«Пастараль дванаццаці анёлаў»

«Пастараль дванаццаці анёлаў»

“Пастараль дванаццаці анёлаў”

Класіка інсіту: з дрэва ці ахрап'я
Пад такой назвай у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» працуе выстаўка найвядомага прадстаўніка польскага інсітнага мастацтва — разьбяра Кшыштафа Градзіцкага. Яго творчасць — нешта падобнае на дзіцячую забаву з цацкамі, гульню формай і колерам, дзе працэс выклікае ці не большае захапленне, чым вынік. Ён не валодае віртуознай тэхнікай, яго мастацтва недасканалае, затое — сумленнае. Урэшце, як і творчасць дзяцей.

/i/content/pi/cult/557/12189/13-1.jpg

Кшыштаф Градзіцкі. Выявы апошніх месяцаў года.

Ён нарадзіўся 55 гадоў таму ў польскім Седльцы ў сям’і нашчадкаў падляшскіх шляхцічаў, цяпер жыве і працуе ў гміне Вулька Святкова. З ранняга школьнага ўзросту, пазнаёміўшыся з праявамі народнай творчасці, пачаў пісаць карціны, захапіўся паэзіяй. Пасля заканчэння школы атрымаў спецыяльнасць будаўніка-муляра. У 1989 годзе яго стрыечны брат Збігнеў Градзіцкі параіў выразаць з дрэва — так скульптуры сталі галоўным хобі Кшыштафа: майстар цалкам прысвяціў сябе разьбе па дрэве. З часам работы Градзіцкага ўдзельнічалі ў шматлікіх выстаўках і конкурсах. Сёння творы майстра карыстаюцца папулярнасцю сярод калекцыянераў, знаходзячыся ў дзяржаўных і прыватных зборах Еўропы. Сам Градзіцкі ўзнагароджаны нагрудным знакам “Заслужаны дзеяч польскай культуры” і з’яўляецца сябрам Асацыяцыі народных мастакоў.

Работы Кшыштафа Градзіцкага простыя і зразумелыя. Натхняецца ён велізарнымі кавалкамі ліпы ці ясеня, аддаючы перавагу дрэвам з мудрагелістымі формамі. Часам скульптар выкарыстоўвае ахрап’е, пакінутае ад высечкі дрэў. Прыродныя формы дэфармаванай драўніны — расколіны, уздуцці, зморшчыны і звязкі фактуры, скручаныя канечнасці, заблытаныя карані — падказваюць скульптару канчатковую форму, і толькі тады ён прыступае да стварэння выявы.

Спачатку работы Градзіцкага ўяўлялі з сябе жывёл у натуральную велічыню або адлюстроўвалі эмацыйныя сцэнкі з паўсядзённага сялянскага жыцця. Але з цягам часу тэмы і выявы ўскладняліся. Сёння майстар часцей за ўсё стварае скульптуры на рэлігійную тэматыку: сцэны з жыцця святых, царкоўныя абрады, анёльскі чын. Кожную работу ўпрыгожвае выразнымі і арыгінальнымі кветкавымі матывамі.

На гэтай выстаўцы разьбяр прадставіў дванаццаць драўляных анёлаў, кожны з якіх сімвалізуе пэўны месяц года, увасабляе важную падзею ці перыяд у жыцці чалавека. Яны выраблены з цэльных кавалкаў драўніны і ўпрыгожаны поліхромнай расфарбоўкай, маюць свой характар, настрой і індывідуальныя асаблівасці.

Беласнежны Студзень, быццам лебедзь, раскінуў свае крылы і гатовы ахінуць зямлю новым пластом снежнага пуху. Люты-хітрун аж пачырванеў ад збянтэжанасці: трымае ў руках валянцінку, прыгатаваную для людзей. Не верыць яму і строгі, на здзіўленне, Сакавік-сусед: ён стаіць убаку, малітоўна склаўшы рукі, нагадваючы нам, што наступіла пара Вялікага паста.

Парасткі новага жыцця прынёс людзям велікодны Красавік, які прыбраўся ў далікатна-зялёную стракатую сукенку. Ён падымае высока над галавой пераможны кубак — чашу з пралескамі. Поруч Май: схіліўшы калена, ён гатовы служыць верай і праўдай зямлі і людзям.

Блізнятам, Чэрвеню і Ліпеню, нічога не застаецца, як толькі радавацца разам з усім светам. Першы ўжо паспеў рассыпаць у лясах ягады і сам, гарэза, умыўся чарнічным сокам. Другі, Ліпень-лежабока, ахоўвае пастушкоў, а Жнівень-гаспадарнік працуе ў полі, дапамагаючы жняцам вязаць снапы, і падбірае каласкі, што засталіся на жытнішчы: шануе кожнае зярнятка.

Дошчачка з лічбамі ў руках Верасня нагадвае дзецям аб пачатку новага навучальнага года. Кастрычнік жаласліва прыціскае да грудзей сцяблінкі ільну: у гэтую пару яго трэплюць так, што аж шчэпкі ляцяць. Апошнія два месяцы года не думаюць пра зямное: Лістапад спыніўся ля адзінокай магілы, памінае на Дзяды людзей, якія пайшлі ў іншы свет. А Снежань нясе людзям радасць нараджэння Святога Дзіцяці, і Віфлеемская зорачка пераліваецца золатам на яго крыле.

Усе гэтыя анёлы-заступнікі селяніна, добра ўпісаліся ў этнагарфічную залу музея. Анёлы вядуць гледача ў казачны ціхамірны свет наіўнай прастаты — у свет без сумненняў і рэфлексій.

З нечаканага боку і нестандартна, ламаючы агульнапрынятыя каноны прыгажосці ў скульптуры, Кшыштаф Градзіцкі дасягае эстэтычнага выніку непаўторным почыркам, які належыць толькі яму аднаму. У майстра асаблівы дар бачання свету. І эмацыйны імпульс, які зыходзіць ад яго прац, настолькі моцны, што прафесійна аналізаваць створанае ім немагчыма.

Алена ЗЯЛЕВІЧ, старшы навуковы супрацоўнік музея-сядзібы “Пружанскі палацык”

Крыніца: www.kimpress.by

Новости из этой категории

0 Комментариев