26 студзеня на будынку Пружанскай раённай дзіцячай бібліятэкі адкрылі мемарыяльную шыльду Алены Лось

26 студзеня на будынку Пружанскай раённай дзіцячай бібліятэкі адкрылі мемарыяльную шыльду Алены Лось

У пятніцу, 26 студзеня, на будынку Пружанскай раённай дзіцячай бібліятэкі адкрылі мемарыяльную шыльду памяці беларускай мастачкі Алены Лось (1913 – 2013), якой 22 студзеня споўнілася б 85 гадоў з дня нараджэння. У гонар славутай мастачкі-графіка і жывапісца названа таксама і бібліятэка.

На адкрыццё мемарыяльнай шыльды Алены Лось прыйшлі юныя чытачы бібліятэкі, настаўнікі, бацькі, бібліятэкары.

Шчыра вітаў такую падзею ў Пружанах загадчык ідэалагічнага аддзела Пружанскага райвыканкама Канстанцін Панімаш. Добрам словам прыгадвалі Алену Лось дырэктар музея-сядзібы “Пружанскі палацык” Юрась Зялевіч, пісьменнік з Менску Уладзімір Ягоўдзік і іншыя выступоўцы. Гэта дзякуючы Уладзіміру Ягоўдзіку на Пружаншчыне ўшаноўваецца імя Алены Лось і перададзена на вечнае захоўванне шмат яе твораў.

Мемарыяльную шыльду Алене Лось адкрылі лепшыя вучні Пружанаў. А потым свята працягвалася ў бібліятэцы, дзе былі наладжаны цудоўныя выставы “Маляўнічыя акорды Алены Лось” і “Алена Лось – ілюстратар дзіцячых кніг”. Усе ўдзельнікі ўрачыстасці змаглі пазнаёміцца з дзясяткамі дзіцячых кніг у афармленні Алены Лось, з кнігамі з яе аўтографамі, пачуць успаміны людзей, якія ведалі мастачку. У гэты дзень у бібліятэцы адбыўся вялікі канцэрт, гучалі беларускія песні і музыка.

Алена Лось нарадзілася ў Вільні, дзе вучыўся яе бацька, ураджэнец Берасцейшчыны. Неўзабаве сям’я пераехала на радзіму бацькі, які на працягу 7 гадоў працаваў урачом у Лыскаве на Пружаншчыне. Маці Алены свабодна валодала нямецкай і французскай мовамі і навучыла ім дачку. У Лыскаве Алена пайшла ў польскую школу, аднак бацьку перавялі на працу ў новую бальніцу ў Магілёўцы і сям’я пераехала з ім. Пазней сям’я Лось жыла ў Ружанах, там з маці і бабуляй Алена перажыла Другую сусветную вайну.

Аднойчы творы Алены Лось убачыл Алена Аладава, дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея Беларусі, і, даведаўшыся, што ў мастачкі няма працы ў Літве, дзе яна пэўны час жыла, запрасіла яе прыехаць у Менск. Хутка мастачка пераехала на радзіму. Яна пачала працаваць як мастак беларускай дзіцячай кніжкі, ілюстравала творы беларускай вуснай народнай творчасці, працавала ў станкавай творчасці і літаграфіі. Аленай Лось аформлена сотні беларускіх кніг. Яна з’яўлялася сябрам Беларускага саюза мастакоў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Пружаны

Фота аўтара

Больш фота: www.racyja.com

Новости из этой категории

0 Комментариев