Балгарын у Белавежскай пушчы застрэліў зубра замест дзіка

Балгарын у Белавежскай пушчы застрэліў зубра замест дзіка

Памылка на паляванні дорага каштавала замежніку, які прыбыў у Нацыянальны парк "Белавежская пушча". Група замежных паляўнічых з Балгарыі ўдзельнічала там у загонным паляванні на аленя і дзіка. Як піша газета "СБ — Беларусь сегодня", адзін паляўнічы заўважыў, што наперадзе цямнее спіна жывёлы і стрэліў. Аднак замест дзіка ён забіў зубра, кажа прэс-сакратар Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Вольга Грамовіч.

Эксперты высветлілі, што загінуламу самцу было прыкладна 6-7 гадоў. Верагодна, ён адстаў ад статка, быў аслаблены. Мяса зубра прызнанае прыдатным да ўжывання і здадзенае ў нарыхтоўчы пункт "Белавежскай пушчы".

А вось няўдаламу паляўнічаму гэты стрэл каштаваў нямала. За прычыненую прыродзе шкоду балгарын заплаціў штраф — 216 мільёнаў рублёў.

Акрамя таго, у загінулага зубра апынуліся рогі высокай трафейнай якасці. Эксперты ацанілі іх у 92 тысячы еўра. Але забраць іх паляўнічаму не дазволяць. 40 тысяч еўра балгарын за іх ужо заплаціў.

З улікам усяго гэтага крымінальную справу на замежніка, верагодна, пачынаць не будуць.

Фота: sb.by

Новости из этой категории

0 Комментариев