аўтарства кнігі «Рассказы на белорусском наречии», аднак пазьней адмовіўся ад гэтае гіпотэзы пад уплывам аргумэнтаў лінгвістычнага характару.

У дзяцінстве пазнаёміўся з Францішкам Карпінскім, якому пазьней прысьвяціў верш «З табой я правёў рокі дзяцінства».

Зьбіраў прадметы нацыянальнай даўніны, частку збораў перадаў Віленскаму музэю старажытнасьцяў.

Па сьмерці ягоная рукапісная спадчына страчаная.

Сям’я

У 1829 ажаніўся зь Юзэфай Стабельскай.

Ягоная праўнучка — Людвіка Сівіцкая (пс. Зоська Верас).

 

Крыніца: Вікіпэдыя

Каперта: http://belarussiancollection.com/envelopes/2000.html

Новости из этой категории

0 Комментариев