Афіцэр з душою паэта

Афіцэр з душою паэта
Афіцэр з душою паэта

Уладзімір Пятроў родам з Пружан


Палкоўнік запасу Уладзімір Пятроў з Казахстана ў вершах выказвае любоў да роднай Беларусі

Напрыканцы лютага ў Астане, у Еўразійскім нацыянальным універсітэце імя Льва Гумілёва (ЕНУ), дзе размешчаны Цэнтр беларускай культуры, праходзіла сустрэча Пасла Беларусі ў Казахстане Анатоля Нічкасава са студэнтамі, выкладчыкамі, прадстаўнікамі беларускай дыяспары. “Адзінства і сяброўства народаў — залог росквіту краіны” — такой была тэма сустрэчы. Там я і пазнаёмілася з самадзейнымі артыстамі фальклорнага гурта “Вясёлка”, а таксама з палкоўнікам-паэтам Уладзімірам Пятровым. Усе яны — актывісты Нацыянальнага культурнага цэнтра “Радзiма”. Дарэчы, Уладзімір Іванавіч падлічыў, што меў ужо больш за 400 творчых сустрэч у розных аўдыторыях. Аказваецца, гэты беларус-афіцэр ужо стаўшы ветэранам Узброеных сіл Казахстана пачаў пісаць вершы. І паспрыяла таму жанчына. Першы твор яго з’явіўся ў 1996 годзе “на заказ”, натхніла ж яго просьба блізкай сяброўкі Надзеі Валодзінай напісаць верш на яе імяніны. У знак удзячнасці сваёй музе і першы зборнік Уладзімір Пятроў выдаў праз тры гады пад назвай “Надзея”. Цяпер у яго ўжо 18 зборнікаў! А пабачыў свет наш суродзіч незадоўга да вайны, 15 снежня 1940 года, у горадзе Пружаны Брэсцкай вобласці. Ён быў не проста дзіцем вайны: у пару ліхалецця, калі бацька і маці сталі партызанамі, жыў у чужых людзей. Дарэчы, бацька яго ваяваў адважна, быў ушанаваны пазней ордэнам Чырвонага Сцяга. У ліпені 43-га нарадзіўся Сяргей Пятроў, брат Уладзіміра Іванавіча. Так сталася, што чужыя людзі, якія прытулілі малога Валодзю на час вайны, так да яго прывыклі, што бацькам пасля заканчэння вайны аддаваць хлопчыка не хацелі, і давялося рабіць тое праз суд. Пра тое Уладзімір Іванавіч згадвае так: “Мне тады было 4 гады, памятаю толькі, як мяне ў нейкім вялізным пакоі перадавалі на руках шмат людзей. Калі данеслі да суддзі, той пачаў... адзенне здымаць з мяне, каб пабачыць апошні доказ таго, што я — сын сваіх бацькоў: яны шукалі радзімку ў мяне пад каленам”. Вучыўся Уладзімір Пятроў аж у чатырох школах, і ў 1957-м закончыў першую Лінаўскую сярэднюю школу (пэўна, у тым жа Пружанскім раёне, цяпер гэта — аграгарадок Лінава. — Рэд.) З 1960 па 1963 гады навучаўся ў Цюменьскім ваенна-інжынерным вучы­лішчы, закончыў яго з адзнакай. Служыў у Вен­грыі, Бела­ру­сі, Чэхаслава­кіі... Любіў спорт, займаў у інжы­нерных войс­ках пасады ад камандзіра ўзво­да да намесніка начальніка штаба часці. У 1981-м Уладзімір Іванавіч паступіў у Цалінаградскі інжынер­на-будаўнічы інстытут, закончыўшы які працаваў там выкладчыкам на ваеннай кафедры. У чэрвені 2013-га стаў палкоўнікам Міратворчых сіл. У яго было шмат творчых сустрэч са студэнтамі ды школьні­камі. У 2010 годзе, калі быў у Беларусі, у Гродзенскім дзяржуніверсітэце імя Янкі Купалы ў патрыятычным клубе “Радзіма” сустракаўся са студэнтамі, выкладчыкамі. Сярод іншых твораў афіцэр-паэт чытаў землякам і такія свае радкі: “До боли в сердце все знакомо:/ Березка, вишенка у дома,/ На крыше — аист, в луже — гуси…/ Цветут сады на Беларуси!”. І летась, у 2013-м, там жа была яшчэ адна творчая сустрэча. Уладзімір Пятроў актыўна супрацоўнічае са СМІ, мае нават пасведчанне карэспандэнта газеты “Аскер”, дзе часта публікуюцца яго творы. Ён піша ў Казахстане пра родную Беларусь, у вершах выказваючы ёй сваю любоў. Прысвяціў вершы і беларускаму Песняру Якубу Коласу. Працуе афіцэр-паэт на ніве вершаскладання плённа, шмат увагі надае самым значным падзеям у жыцці народаў, імкнецца апісаць іх паэтычнымі радкамі. Усхваляе тых, хто верны высокім ідэалам, нясе ў сэрцы любоў і дабрыню. А жыццялюбства ў гэтым чалавеку столькі, што падзараджае ім і тых, хто слухае яго вершы. З ім можна і пасмяяцца, і гаварыць пра вельмі сур’ёзныя рэчы. Можа, гэта таму, што Уладзімір Іванавіч — і чалавек ваеннай прафесіі, і паэт адначасова?

Алеся Гасько, г. Астана, Казахстан

Крыніца: Партал "СБ"

Новости из этой категории

0 Комментариев