Памёр беларускі бібліяфіл з Пецярбурга Анатоль Лукоўскі, які нарадзіўся ў Ружанах

Памёр беларускі бібліяфіл з Пецярбурга Анатоль Лукоўскі, які нарадзіўся ў Ружанах

31 кастрычніка памёр пецярбургскі бібліяфіл і патрыёт Беларусі Анатоль Іосіфавіч Лукоўскі.

У савецкі час ён працаваў майстрам па рамонце пішучых машынак: ездзіў ад прадпрыемства да прадпрыемства, ад установы да ўстановы і абслугоўваў як сучасныя, так і шматлікія ў Ленінградзе дарэвалюцыйныя друкаркі. Заадным наведваў шматлікія букіністычныя кнігарні былой сталіцы імперыі. Свабодна чытаў і гаварыў на некалькіх замежных мовах: рускай, польскай, нямецкай. У побыце карыстаўся роднай, беларускай. Яго калекцыя рэдкіх выданняў прысвечаных Беларусі — велізарная і з любоўю і ведай сабраная. Асабліва любіў геаграфічныя і тапаграфічныя карты.

Адна нага Анатоля Іосіфавіча была зламаная - здарылася гэта, калі ў пачатку вайны немцы бамбілі родныя Ружаны. Малы Анатоль залёг за хлявом, нямецкая бомба разарвалася з супрацьлеглага боку, на нагу звалілася бэлька - вось так. «А ведаеш, чаму нага ўперад тырчыць?» - пытаўся - «дык я тварам не ў зямлю ўткнуўшыся ляжаў, а на спіне. Каб самалёты разгледзець — цікава было».

Дзякуючы спадару Лукоўскаму ягоны зямляк-аднакласнік і вядомы ў Мінску мастак-плакатыст спадар Крукоўскі атрымаў рэдкія экзэмпляры кніг пра Беларусь. Прынамсі трэці том «Жывапіснай Расіі» з сачыненнем Адама Кіркора. Дзякуючы патрыярху кнігалюбства мы ўсе сталі крыху лепшымі, чым былі да знаёмства з ім.

Пражыў 82 гады. Загадаў пахаваць сябе ў Ружане.

Крыніца: Наша Ніва

Новости из этой категории

0 Комментариев