Факсімільная «Кніжная спадчына Францыска Скарыны» перададзена ў музей Ружанскага палацу

Факсімільная «Кніжная спадчына Францыска Скарыны» перададзена ў музей Ружанскага палацу

У Брэсцкай абласнай бібліятэцы імя Горкага сёння адбылася цырымонія перадачы факсімільнага выдання "Кніжная спадчына Францыска Скарыны" ўстановам культуры і адукацыі рэгіёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Рамана Матульскага, 20-томнік прэзентаваны ўжо ў многіх краінах, але ў першую чаргу выданне выпускалася для беларусаў. "Прэзентацыю выдання ў рэгіёнах Беларусі мы пачалі чатыры гады таму, калі выйшлі першыя пяць тамоў. З калегамі дагаварыліся, што восенню 2017-га, да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, прадоўжым перадачу экзэмпляраў. Такія мерапрыемствы прайшлі ўжо ў Бабруйску, Гомелі і сёння ў Брэсце", — сказаў ён.

У горад над Бугам дастаўлена 40 экзэмпляраў поўнага выдання "Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны". Кнігі з працамі беларускага першадрукара ўручаны прадстаўнікам універсітэтаў, абласнога краязнаўчага музея, музея гісторыі Брэста, Ружанскага палацава-паркавага ансамбля Сапегаў, Пінскай духоўнай семінарыі. Таксама ўсе 20 тамоў перададзены ў дар абласной бібліятэцы імя Горкага, публічным гарадскім і раённым бібліятэкам.

"Гэтыя кнігі трапілі ва ўстановы, у якіх яны будуць найбольш запатрабаваныя. Хаця б па адным экзэмпляры ёсць у кожным раёне. Вядома, акрамя бібліятэк яны цікавы вышэйшым навучальным установам, некаторым профільным каледжам і гімназіям, музеям, звязаным з нашай гісторыяй і культурай", - адзначыў Раман Матульскі.

Да канца года цырымоніі перадачы факсімільнага выдання пройдуць ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі. У бліжэйшы час мерапрыемствы адбудуцца ў Віцебскай і Гродзенскай абласцях, і Мінскай - бліжэй да Новага года.

Крыніца: БЕЛТА

Новости из этой категории

0 Комментариев