Маруся вандруе па Беларусі. (П)Ружаны

Маруся вандруе па Беларусі. (П)Ружаны

Мяне клічуць Маруся ці проста Маша. Мне хутка будзе шэсьць гадоў, і я зьбіраюся ў школу, каб быць дарослай. Аднойчы мы з матуляй вырашылі, што нядрэнна б пазнаёміцца з гарадамі і вёскамі на радзіме. Радзіма — гэта ня толькі радзільня і горад, дзе ты нарадзіўся. Радзіма — гэта калі ў тваім жыцьці ёсьць месца, да якога вабіць зь любой іншай краіны сьвету, ці яшчэ нейкая кропка на мапе, дзе ты праводзіш значную частку жыцьця. А што пабачыла ў нашых падарожжах, я вам буду распавядаць.

 

Апошнім часам зрабілася мне, шчыра кажучы, вельмі сумна, падаецца таму, што споўнілася шэсьць, а сьвяткаваць зь сябрамі гэты дзень не атрымалася — улетку шмат хто куды едзе, дык вось і мае сябры на месцы не затрымліваюцца. Матуля выдумляла гульні, каб дадаць майму стану весялосьці ды бадзёрасьці, прапанавала скакаць у нейкія «гумкі» зь яе «савецкага» дзяцінства, але ж гэта нудная справа — увесь час скакаць з адной толькі мэтай — не зачапіцца. «Вось моладзь, вам бы толькі экшэн!» — кажа мама.

Вырашыла, буду займацца дарослаю справай і вывучаць гісторыю. Пажадана, каб у будучыні я стала ветэрынарам, але ж кожнаму ветэрынару (ці іншаму лекару) не перашкодзіць быць разумным і тлумачыць сваім пацыентам падчас агляду, адкуль нашыя хваробы паходзяць і як зь імі жылі ў іншых стагодзьдзях. Дзеля гэтага ж трэба ўвогуле ведаць, хто жыў у іншых стагодзьдзях!

Дык вось за такім, як кажа мама, «гістарычным экшэнам» паехалі мы пагуляць у (П)Ружаны. Назвы гэтых дзьвюх месцаў я блытаю ўвесь час, таму буду па магчымасьці казаць пра іх адным словам.

 

Калі ехаць з Палесься, Пружаны атрымаюцца першымі. Нічога незвычайнага ў гарадку падчас нашага праезду я не заўважыла: усё, як усюды, недзе помнік-танк, недзе — самалёт, прыватныя хаткі і крышку дамоў з кватэрамі. Але мы шукаем пружанскую сядзібу, якую мясцовыя людзі клічуць «палацык»: «Навошта вам гэтая карчма, вы лепш у аквапарк зазірніце, » — падказвае разьвясёлы дзядзька.

 

Гэты «палацык» пабудавалі сто пяцьдзясят гадоў таму. Праектаваў яго італьянскі архітэктар, а дагэтуль тут знаходзілася драўляная пабудова, якая спачатку належала аднаму графу. Граф гэты добра служыў імпэратарцы Кацярыне II, падавіў паўстанцаў Касьцюшкі (паўстанцы — людзі, якія з чымсьці нязгодныя і нешта хочуць зьмяніць у сваім жыцьці і жыцьці іншых людзей). Не разумею я гэтых «гістарычных» падарункаў.

 

Маруся вандруе па Беларусі. (П)Ружаны

Палацык сабе як палацык. Вакол яго добры парк, і яшчэ ёсьць невялічкі будынак, які служыў хаткаю для гасцей. Добрага памеру будынак, ня кожны дарослы чалавек такую хату мае ў сучасным жыцьці. Мы з мамай прачыталі, што сёньня гэтая хата — мастацкая школа.
Пачынаўся дожджык, і мы пайшлі ў машыну, каб рушыць далей, у Ружаны. Па дарозе затрымаліся на пляцоўцы для адпачынку. Тут добра рабіць пікнікі, зьбіраць ягады, а самае галоўнае — вялікі-прывялікі бусел. Калі будзеце глядзець фатаздымак, зьвярніце ўвагу: казачны бусел амаль роўны з соснамі!

Мой старэйшы стрыечны брат вельмі зьдзівіўся: дзе горад? Маці з бабуляй яму тлумачаць: «Горад вельмі маленькі, невялічкая плошча, касьцёл ды царква і прыватныя хаткі — гэта і ёсць горад.» Вось сталічнае дзіця, ня ведае, што гарады зусім маленечкія бываюць!
Мэта нашай вандроўкі, — кажа маці, — тое, што дзецям заўсёды падабаецца. А падабаюцца нам месцы, сярод якіх добра бегаць ды скакаць. Дык вось, які ён — замак без рэстаўрацыі! Уваходны будынак — сучасны, там цяпер музэй, але мы яго хуценька мінулі. Да нас адразу падышлі мясцовыя хлапчукі і падзяліліся, што яны могуць нам зрабіць экскурсію і расказаць пра замак. Больш аніякіх гідаў мы не заўважылі і пагадзіліся. «Трэба моладзі дапамагаць рабіць добрыя справы»
, — кажа мама.

 

Маруся вандруе па Беларусі. (П)Ружаны

Неверагодна, але гэтыя цагліны ды руіны зьявіліся вялікай каштоўнасьцю. Калісьці тут жыў палітычны дзяяч Леў Сапега, і было гэта так даўно, што нават ня хопіць мне ведаў, каб выказаць здагадку, якая з маіх прабабуляў зь ім магла сябраваць. Паводле адной зь легендаў, у Сапегі было дзьве дачкі — як я і мая сястра, — імёны якіх Ганна ды Ружа, таму і назва гораду — Ружаны. Хлопцы-гіды паказалі нам пакой, дзе раней быў кабінэт Сапегі і ён падпісваў там важныя «статуты». Падаецца, каб пра цябе ўспаміналі продкі, трэба падпісваць добрыя рэчы, ці будзе на небе сорамна.

 

Яшчэ мы заўважылі сярод старой цэглы сучасную. Гэтаму замку нанесьлі шкоду падчас Вялікай айчынай вайны, і вось толькі некалькі гадоў таму тут заняліся «рамонтам». Кажуць, што ў мінулым Сапегі жылі тут так добра, што Радзівілы нават зайздросьцілі іхнім балям (балі — гэткія сямейныя вечарынкі, куды прыходзіць шмат важных асобаў).

Выходзілі мы з нашых лябірынтаў і заўважылі невялікую старую хатку сапегаўскіх суседзяў. Калі прыяжджаеш, адразу нічога ня бачыш, акрамя замка, бо, як кажа маці, вока «замылілася». Падышла да нас бабуля і прапанавала хатнюю маліну па коштах немалых. «Яны ўсё замежнікаў чакаюць, бо ведаюць, што чужаземцы больш грошаў маюць ды больш шануюць гісторыю краіны, пра якую даведаюцца. Але ж і пра радзіму нашу ў шматлікіх краінах у добрым выпадку нешта чулі, а звычайна блытаюць нас з афрыканскай якой Зімбабвэ ці Бэльгіяй, бо на „Б“», — заўважыла матуля. Маліну мы не набывалі, вырашылі самі ў лесе ці ў нашай бабулькі пазьбіраць. Калі сам зьбіраеш з куста і адразу не ў вядзерца, а зьясі, дык удвая смачнейшая ягада падаецца!

 

=====================

Болей фатаздымкаў на Белсаце.

Новости из этой категории

2 Комментария

  • 28.07.2014
    10:28
    Андрей

    Вот это ребенок так писать в 6 лет

  • 29.07.2014
    05:16
    Александр

    Такой маркетинг уже начинает учить обману с раннего возраста.......