Уладзімір Цвірка. Падароск, што ляжыць на дарозе, якая злучае Ружаны і Ваўкавыск

Уладзімір Цвірка. Падароск, што ляжыць на дарозе, якая злучае Ружаны і Ваўкавыск

Уладзімір Цвірка. Падароск


 

Сёння той выпадак, калі шкадую, што цікавую былую сядзібу магу паказаць чытачу ўсяго на адным здымку. Давайце выправімся ў вандроўку ў вёску Падароск Ваўкавыскага раёна, каб на ўласныя вочы засведчыць тутэйшую прыгажосць.


Тут у неблагім стане захавалася старажытная шляхецкая сядзіба, якая пачала паўставаць ва ўсёй сваёй прыгажосці з сярэдзіны XVIII стагоддзя. Але ж у каштоўных паперах Вялікага Княства Літоўскага гэтая сядзіба згадваецца амаль на дзвесце гадоў раней. З пачатку XVI стагоддзя ўрадлівыя землі, што прывольна раскінуліся паабапал некалі паўнаводнай ракі Зяльвянкі, належалі шляхецкаму роду Клачко. Прадстаўнік гэтага роду — Мацей — лічыўся адным з самых заможных шляхціцаў ВКЛ. Пасля гаспадарамі былі Ельскія, Вішнявецкія, Храптовічы, Грабоўскія. З 1833 года — знакаміты род Чачотаў, пасля сядзіба належала Бохвіцам.

Падароск ляжыць на дарозе, якая злучае Ружаны і Ваўкавыск, амаль пасярэдзіне паміж гарадамі. Гэтая ж дарога дзеліць саму сядзібу на дзве часткі. Адна з іх — гаспадарчая. Некалі тут з вялікім прыбыткам працавалі вінакурня, цагляны завод, млыны, канюшня, стаялі вялізныя будынкі кароўнікаў і авечнікаў. Акрамя паравой малатарні, у сядзібе працавала паравая машына для капання торфу. З цягам часу гаспадарчы двор значна пашырыўся, запрацаваў яшчэ адзін бровар, былі ўзведзены прыбудоўкі да канюшні, новы свіран ды сховішча для сена. Будынкі, якія захаваліся, даюць магчымасць уявіць, наколькі магутная была гаспадарка.

У другой палове сядзібы, у глыбіні невялікага пейзажнага парку, прытуліўшыся тыльным бокам да штучнага возера, уздымае белакаменныя калоны аднапавярховы сядзібны дом з мезанінам. Узведзены ён прыкладна ў 1768 годзе шляхецкім родам Грабоўскіх. Адна з легенд сцвярджае, што падчас французскай кампаніі 1812 года тут прыпыняўся імператар Напалеон. Магчыма, з цягам часу дзякуючы даследчыкам гэты факт дакументальна пацвердзіцца. Ці застанецца прыгожай легендай...

Пры падыходзе да дома сустракаем адметную архітэктурную каштоўнасць — шыкоўную браму сядзібы. Гэты цагляны цуд у неабарочных формах, магчыма, быў пабудаваны яшчэ Чачотамі напрыканцы XIX стагоддзя ці ўжо Бохвіцамі. Вандроўку ў Падароск можна ладзіць дзеля толькі адной гэтай брамы. Велічныя цагляныя пілоны больш за стагоддзе надзейна трымаюць жалезныя створкі варотаў. Кожны пілон упрыгожаны, бы каранаваны, часткай фігурнага франтона, што як быццам наўмысна ў сярэдзіне разарваны, — і гэта надае яшчэ больш прасторы і паветра галоўнаму праезду ў сядзібу. Па баках далучаны меншыя брамкі, якія таксама мелі ажурныя жалезныя створкі. Нават агароджа сядзібы можа лічыцца архітэктурнай каштоўнасцю малых формаў. Яе цагляныя пралёты злучаны слупамі з незвычайнымі шатровымі чатырохскатнымі «капелюшамі». І яны, і сама сцяна ўсыпаны зверху вострымі гранітнымі каменьчыкамі, аб якія і сёння можна выпадкова параніць руку.

Справа ад брамы ў выдатным стане захаваўся будынак кузні, злева і трохі далей у парку — былая аранжарэя, дзе некалі вырошчвалі трапічныя і субтрапічныя расліны, якія ўлетку выстаўлялі перад домам на газоне ў драўляных кадках.

Вядома ж, нешта згубілася, разбурылася, было знішчана людзьмі і часам. Нешта, хоць і ў руінах, засталося. Адрадзіць цалкам былую сядзібу немагчыма. Але хацелася б пажадаць добраму гаспадару нешта аднавіць, адрэстаўраваць. Той жа дом, браму, кузню ды аранжарэю, агароджу сядзібы, мо нават некаторыя гаспадарчыя пабудовы. Яны задыхалі б новым жыццём, заблішчэлі б на сонцы дахамі, парк бы гушкаў свае галіны над прыбранымі газонамі ды кветнікамі...

 

Новости из этой категории

0 Комментариев