Міністэрства культуры прапанавала ўключыць Ружанскі палац у інвестыцыйную праграму на 2018 год

Міністэрства культуры прапанавала ўключыць Ружанскі палац у інвестыцыйную праграму на 2018 год

У 2018 годзе ў Беларусі на бюджэтныя сродкі будуць аднаўляць 18 гісторыка-культурных помнікаў. Пра гэта Свабодзе паведаміў намесьнік міністра культуры Беларусі Аляксандар Яцко.

Паводле інфармацыі начальніка ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня Міністэрства культуры Барыса Новікава, у 2018 годзе на аднаўленьне помнікаў архітэктуры толькі ў межах інвэстыцыйнай праграмы за кошт рэспубліканскага бюджэту плянуецца вылучыць каля 2 мільёнаў рублёў. У 2017 годзе на іх выдаткавана каля 1,5 мільёна рублёў.

«Калі прэзыдэнт падпіша інвэстыцыйную праграму, тады будзем бачыць канчатковыя сумы», — сказаў Новікаў.

Міністэрства культуры прапанавала ўключыць у дзяржаўную інвэстыцыйную праграму на 2018 год працяг рэканструкцыі і рэстаўрацыі на ўмовах долевага ўдзелу сродкаў дзяржаўнага бюджэту наступных помнікаў архітэктуры, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасьці:

Косаўскі палаца-паркавы ансамбль у Івацэвіцкім раёне;

Косаўскі палац
Косаўскі палац

Ружанскі палацавы комплекс у Пружанскім раёне;

Ружанскі палац
Ружанскі палац

Полацкая Спаса-Праабражэнская царква;

Комплекс былога калегіюму езуітаў у вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёну;

Юравічы
Юравічы

Нясьвіскі касьцёл Божага цела;

Нясьвіскі касьцёл
Нясьвіскі касьцёл

Палацава-паркавы ансамбль у вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну;

Усьпенскі манастыр у вёсцы Пустынкі Мсьціслаўскага раёну;

Усьпенскі храм. Урочышча Пустынкі на Мсьціслаўшчыне
Усьпенскі храм. Урочышча Пустынкі на Мсьціслаўшчыне

— Будынкі на вуліцы Савецкай, 13, 15 (Чырвоны касьцёл) у Менску;

Чырвоны касьцёл у Менску
Чырвоны касьцёл у Менску

Прапануецца фінансаваньне аб’ектаў рэспубліканскай уласнасьці:

— Адзінага комплексу будынкаў Нацыянальнага мастацкага музэю;

— Будынку рэспубліканскай гімназіі-каледжу пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі на плошчы Свабоды ў Менску;

Мірскага замкавага комплексу (распрацоўка праектнай дакумэнтацыі рэгулярнага і пэйзажнага паркаў);

Мірскі замак
Мірскі замак

Прапанавана фінансаваньне капітальнага рамонту наступных замкаў:

— Рэстаўрацыя з рэканструкцыяй Лідзкага замку;

Лідзкі замак
Лідзкі замак

— Кансэрвацыя Наваградзкага замку (праектная дакумэнтацыя);

Наваградзкі замак
Наваградзкі замак

— Кансэрвацыя з рэстаўрацыяй фрагмэнтаў Крэўскага замку ў Смаргонскім раёне;

Руіны Крэўскага замку
Руіны Крэўскага замку

— Кансэрвацыя з фрагмэнтарнай рэстаўрацыяй былога замку Сапегаў у Гальшанах Ашмянскага раёну.

Гальшанскі замак
Гальшанскі замак

Адпаведныя прапановы былі накіраваныя ў Міністэрства эканомікі і Міністэрства фінансаў. Рамонтна-рэстаўрацыйныя працы на гэтых аб’ектах выконваліся ў 2017 годзе.

Згодна з рашэньнем рады прэзыдэнцкага фонду падтрымкі культуры і мастацтва вылучаныя сродкі на кансэрвацыю з фрагмэнтарнай рэстаўрацыяй замку ў Крэве і Калоскай (Барысаглебскай) царквы ў Горадні.

Рэканструкцыя Калоскай царквы
Рэканструкцыя Калоскай царквы

Паводле дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмы, у 2017 годзе прадугледжана вылучыць Горадзенскаму аблвыканкаму сродкі з нацыянальнага бюджэту на рэканструкцыю з рэстаўрацыяй Старога замку ў Горадні (працягнуцца ў 2018 годзе).

Стары Замак у Горадні
Стары Замак у Горадні

У 2018–2020 гадах плянуецца таксама накіраваць зь бюджэту «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі 319 млн 215 тыс. расейскіх рублёў на 16 пазыцыяў праекту капітальнага рамонту, рэстаўрацыі і музэефікацыі збудаваньняў Берасьцейскай крэпасьці. Неўзабаве тут адкрыецца новая музэйная экспазыцыя, якую прафінансавала ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь», таксама вылучаныя бюджэтныя сродкі.

У Наваградзкім райвыканкаме Свабодзе паведамілі, што дабрачынны фонд «Любчанскі замак» пад кіраўніцтвам Івана Пячынскага ў 2018 годзе працягне аднаўляць замак у Любчы. Гэтыя працы ідуць ужо 15 гадоў, будаўнічыя матэрыялы набываюцца за сродкі фонду, а працуюць тут валянтэры.

Любчанскі замак
Любчанскі замак

«Чым менш сродкаў для так званай рэстаўрацыі, тым лепш»

Антон Астаповіч, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры:

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч

— Тут трэба казаць не пра аб’ёмы фінансаваньня і не пра колькасьць аб’ектаў, а пра вельмі недасканалы Кодэкс аб культуры, які фактычна канчаткова зьнішчыў рэстаўрацыю ў Беларусі — тым, што да немагчымага спрасьціў працэдуру працы з гісторыка-культурнымі каштоўнасьцямі.

Міністэрства культуры канчаткова страціла свае назіральныя, кантрольныя функцыі ў гэтай галіне, практычна ўсё аддадзена ў кампэтэнцыю мясцовых органаў улады. А яны проста ці то не жадаюць гэтым займацца, ці наагул ня маюць кваліфікаваных спэцыялістаў, каб працаваць у гэтай сфэры.

Міністэрства культуры страціла кантрольныя функцыі ў галіне рэстаўрацыі

У нас адсутнічаюць і тэхнічныя нарматывы, якія рэгулююць выкананьне рэстаўрацыйных працаў.

Таму чым менш будзе ўкладацца сродкаў у так званую рэстаўрацыю ў Беларусі, тым лепш. Я прыхільнік таго, каб лепш руіна дэградавала, чым прыйдзе неспэцыяліст і гэтую руіну ці то канчаткова даб’е і на яе месцы вырасьце новы аб’ект, ці яна будзе сфальсыфікаваная.

«Эпоха рэстаўрацыйных мэгапраектаў ужо ў мінулым»

Сьцяпан Стурэйка, старшыня Беларускага камітэту ICOMOS (Міжнароднай рады помнікаў і мясьцінаў):

Сьцяпан Стурэйка
Сьцяпан Стурэйка

— Што да статыстычных зьвестак Міністэрства культуры, то варта разумець, што яны не ахопліваюць аб’ектаў, працы на якіх вядуцца коштам прыватных уладальнікаў, інвэстараў і некаторых ведамстваў. Напрыклад, працы ў палацы ў Сьвяцку фінансуе санаторый «Азёрны», і яны ў статыстыку Міністэрства культуры не трапляюць. А такіх нямала.

Палац Валовічаў у Сьвяцку
Палац Валовічаў у Сьвяцку

Яшчэ больш выпадкаў, калі працы вядуць на будынках, якія фактычна адпавядаюць крытэрам гісторыка-культурнай каштоўнасьці, але ня ўнесеныя ў адпаведны дзяржаўны сьпіс. Яны для нашых службаў аховы помнікаў наагул не існуюць. Асабліва шмат такога ў раённых цэнтрах.​

Міністэрства культуры ня гэтулькі кіравала спадчынай, колькі займалася адміністраваньнем сьпісу аб'ектаў

На жаль, Міністэрства культуры апошнія гады ня гэтулькі кіравала спадчынай, колькі займалася пабежным адміністраваньнем сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, і таму сёньняшні інструмэнтар для ацэнкі працэсаў з помнікамі недасканалы.

Сытуацыя будзе паступова выпраўляцца, хоць бы і сіламі грамадзкіх аб’яднаньняў.

Наагул думаю, што ў сувязі з эканамічнымі цяжкасьцямі эпоха рэстаўрацыйных мэгапраектаў кшалту Мірскага ці Нясьвіскага замкаў ужо ў мінулым. Адпаведна і буйных скандалаў чакаць не выпадае.

Што да аб’ектаў, над якімі вісіць найбольшая пагроза, дык іх сьпіс за год таксама ня надта зьмяніўся. Я б казаў пра цэлыя катэгорыі: гэта панскія сядзібы і сынагогі, яны пераважна ў закінутым стане. Гэта старая гаспадарчая архітэктура ў сельскай мясцовасьці — млыны, сьвірны, тое, што мае этнаграфічную каштоўнасьць. Ну й зразумела — шараговая забудова беларускіх мястэчак. Ёй пакуль наагул замала ўвагі надаецца.

Што замест праграмы «Замкі Беларусі»?

У 2016 годзе была скасаваная дзяржаўная праграма «Замкі Беларусі», пачаткова разьлічаная на 2012–2018 гады. Згодна зь ёю плянавалася аднавіць 38 замкаў, палацаў і замчышчаў Беларусі, уключаных у пералік гісторыка-культурнай спадчыны краіны. На праграму выдаткоўваўся больш за 131 мільярд недэнамінаваных рублёў.

Акрамя таго, плянавалі накіраваць сродкі ў межах дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмы, якая штогод зацьвярджаецца прэзыдэнцкім указам.

У Міністэрстве культуры Свабодзе патлумачылі, што праграма «Замкі Беларусі» інтэграваная ў агульную — «Культура Беларусі», разьлічаную на 2016–2020 гады. 18 сьнежня сёлета Савет міністраў Беларусі ўнёс зьмены ў гэтую праграму. Згодна з урадавай пастановай № 950, аб’ёмы фінансаваньня будуць зьменшаныя з 2 мільярдаў 980 мільёнаў да 2 мільярдаў 945 мільёнаў рублёў.

У 2009 годзе Мінкульт абвясьціў сьпіс 46 закінутых сядзібаў і палацаў і дазволіў прыватным асобам выкупляць іх.

Крыніца: Радыё Свабода

Новости из этой категории

0 Комментариев